Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню за чвэрць стагодзьдзя жанчын у Іране пусьцілі на футбол


Юры Дракахруст, Прага Учора ў Тэгеране сборная краіны выйграла матч з камандай Бахрэйну на Кубак Сьвету з лікам 1:0. Аднак вялікай падзеяй для Ірану стала ня толькі перамога футбалістаў. Упершыню з часоў ісламскай рэвалюцыі 1979-га году на трыбунах стадыёну зьявіліся жанчыны.

Каля ста жанчынаў у атачэньні 80 тысячаў мужчынаў глядзелі ўчора за гульнёй іранскай зборнай з Бахрэйнам. У Іране прысутнасьць жанчынаў на спартовых мужчынскіх спаборніцтвах лічыцца справай неісламскай, рэдкія выключэньні робяцца для замежных гасьцей і судьдзяў-жанчынаў. Але каб свае, іранкі сядзелі на трыбуне побач з мужчынамі? Такога не было 26 гадоў, з часоў перамогі ісламскай рэвалюцыі. А цяпер адбылося. Актывісткі руху за правы жанчынаў напярэдадні матчу заблякавалі ўваход на стадыён і сьпявалі песьні “Свабода – мае права, Іран – мая Радзіма” і “Колькі крокаў да свабоды”, сьпявалі да таго часу, пакуль іх не пусьцілі на матч.

Адной зь іх Аба-Галізадэ Махбабех паліцэйскія зламалі нагу, калі спрабавалі не пусьціць жанчынаў на футбол. Але яна гаворыць, што справа была таго вартая.

(Махбабех: ) "Калі гэта пашырыць правы жанчынаў, я мяркую, гэта невялікая ахвяра. Нагу мне зламалі, але спадзяюся , гэта прывядзе да зьмены закону. Гэта прыцягне ўвагу да жаночых правоў. За правы даводзіцца плаціць пэўную цану. Але я ня думаю, што гэта адбываецца інакш у іншых месцах сьвету, дзе людзі таксама вымушаныя змагацца за свае правы".

Актывістка руху за жаночыя правы гаворыць, што прысутнасьць іранак на стадыёне стала сымбалічнай перамогай у змаганьні супраць абмежаваньня правоў жанчынаў у Іране. Яна працягвае:

(Махбабех: ) "Мы дамагаемся ня толькі права ўваходу на стадыёны, хаця шмат дзяўчынаў шмат гадоў мараць атрымаць такое права. У нас больш шырокія патрабаваньні наконт роўных правоў мужчынаў і жанчынаў у грамадзкіх месцах. Сэгрэгацыя – гэта парушэньне правоў чалавека. Актывісткі руху за правы жанчынаў спрабуюць ажыцьцявіць свае правы ў розных месцах і стадыёны – адно зь іх".

Нягледзячы на суворыя ісламскія правілы, шмат заўзятараў успрынялі зьяўленьне побач зь імі на трыбунах заўзятарак зусім станоўча. Малады заўзятар Рэза гаворыць, што іх прысутнасьць можа нават палепшыць атмасфэру на стадыёнах.

(Рэза: ) "Гэта іх права, як і іншых. Я лічу , што гэта някепска. На стадыёнах у нас ня надта добрая атмасфэра, надта народ лаецца. Калі б там былі жанчыны, заўзятары ўсё ж паўстрымліваліся бы ад гэтага".

Калі ўчора Іран перамог Бахрэйн у матчы, увесь Тэгеран сьпяваў і танчыў. Больш таго некаторыя дзяўчыны здымалі падчас сьвяткаваньня галаўныя хусткі.

У прынцыпе гэта строга забаронена ісламскім законам, але паліцыя ня ўмешвалася. Назіральнікі мяркуюць, што зьмякчэньне строгай палітыкі адносна паводзінаў жанчын тлумачыцца пэрспэктывай прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбудуцца праз тыдзень.

Прэтэндэнты на пасаду кіраўніка дзяржавы спрабуюць рознымі спосабамі прыцягнуць на свой бок галасы выбарцаў. Адзін зь іх, кіраўнік спартовай фэдэрацыі запрасіў іх на футбольны матч, які адбыўся ўчора.

Назіральнікі аднак адзначаюць, што і матч, і сьвяткаваньне перамогі былі пазбаўленыя палітыкі. Агенцтва Ройтэрс працытавала словы адной маладой заўзятаркі, якая ўсё ж здолела прарвацца на стадыён “Каго цікавяць гэтыя выбары? Мы хочам на Кубак сьвету”.
XS
SM
MD
LG