Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве лічаць, што Беларусь помсьціць Украіне за рэзалюцыю ААН


Юры Сьвірко, Кіеў МЗС Украіны заяўляе, што па-ранейшаму намагаецца вызваліць сваіх грамадзянаў з-пад варты ў Менску, аднак зазначае падвойныя стандарты Беларусі ў дачыненьні да Ўкраіны й Расеі – калі затрыманых падчас “Чарнобыльскага шляху” расейцаў ужо адпусьцілі, дык асуджаных разам зь імі ўкраінцаў яшчэ трымаюць за кратамі.

Афіцыйны Кіеў заяўляе, што яшчэ раз пераканаўся ў асаблівасьцях беларускае сыстэмы правасудзьдзя. Міністар замежных справаў Барс Тарасюк, які ў нядзелю вярнуўся з Паўднёвай Амэрыкі, пацьвердзіў, што справа затрыманых у Менску ўкраінцаў знаходзіцца на ягоным асабістым кантролі, аднак сказаў, што Беларусь па-рознаму ставіцца да Ўкраіны й да Расеі – паводле спадара Тарасюка, Менск больш увагі зьвяртае на стасункі з Расейскай Фэдэрацыяй.

Адказваючы на пытаньне, чаму расейскіх грамадзян ужо выпусьцілі зь беларускай турмы, а ўкраінцы там яшчэ сядзяць, міністар Тарасюк заявіў:

(Тарасюк: ) “Паводле працягласьці намаганьняў, якія ўжывалі Міністэрства замежных справаў і наша амбасада ў Беларусі, відавочна: даўно б ужо павінны былі вызваліць нашых грамадзян. Але тут, відавочна, выяўляецца яшчэ й асаблівая пазыцыя беларускага кіраўніцтва наконт Украіны – відавочна, у сьвятле таго, што нядаўна Ўкраіна ў камісіі ААН па правах чалавека прагаласавала за рэзалюцыю, якая зьвяртае ўвагу на невыкананьне беларускаю ўладай сваіх забавязаньняў у галіне правоў чалавека”.

Спадар Тарасюк прыляцеў з Чылі, дзе напярэдадні зьвярнуў увагу паседжаньня арганізацыі “Супольнасьць дэмакратыяў” на сытуацыю ў Беларусі, і ў тым ліку на арышт грамадзянаў Украіны й Расеі. Як паведаміла прэсавая служба МЗС Украіны, на паседжаньні ў Чылі “міністры выказалі салідарнасьць з удзельнікамі мірнай дэманстрацыі, зьвярнуўшы ўвагу беларускіх уладаў на міжнародныя забавязаньні гэтай краіны як сябра ААН і АБСЭ, ды заклікалі іх неадкладна вызваліць затрыманых”.

Варта дадаць, што навіны зь Менску застаюцца галоўнай тэмай для ўкраінскіх тэлеканалаў і радыёстанцыяў, якія камэнтуюць іх як падвойныя стандарты беларускай сыстэмы правасудзьдзя.

Тым часам працягваецца пікетаваньне беларускай амбасады ў Кіеве моладзевай арганізацыяй “Нацыянальны альянс”, сябры якой сядзяць у беларускім ізалятары, з удзелам іншых грамадзкіх структураў. Яны абяцаюць ужо ў аўторак цалкам блякаваць працу амбасады Беларусі ў Кіеве, калі арыштаваных украінцаў ня выпусьцяць у Менску.

Беларускі ж амбасадар Валянцін Вялічка запрасіў прадстаўнікоў СМІ якраз у гэтае памяшканьне на вуліцы Міхайла Кацюбінскага апоўдні 3 траўня на сваю прэсавую канфэрэнцыю. Тэма – затрыманьне ўкраінскіх грамадзянаў на тэрыторыі Беларусі. Гэта будзе першы афіцыйны камэнтар беларускай амбасады ў Кіеве за той тыдзень, які прайшоў з моманту іх затрыманьня 26 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG