Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чатыры вокі


Надзя Старавойтава, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Ня так даўно трапілася мне цытата з ваеннага ліста Якуба Коласа, у якім ён абураўся фактам пэрлюстрацыі, тым, як марудна ідуць лісты поштаю, наўмысна ганячы тых, хто іх затрымліваў. Адылі дзядзька Колас пісаў: “Каб я сустрэўся з табою з вока на вока, дык мы пагаварылі б пра гэта”. Моцна зьдзівіў тут гэты прыхадзень-чужаніца – з вока на вока. Нават нейкая несьвядомая абраза скаланула сэрца: і тут няма месца свайму! Свайму, такому соладка-пяшчотнаму, цяплюткаму, як сітаваты сырадой, часьцяком чутаму ад бабулі ў дзяцінстве: “Хадзі, мая ўнучачка, на чатыры вочкі!” То бок скажу табе сам-насам штось патаемнае.

Вось цікава й сталася, якім жа спосабам іншыя людзі свае таямніцы гавораць? Найпрыгажэй казалі колісь лаціняне: in camera caritatis – пад купалам павагі. Ангелец выкажацца па-свойму арыгінальна: between you and me and the door-post (паміж намі й вушаком). А вось француз, апрача добра вядомага tête-à-tête ці vis-à-vis скажа й так: entre quatre yeux (спасярод чатырох вачэй). Опсь! Вось Вашэцям і далёкая Францыя! Бліжэй Нямеччына – там таксама чуваць unter vier Augen (пад чатырма вачыма). Падобна прамовіць і чэх – mezi čtyřma očima, паляк – w cztery oczy, сэрб – у четири ока – дый ці мала яшчэ хто. Таксама й беларус: “Хадзі, мая ўнучачка, на чатыры вочкі!” Ці то мы адной хваляй зь імі дыхаем, ці то яны з намі. То й не істотна.

Цікава тое, што відочна ня дыхаюць той самай хваляй расейцы, якія толькі с глазу на глаз размаўляюць, чым і заразілі былі беларусаў (з вока на вока). І скуль толькі ўзяўся такі выраз?

Традыцыйна па-нашаму іначай: на чатыры вочкі ці на чатыры вокі. І калі яны ёсьць ды шырака бачаць, прыплюшчваць па адным – ня варта!

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG