Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайра Віке-Фрэйбэрга: “У выніку ігнараваньня рэкамэндацыяў АБСЭ Беларусь засталася ў самаізаляцыі”.


Юры Сьвірко, Рыга Сёньня з Латвіі пачынаецца эўрапейскае турнэ амэрыканскага прэзыдэнта Джорджа Буша. На прэсавай канфэрэнцыі напярэдадні візыту латыская прэзыдэнт Вайра Віке-Фрэйбэрга адказала на пытаньні пра сытуацыю ў Беларусі.

У 1994 годзе Латвію наведаў папярэдні прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан. А зараз - другі візыт амэрыканскага лідэра.

На прэсавай канфэрэнцыі я спытаўся ў спадарыні Віке-Фрэйбэргі, ці будуць у суботу чатыры прэзыдэнты - ЗША, Латвіі, Літвы і Эстоніі абмяркоўваць сытуацыю ў Беларусі і папрасіў кіраўніцу латыскае дзяржавы пракамэнтаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі ад 4-га траўня: "Нацысцкая ідэалёгія зноў падымае галаву ў некаторых краінах Эўрапейскага зьвязу, гэта праяўляецца ня толькі ў дзяржаўных ушанаваньнях фашыстоўскіх недабіткаў, але і ў адраджэньні палітыкі дыскрымінацыі паводле нацыянальнае прыкметы, калі ад 20 да 40 працэнтаў жыхароў суседніх краін, пераважна славяне, лічацца неграмадзянамі". Вось я і папрасіў пракамэнтаваць гэтае выказваньне прэзыдэнтку Латвіі. Вайра Віке-Фрэйбэрга пачала свой адказ са спадара Лукашэнкі.

(Вайра Віке-Фрэйбэрга: ) "Наконт прамоваў Лукашэнкі я мушу прызнацца, што не лічу яго маральным аўтарытэтам у гэтым пытаньні, гэтаксама як і ў любым іншым. Што да пазыцыі Злучаных Штатаў наконт Беларусі, дык яна добра вядомая. Як і пазыцыя Латвіі аднолькавая з Эўразьвязам. Мы асуджаем факт, што ў часе апошніх прэзыдэнцкіх выбараў ды ўвогуле выбараў Беларусь, на жаль, не была зацікаўленая прытрымлівацца вельмі простых рэкамэндацыяў АБСЭ, якіх было б дастаткова, каб абвясьціць гэтыя выбары легітымнымі".

Прэзыдэнт Латвіі дадала, што ў выніку ігнараваньня рэкамэндацыяў АБСЭ Беларусь апынулася ў самаізаляцыі, а адказваючы на яшчэ адно пытаньне, яна сказала, што не чакае абнародваньня амэрыканска-балтыйскай дэклярацыі ў справе Беларусі.

Сёньня ў Латвіі праходзіць канфэрэцыя "Дэмакратыя за межамі Балтыі", дзе прысутнічаюць прадстаўнікі беларускай апазыцыі і няўрадавых арганізацыяў. Я паразмаўляў з удзельнікамі канфэрэнцыі. Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў, а на канфэрэнцыі выступілі цяперашнія міністры замежных справаў трох краінаў Балтыі, дык яны ўсе адзначылі, што ў часе перамоваў з Бушам, кіраўнікі іхных дзяржаваў будуць закранаць беларускае пытаньне.

Таксама на канфэрэнцыі быў былы пасол ЗША ў Беларусі Дэніэл Спэкхард, які цяпер працуе ў брусэльскай штаб-кватэры НАТО. Былі іншыя вядомыя палітыкі.

Зь Беларусі былі Анатоль Лябедзька, старшыня АГП, прэзыдэнт БАЖ Жана Літвіна, намесьніца галоўнага рэдактара газэты "Народная Воля" Сьвятлана Калінкіна ды іншыя.

Адной з галоўных падзеяў стаў выступ Ірыны Красоўскай, жонкі зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Яна сказала, што ЗША і Эўразьвяз павінныя каардынаваць сваю палітыку ў дачыненьні да Беларусі: "Бюракратам як у Вашынгтоне, так і ў Брусэлі трэба пастаянна нагадваць, што найбольш рэпрэсіўныя пэрыяды ў сучаснай Беларусі супадалі па часе з тым, калі дыпляматы пачыналі марныя спробы для перамоваў і ўгодаў з Лукашэнкам". Яна заклікала размаўляць у адзін голас зь кіраўніцтвам Расеі, што нельга прынесьці ў ахвяру сувэрэнітэт Беларусі і стаць кампэнсацыяй для Масквы за правалы ў Грузіі, Украіне і Кіргізстане. І скончыла сваю прамову заклікам: "Беларусь не павінна застацца апошнім жыхаром у савецкім прытулку".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG