Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 траўня 1864 году на загад генэрал-губэрнатара Мураўёва ў Жалудку быў расстраляны вікары мясцовага касьцёлу Станіслаў Ішора.


Ул.інф. Што адбывалася ў Беларусі і сьвеце 12-га траўня

Сёньня адзначаецца Сусьветны дзень мэдычных сясьцёр. Ён усталяваны ў дзень нараджэньня ангельскай мэдсястры Флорэнс Найтынгейл, якая кіравала санітаркамі ў часе крымскай вайны ў сярэдзіне ХІХ ст., а пасьля стварыла сыстэму падрыхтоўкі малодшага мэдычнага пэрсаналу. Аказваецца, да яе такой звыклай для нас інстытуцыі як вайсковыя санітаркі не было. Паэт Генры Лангфэла прысьвяціў Найтынгейл паэму “Сьвятая Філямэна”.

12 траўня 1864 году на загад генэрал-губэрнатара Мураўёва ў Жалудку быў расстраляны вікары мясцовага касьцёлу Станіслаў Ішора. 24-гадоваму Ішору закідалася чытаньне ў касьцёле паўстанцкага маніфэсту і прывядзеньне да прысягі асобаў, які накіроўваліся ў партызанскія атрады. У Беларусі дагасала паўстаньне Каліноўскага і ўсіх падазроных каралі асабліва жорства – без суда і сьледзтва.

12 траўня 1921 году беларускі філёзаф Ігнат Канчэўскі ставіць кропку ў галоўнай працы свайго жыцьця – дасьледзінах беларускага сьветагляду “Адвечным Шляхам”, у якой найлепшым чынам акрэсьленае месца беларусаў сярод іншых народаў і на шляхах сусьветнай геапалітыкі. Гэтая праца неўзабаве зьявіцца асобнай кніжкай пад псэўданімам Ігнат Абдзіраловіч. А яшчэ менш чым праз два гады аўтар памрэ ад сухотаў у віленскім шпіталі.

12 траўня 1670 году прыйшоў па сьвет Аўгуст ІІ Моцны, адзін зь сярэднявечных кіраўнікоў Беларусі. Ён адзначыўся ў гісторыі як аўтарытарны кіраўнік, імкнуўся да абсалютнай улады і быў праціўнікам традыцыйнай у нашых краях шляхецкай “залатой вольнасьці”. Як піша гісторык Анатоль Грыцкевіч, з прычыны канфліктаў паміж Аўгустам і шляхтай ва ўнутраныя справы тагачаснае Беларусі пачала актыўна ўмешвацца Расея, што ўрэшце прывядзе да падзелаў фэдэратыўнай Рэчы Паспалітай і ліквідацыі Вялікага Княства Літоўскага. Цікава, што Моцным Аўгуст Другі быў празваны за выключную фізычную сілу і шматлікія любоўныя прыгоды.

А яшчэ 12 траўня ў 1842 годзе нарадзіўся францускі кампазытар Жуль Маснэ. Ягонае імя часта згадваецца ў мэмуарах беларускіх адраджэнцаў пачатку мінулага стагодзьдзя, бо менавіта музыку Маснэ гралі тады ў віленскіх кавярнях, дзе бывалі заўсёднікамі і Янка Купала, і Паўліна Мядзёлка і іншыя творцы з асяродку газэты "Наша Ніва".

12 траўня ў розныя гады пакідаюць гэты сьвет беларускі мастак 19 ст. Валенці Ваньковіч, які памёр і пахаваны ў Парыжы, і маршал Польшчы Юзаф Пілсудзкі, які, між іншым, быў родам зь Беларусі і да пачатку сваёй кар’еры публічнага палітыка называўся ў дакумэнтах не палякам, а беларусам.
XS
SM
MD
LG