Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас Айчыннай вайны ў народнай творчасьці гучалі ня толькі бадзёрыя заклікі да барацьбы. Выжываць і змагацца дапамагалі й сьмех, і сьлёзы. Якія песьні сьпявалі, што й як расказвалі людзі пра вайну?


Галіна Жарко, Менск Школьнікі вучаць савецкія песьні ваеннага ліхалецьця, а ў падручніках напісана, што героіка вайны абуджала дух творчасьці. Музы не маўчалі, калі грымелі гарматы. Праўда, гарматы грымелі дзесьці пад Масквою, а Беларусь была партызанскім краем.

(Ліцьвінка:) “Напачатку вайны грымнула: “Вставай, страна огромная!”, але гэта грымнула на афіцыйным узроўні. А для народа ня грымнула. Народ працягваў: “Ой, рэчанька, рэчанька, чаму ж ты ня поўная...”

Расказвае фальклярыст Васіль Ліцьвінка.

(Ліцьвінка:) “Вось я вам партызанскую калыханку пасьпяваю Сьпі, сыночак, люлі-люлі Загулі усюды кулі. Сьпі, сыночак, засынай І вялікі вырастай. Бач, сыночак, родны край Гітлер хоча ў нас забраць... Гэта партызанскі фальклёр”.

У фальклёры, створаным пераважна жанчынамі, шмат калыханак, галашэньняў... У час вайны сьпявалі калыханкі-плачы. Васіль Ліцьвінка згадаў “Рэчаньку”, бо тут характар беларускага народу. У вайну лірыка супрацьстаяла гвалту... Супакойвала сэрца.

Яшчэ Адам Міцкевіч казаў, што ў беларускіх песьнях і казках ёсьць усё. І Айчынная вайна знайшлася ў народнай творчасьці...

(Ліцьвінка:) “Неба ўсё пакрылі хмары, Падымаецца туман. Сабіраюцца атрады Беларускіх партызан”.

Народ заўсёды даваў сваю інтэрпрэтацыю рэчаіснасьці. Фальклярысты занатавалі, напрыклад, шмат апавяданьняў пра Канстанціна Заслонава. Ёсьць сярод іх і фантастычныя - сьцьвярджалася, што рэальны герой меў здольнасьці ператварацца ў іншую істоту.

Існавала безьліч варыянтаў ліста беларускіх партызанаў Гітлеру. На ўзор таго, што пісалі казакі турэцкаму султану.

А вось расповед пісьменьніка Ўладзімера Ліпскага.

“Калі немцы прыехалі ў Аўцюкі -- знакамітае цяпер на манер Габрава сяло, дык са зьдзіўленьнем пабачылі пустыя хаты й нейкія сьляды ў елачку -- яны вялі да лесу. Што за тэхніка праехала проста ў балота? А тое былі сьляды аўцюкоўцаў у лапцях”.

Апавяданьні перадаюцца з вуснаў у вусны й дагэтуль.

(Спадар:) “Мне расказвалі, што йі на гулянкі й на вясельлі запрашалі немцаў. Такі выпадак быў... Партызаны хацелі праверыць аднаго чалавека, і яму далі заданьне – адабраць у немцаў паясы. І ён што зрабіў?.. Убягае ў хату, дзе гулянка --за сталом сядзяць два немцы -- з гранатай у руках. Аддавайце паясы, бо я вас узарву! Яны струсілі, рукі ўверх... Ну й гэтых немцаў начальства – ага! вы без паясоў прыйшлі, якія вы ваякі -- павялі ў канец вёскі й расстралялі”.

У кнізе “Я з вогненнай вёскі” Брыль, Калесьнік і Адамовіч сабралі ўспаміны, сярод якіх шмат сапраўдных мастацкіх твораў. Народ заўсёды быў імправізатарам. Сёньня раскажа так, а заўтра інакш, бо хочацца прыгажэй расказаць...

Успамінае бабуля з колішняе партызанскае рэспублікі – Рудабельскага краю.

(Бабуля) “За сям’ю, за дзеці ды ў лес уцяклі... У атрадзе партызанскім увесь час і былі. Не было чаго есьці, галодныя. У вёску хадзілі, каб хто даў што прапітацца. Бульбы дастанем, дык натаркуем на тарачку, з вадой закіпяцім... Той таркаванкаю з лушпіньнем пахарчуемся раз на дзень. Так і жылі. Есьці хочам, дык сьпяваем. Каб не хацелася есьці”.

(Ліцьвінка:) “Пінская партызанская. Каля лесу ля ракі Па палях гарыстых Шлі да нашага сяла Ворагі-фашысты. На які матыў яна сьпявалася?... Пасею гурочкі Нізка над вадою... Сама буду паліваць Дробнаю сьлязою. Людзі жылі паасобку. А тут... Ну як можна ў партызанскім атрадзе не сьпяваць? Што сьпявалі ў час вайны? У першую чаргу любоўныя песьні сьпявалі. Чым больш жорсткае жыцьцё, тым больш чалавек цягнецца да лірыкі. Беларус па натуры лірычны чалавек. Замілаваны да сваёй прыроды, да сваёй жонкі, да сваіх дзетак, да сваёй хаткі, да свайго балотца, кароўкі... Замілавана-шчыры”.

Сатырычнае выданьне “Раздавім фашысцкую гадзіну”, якую распаўсюджвалі па акупаванай Беларусі, рабілі ў сталіцы савецкае дзяржавы. Паводле літаратуразнаўцаў, “акопны” фальклёр прыдумляўся ў гатэлі “Масква”.

І савецкі фальклёр быў выдуманы. Прыгадаць казку пра Леніна... Але навукоўцы пагадзіліся на тым, што вульгарнаму сацыялягізму 30-х у час Айчыннай вайны была супрацьпастаўленая шчырасьць, арыентацыя на сваё, роднае.

Партызаны, партызаны, Беларускія сыны. За няволю, за кайданы Рэжце гітлерцаў паганых...

Зварот Купалы да беларускіх партызан стаў песьняю.

Самі ж партызаны адрадзілі традыцыю казацкіх песьняў. Казак -- вольны чалавек. Меў зброю, каня. А труба пакліча – павінны выступіць у паход.

(Ліцьвінка:) “Ой ты сад, ты мой сад, сад зялёненькі. Не парою, мой сад, расьцьвітаесься Не парою, мой сад, расьцьвітаесься А куды ж ты, мой сын, сабірасься? А ні ў ход, ні ў паход, у дарожаньку. Паначуй, мой сынок, ты хоць ночаньку... Аналёгія. Ой, вецёр віе, ды павейвае. Ой, ды маці сына угаворвае. Ой, не едзь ты мой сын ды на войнаньку, Бо знайдэш сабе (на пінскім дыялекце) там магіланьку... -- “Гэта казацкая?” (Ліцьвінка:) “Казацкая, так. Тут таксама матыў вайны. Але паглядзіце, што далей з гэтай вайной. А сын матары дый не послухаўся... Ужо трагедыя яму ўгатаваная. Не паслухаць маці – сьвятатацтва. На вайну паехаў. Загінуў, канешне. Фантастычны канец у гэтай песьні. Ой ляці ж ты, мой конь, (гэта ўжо ён мёртвы сьпявае) да мамкі радной. Не кажы ж, мой конь, што убіт ляжу. А кажы ж, мой конь, што жанаты хаджу. Ажаніла мяне шабля вострая. А музыкі былі – дубы шумелі. А жонкай стала маць сыра-зямля. Гэта й ёсьць звышгуманістычнае пераасэнсаваньне ўсёй ваеннай катавасіі. Сюжэт стары, клясычны. Філязофскі. Менавіта казацкая песьня. А ў песьні “Не парою мой сад расьцьвітаесься”-- Трэба йсьці ваяваць, урага выганяць Рэалістычная тэма канкрэтнай вайны. Там гуманізм антываенны. А тут вульгарыстычна дадалі Увесь савецкі нард за айчыну-маць Ідзі ў паход немчуру выганяць. І назва ж! “За савецкі народ” песьня называлася. Не за беларускі, а за савецкі”.

Пад такой назваю ў 1988 песьня зьмешчана ў зборніку партызанскіх песьняў. Ёсьць навуковыя дасьледаваньні на тэму фальклёру пэрыяду Айчыннае вайны. Але й ня ўпамінаюцца пераробкі вядомых савецкіх песьняў. Вэтэраны ж прыгадваюць: “На позицию девушка… А с позиции – мать”. Гэта ў лепшым выпадку. Бо ёсьць варыянт паводле сугучча словаў “маць” і жанчына непрыстойных паводзінаў. Неўласьцівую для фальклёрных досьледаў цнатлівасьць літаратуразнаўцы тлумачаць тым, што тэма Айчыннае вайны застаецца недатыкальнай.

(Ліцьвінка:) “Вой, “Кацюшу” беларусы перарабілі!.. Варыянтаў 50 захавалася”.

Ужо пасьля перамогі Алоўнікаў з Русаком напісалі “Ой бярозы ды сосны”. Нічога лепшага пра Айчынную вайну ніхто ніколі не створыць, лічыць фальклярыст Васіль Ліцьвінка.

У 90-х “Ой, бярозы ды сосны” засьпяваў гурт NRM. І ўвогуле нечакана зьвярнуўся да партызанскае тэмы.

(Паўлаў:) “Самая папулярная песьня NRM “Партызанская”. Менвіта зь ёю маладыя людзі хадзілі на апазыцыйныя мітынгі. Яна зьяўляецца гімнам NRM. Спачатку было крыху насьцярожанае стаўленьне. Чаму партызаны? І г.д. Але гэта не пра тых партызанаў, якія былі калісьці, а пра сучасных. Яна стала песьняй года 96”.

Партызанская тэма, паводле гітарыста гурта Піта Паўлава, чырвонаю ніткаю праходзіць праз творчасьць NRM. Партызанка, відаць, у крыві беларусаў, калі й сучасная моладзь знаходзіць свой сэнс у партызанскіх песьнях.
XS
SM
MD
LG