Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бешанковічы (фотагалерэя)


Ягор Маёрчык, Бешанковічы, Віцебшчына (эфір 16 чэрвеня) Новая перадача сэрыі "Палітычная геаграфія"

Вуліцаю насустрач мне ідуць Альберт Сяліцкі і Вольга Карнеловіч. І нічога дзіўнага ў гэтым не было б, каб не адна акалічнасьць.

(Карэспандэнт: ) "Гляджу ідуць двое старых і за рукі трымаюцца. Падумалася, што звычайна моладзь за рукі трымаецца".

(Карнеловіч: ) "Толькі чатыры годзіка, як мы сышліся. У мяне муж быў – памёр, і ў яго жонка памерла".



(Сяліцкі: ) "І мы паўторна ажаніліся".

(Карэспандэнт: ) "Можна сказаць, што вы амаль маладажоны..."

(Сяліцкі: ) "Так. Галоўнае, каб душа радавалася. Я дамок купіла там гародзік і садзік. І нам добра. Я прасіла, каб мне жытло выдзелілі, а мне не далі. У нас у райвыканкаме дужа чыноўнікі ніякія. "У цябе тры сыны, хай яны і купяць!" Гэта мне Сакоўскі сказаў. Я ад яго з сьлязьмі выходзіла. Дзесяць разоў хадзіла да яго на прыём. "Бабуля, зыходзь! Да мяня людзі прышлі!" А я для яго не чалавек! Гэты Сакоўскі такая шпілька, што о-го-го! "Бабуля, ты зноў прыйшла? У мяне народ, адстараніцеся!" Я зноў заплакала, а пасьля падумала: скульля я вам буду плакаць! Гарыце вы гарам!"

Раённы цэнтар Віцебшчыны стаіць на Дзьвіне. Як раз у гэтым месцы рака робіць круты паварот, яе плынь прысьпешваецца і ўражаньне, што яна падыходзіць пад самыя хаты. У рачным горадзе бракуе чыстай пітной вады. Тая, што ёсьць перанасычаная жалезам: на смак непрыемная і ня надта карысная для здароўя. Праблему вырашыць можна – трэба ўсяго толькі збудаваць станцыю абезжалезваньня.



Дамо словам прадстаўніку ўлады. Пры мікрафоне кіраўнік аддзелу ідэалягічнай працы з насельніцтвам райвыканкаму Генадзь Шведаў.

(Шведаў: ) "Некаторыя могуць і ня ведаць, але будзем казаць так: прыканцы гэтага году станцыя пачне працаваць. Ёсьць праект. І нават ўжо ўсталяваная ёмістасьць для перапрацоўкі вады. І да канца году станцыя абавязкова будзе! Яна будзе абслугоўваць усю водаправодную сыстэму мястэчка".

Вонкава горад папрыгажэў дзякуючы таму, што на вуліцах зьявіліся драўляныя скульптуры. А тутэйшая бібліятэка пераяжджае ў новы будынак. Асаблівы гонар мясцовай вэртыкалі – новая танцпляцоўка БРСМу. Будавалі талакой – скрыні для ахвяраваньняў стаялі нават у харчовых крамах. І цяпер у сьвяточныя і выходныя дні на пляцоўцы гудзе пагулянка.



У Бешанковічах распачынаецца яшчэ адна будоўля. Тутэйшая каталіцкая суполкі маецца ўзьвесьці касьцёл. Гэты факт стаў падставаю для сустрэчы з ксяндзом Ігнаціем.

(Ігнаці: ) "Нашая суполка зьявілася 5 год таму. На дадзены момант прыходзіць бліз 20-ці чалавек. Парафіняні ў мяне маладыя, ходзіць пераважна інтэлігенцыя. Касьцёл у Бешанковічах я называю рымска-жаноча-каталіцкім. На імшу ходзяць жанчыны, а мужчынаў нам трэба пашукаць".

(Карэспандэнт: ) "Сёньня набажэнствы адбываюцца ў звычайнай хаце, але вашая суполка маецца пабудаваць касьцёл".



(Ігнаці: ) "Ужо створаны праект і ёсьць дзяржакт на валоданьне зямлёй. У нас былі праблемы. Нашая братняя праваслаўная царква не згаджалася, каб тут быў касьцёл і ксёндз. Яны на гэта спрабавалі ўплываць. Але ўсё вырашылася. Праблема была больш папяровая. Мяне пасылалі ў розныя інстанцыі. Людзі думаюць, што я маю шмат часу, а часу ў мяне няма".

6 год таму ў ціхім гарадку зьявіўся сацыяльны прытулак, для дзяцей якія сталі сіратамі пры жывых бацьках. Тагачасны дырэктар Сяргей Клімаў:

(Клімаў: ) "На сёньня ў нас 17 дзетак. Тут часовы прытулак. Мы забіраем дзяцей з сем''яў. Прыводзім іх у нармалёвы выгляд. Апранаем, адкармліваем, зьбіраем на іх патрэбныя дакуманты і скіроўваем у спецшколы альбо дзіцячыя дамы".

Спадар Клімаў пайшоў на падвышэньне ў Віцебск. За час існаваньня прытулку ўстанове выдзелілі большае памяшканьне і павялічылі колькасьць супрацоўнікаў. Пэдагогі ня ведаюць, ці радавацца такому. З аднаго боку ім хочацца, каб сіратаў ў Бешанковічах не было, зь іншага – дагляд да дзецьмі – гэта іхная праца. А знайсьці што іншае ў маленькім гарадку вельмі цяжка.



Працягваем вандроўку па сьлядах першага выпуску "Палітычнай геаграфіі". У Бешанковічах знаходзіцца адзіная ў Беларусі фабрыка рымарскага рыштунку. 5 год таму спэцыялістка ў справе вырабу сёдлаў і лейцаў на пытаньне пра стан прадпрыемства адказала так:

(Спадарыня: ) "Мы паўсялякаму пажываем. Калі ёсьць замовы, то і нядрэнна. А калі не, бяз працы сядзім. Некаторыя шукаюць, дзе падрабіць. Шмат хто на рынку стаіць і гандлюе. А што яшчэ рабіць?"

У 2005-м я наведваю фабрыку. Самае моцнае ўражаньне – унутранае убраньне старожкі, што ля прахадной. На сьценах тут вісяць партрэты Леніна, Маркса і Энгельса, а побач зь імі каляровыя плякаты аголеных прыгажуняў.

Пра жыцьцё-быцьцё цікаўлюся ў працоўнага.

(Карэспандэнт: ) "За 5 год жыць стала лепей?"

(Спадар: ) "Можна сказаць, што засталося на тым самым узроўні".

(Карэспандэнт: ) "Коней у вёсках людзі сталі болей набываць. Значыць і ў вас мусіць быць уздым".

(Спадар: ) "Коней стала болей, а грошай у людзей стала меней".

(Карэспандэнт: ) "Колькі зараз у вам людзей працуе?"

Вымаві ў Бешанковічах слова "апазыцыя" і месьцічы прыгадаюць Валянціну Гракун. Гэтая спадарыня сталага веку ачольвала тутэйшую філію Таварыства беларускай мовы. Нядаўна міністэрства юстыцыі зьліквідавала суполку.



Апроч усяго іншага Валяньціна Гракун – выдавец і асноўны аўтар незарэгістраванай газэты "Кардон". Вось ейныя выказваньні ўзору 2001-га году.

(Гракун: ) "У нас у раёне вельмі мала выпісваюць незалежнай прэсы. "Народнай волі" болей за 50 экзэмпляраў не выпісваюць. А "Нашу ніву" толькі я выпісваю. Сваю газэту мы стварылі ў 99-м годзе. У першым нумары мы напісалі, што выстаўляем свой кардон у абарону ўсяго беларускага: мовы незалежнасьці і гісторыі. За апошні год жыцьцё ў Бешанковічах актывізавалася. Калі раней тут не было ніякіх грамадзкіх арганізацыяў і партыяў, то цяпер існуе даволі сталая суполка Таварыства беларускай мовы і сёлета стварылі 2 партыі: пярвічныя арганізацыі АГП і Народнай грамады. Апошнім часам людзі дабаўляюцца".

Як вы чулі. 5 год таму палітычнае жыцьцё ў Бешанковічах актывізавалася. І што далей? Сёньня на гэтае пытаньне адказвае ўсё тая ж Валяньціна Гракун.

(Гракун: ) "У людзей стала болей страху. Яны цяпер усяго баяцца: баяцца ня тое сказаць і нечым не дагадзіць. Нікому не давяраюць. Яны жыцьцём незадаволенныя, але дакладных лідэраў ня бачаць. Для бальшыні людзей уся апазыцыя ўвасабляецца з БНФам. Яны лічаць, што апазыцыя – гэта нешта аднароднае. Ведаюць, што апазыцыя ёсьць, але дзе яна, ніхто ня ведае".

(Карэспандэнт: ) "Кожная выбарчая кампанія – гэта мабілізацыя палітычна актыўных людзей. Ці шмат жыхароў Бешанковічаў пагодзяцца хадзіць ды зьбіраць подпісы, хадзіць агітаваць за адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў?"

(Гракун: ) "Мяркую, што пасьля 2001-га году жадаючых будзе няшмат, будзе вельмі складана. Шмат каго пазапалохвалі, таму я няўпэўненая, што знайду ахвочых удзельнічаць у гэтых выбарах".

(Карэспандэнт: ) "Вы выдаеце газэту "Кардон". Як выданьне пражыло гэтыя 5 гадоў?"

(Гракун: ) "Пахваліцца можна тым, што газэта "Кардон" мае толькі дату стварэньня, даты сьмерці пакуль яшчэ няма. Але выданьне ўжо кульгае. Тое, што падаецца вартым я перадрукоўваю зь іншых газэтаў. Я выпускаю выданьне да той пары, пакуль мне не ўказваюць, як і што рабіць. На старасьці год нават вёрстку навучылася сама рабіць".

Яшчэ адзін удзельнік мінулай "Палітычнай геаграфіі" – настаўнік і бард Георгі Станкевіч запомніўся наступным выказваньнем.

(Станкевіч: ) "Мы трымаем з жонкай 4 каровы. А што мы ад гэтага маем? Калі за месяц не пакінуць сабе літар малака, атрымаем 50 даляраў. Я запраўлю на іх бак бэнзыну і спалю за 3 дні. А цяпер трэба думаць што да выбараў. Трэба браць ровар і шураваць с пачатку ў адзін бок, а пасьля ў другі. Калі паедзеш на машыне, верыць табе ня будуць".

Спадар Георгі ўзгадвае, што мінулым разам яго прадставілі Генрыкам. Недакладнасьць прыйшлася да спадобы і ён падумвае, каб узяць гэтае імя творчым псэўданімам.



Жыцьцё барда мала памянялася: як і раней, піша песьні і выжывае з уласнага падворку. Адная толькі навіна – у вёсцы Старыя Ранцычы ён пачаў выдаваць уласную газэту "Крывінка". Але пра ўсё сваёй чарадою.

(Станкевіч: ) "Жыцьцё стала горшым. Атрымліваецца, што на дзень выходзіць булка чорнага і булка белага. А вельмі часта бывае выбар, што ўзяць: чорны ці белы?"

(Карэспандэнт: ) "Некалі вы апавядалі, што вашая сям''я выжывае з таго, што гадуеце кароваў і знаеце малако..."

(Станкевіч: ) "...а зараз у нас дадаўся яшчэ і конь. І я цяпер першы гаспадар на вёсцы! Але калі замежнікам распавядаю, што я сярпом жну пшаніцу, і ў рукі кашу траву, на мяне глядзяць як на ідыёта".

(Карэспандэнт: ) "Выбары ідуць. Людзі пра гэта ведаюць?"

(Станкевіч: ) "Ведаюць. І нават пераможцу ўжо ведаюць".

(Карэспандэнт: ) "Вашая газэта пачала выходзіць паміж мінулай "Палітычнай геаграфіяй" і гэтай --таксама своеасаблівы вынік".

(Станкевіч: ) "Газэта – гэта месца, дзе я магу выказаць усе свае думкі. Я спрабую падаць тыя самыя навіны, што і афіцыйная ўлада, толькі ў іншым ракурсе, бо надакучвае пераможная аднаколернасьць".

Інфармацыйны ўплыў газэтаў "Кардон" і "Крывінка" Генрык Станкевіч параўноўвае з кропляй, а афіцыйную прапаганду радыё, тэлевізіі ды газэтаў – з плыньню. Пры гэтым ён зазначае, што камень точыць менавіта кропля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG