Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што пісалі беларускія газэты ў мінулыя гады 12 траўня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі “Беларуская крыніца”, 1935 год. Пра ўцёкі з СССР былога партыйнага функцыянэра Л.Мэнкэ:

“Л.Мэнкэ цяпер прабывае ў Вільні і расказвае аб бальшэвікох цікавыя для нас навіны. Між іншым даведываемся, што нядаўна ў Савецкай Беларусі бальшавікі выкрылі аж 360 беларускіх тайных ячэек нацыянальнай арганізацыі, якая імкнецца зваліць бальшавізм і стварыць незалежную Беларусь. Пры гэтым даведываемся, што беларусы боруцца з камуністамі і аружжам — страляюць бальшавіцкіх палітрукоў і падобных камуністычных прыганятых; страляюць спадцішка. І гэта не выпадковыя здарэньні, а пастаянныя, якія маюць безпрарыўную цягласьць”.

“Сталинская молодежь”, 1955 год. Выступ на адным са сходаў першага сакратара ЦК КПБ М.Патолічава:

“Высокапрабытковай культурай ва ўмовах Беларусі зьяўляюцца і каноплі. Пра гэта красамоўна сьведчыць прыклад калгасу імя БВА Любаньскага раёну. Яшчэ некалькі гадоў таму гэты калгас быў эканамічна слабы, але цяпер калгасьнікі тут атрымліваюць на працадзень 2,7 кіляграма хлеба, 3,5 кіляграма бульбы і да 10 рублёў грашыма. Летась калгас пасеяў каля 200 гектараў канопляў… увесь прыбытак склаў 7,3 мільёна рублёў — амаль столькі, сколькі атрымалі ўсе іншыя калгасы Любаньскага раёну разам. Высокія прыбыткі ад каноплеводзтва далі магчымасьць калгасу ўзяцца за буйное капітальнае будаўніцтва”.

“Советская Белоруссия”, 1995 год. Мастак Міхаіл Савіцкі напярэдадні рэфэрэндуму:

“Свае гербы мелі практычна ўсе беларускія гарады, многія роды, карацей, у нас назапашаны найбагацейшы матэрыял. Мы ж спыніліся на “Пагоні” — гербе Вялікага Княства Літоўскага, імпэрскай, ваяўнічай дзяржавы. Хто вырашыў, што мы яе простыя нашчадкі? Відаць, менавіта таму гэты сымбаль зрабіўся прадметам разладу, супрацьстаяньня, а мусіў аб’яднаць нацыю. Што да сьцягу, дык удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны ня могуць забыць, што ім карысталіся паліцэйскія і карнікі. Па гэтым пытаньні я галасую за зьмяненьне сымболікі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG