Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура аднавіла крымінальную справу супраць намесьніка старшыні БХК


Любоў Лунёва, Менск Справу распачалі летась 23 лістапада, і спынілі ў лютым. Нагодаю стала інтэрвію праваабаронцы швэдзкаму тэлеканалу “TV-4”. Апроч таго, у Беларускага Хэльсінскага камітэту зноў пачаліся праблемы з падатковымі органамі.

Гары Паганяйла ў сваім інтэрвію распавёў пра сьмяротныя пакараньні ў Беларусі, а таксама закрануў тэму гучных справаў пра выкраданьні апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і магчымай датычнасьці да гэтага высокапастаўленных чыноўнікаў зь ягонага атачэньня. Пракуратура правяла праверку і спыніла крымінальную справу. Аргумэнты, якія былі выкладзеныя ў Пастанове, грунтаваліся на тым, што выказваньні Гары Паганяйлы не распаўсюджваліся ў сродках масавай інфармацыі, а, таму, згодна з крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, артыкул за паклёп ужываць нельга. На думку Гары Паганяйлы, адказ пракуратуры сьведчыць аб тым, што ён з аднаго боку нібыта вінаваты ў паклёпе, а з другога, невінаваты, бо справу спынілі. Паколькі такое становішча яго не задаволіла, ён падаў скаргу ў суд. Літаральна праз два дні праваабаронца даведаўся: пракуратура сама аднавіла крымінальную справу.

(Паганяйла:) “Я не выключаю, што прычынай аднаўленьня крымінальнай справы сталі мае звароты ў пракуратуру і ў суд з патрабаваньнем выключыць з Пастановы фармулёўкі, якія ставяць пад сумнеў маю невінаватасьць. Магчыма, гэта зьвязана з апошнімі тэндэнцыямі ў палітыцы дзяржавы і жаданьнем кагосьці найбольш актыўных – і грамадзкіх, і палітычных дзеячоў, і праваабаронцаў – трымаць на кароткім ланцужку, каб заўсёды мець магчымасьць ужываць бізун.”

Для сябраў БХК стала нечаканасьцю тое, што Вышэйшы гаспадарчы суд скарыстаў новы гаспадарча-працэсуальны кодэкс і аднавіў справу супраць арганізацыі, зьвязаную з памерамі падаткаў. БХК вымушаны быў скасаваць некаторыя свае філіі. Гары Паганяйла не выключае, што Вышэйшы гаспадарчы суд накіруе справу на новы разгляд, даўшы канкрэтныя ўказаньні, каб акт, які зрабіла падатковая інспэкцыя аб ужываньні штрафных санкцыяў супраць БХК, прызналі цалкам альбо часткова абгрунтаваным. Сумы штрафаў, якія вызначылі падатковыя органы для праваабарончай арганізацыі, паставяць пад пагрозу факт яе існаваньня.

Кіраўніцтва арганізацыі запэўнівае, што ў любым выпадку яны будуць дзейнічаць – аказваць юрыдычную дапамогу грамадзянам, рабіць маніторынгі парушэньня правоў чалавека, крытыкаваць улады з пункту гледжаньня парушэньня правоў чалавека. Гары Паганяйла лічыць, што ўлады самі не зацікаўленыя ліквідаваць фармальна арганізацыю, бо такім чынам яны пазбаўляюцца магчымасьці мець рычагі ціску на яе. На думку праваабаронцы, гэта толькі ўскладніць працу адпаведных службаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG