Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадзяваньні гарадзенскіх вернікаў з нагоды абраньня новага папы


Сяргей Астраўцоў, Горадня Увечары 19 красавіка званы гарадзенскага Катэдральнага касьцёлу званілі з нагоды абраньня ў Ватыкане новага папы рымскага.

Званы ў Катэдральным касьцёле пачалі біць празь 10 хвілінаў пасьля абвяшчэньня імя новага Папы. Я быў ужо ля касьцёлу, калі высока ў небе раптам пачулася біцьцё званоў. Праўда, брама касьцельная была замкнута. Штодзённая імша сканчаецца раней за нядзельную. Гэта была апошняя імша на 19 гадзінаў, яна адбываецца на польскай мове, без дваццаці восем яна скончылася, і вернікі разышліся. Але яшчэ былі дзьве маладыя верніцы, да якіх я зьвярнуўся з пытаньнем наконт навіны пра новага папу.

(Маладая спадарыня: ) “У касьцёле сказалі толькі, што выбралі, але яшчэ не сказалі, каго. А цяпер прыслалі мне СМС і сказалі”.

(Дзяўчына: ) “Я ведаю, толькі што даведалася: гэта – Ёзэф Рацынгер. Такое ёсьць трошкі хваляваньне, ад новага заўсёды была такая трошку трывога, такая невядомасьць. Я вельмі спадзяюся, што новы папа – ён сапраўды адзначаны Панам Богам, і таму склалася так, як Пан Бог гэтага пажадаў, гэтага захацеў. Я вельмі веру, што новы папа абярэ правільны рух разьвіцьця каталіцкага касьцёлу. Нейкія зьмены ўсё роўна будуць, я думаю”.

Ксяндзы мне сказалі, што ня могуць даваць інтэрвію без дазволу біскупа. Але мне ўдалося даведацца наступнае: гарадзенскія сьвятары гаварылі паміж сабой, што хутчэй за ўсё будзе абраны Рацынгер альбо міланскі мітрапаліт. Паводле касьцельных законаў, пасьля 75 гадоў кожны ксёндз ці біскуп свайму кіраўніцтву падае паперу з просьбай адправіць яго на пэнсію, і робіць гэта штогод. Рацынгер складаў такую паперу тройчы. Але гэта фармальнасьць, кожны павінен так рабіць.

Сьвятар паведаміў, што званы з нагоды абраньня папы ў гарадзенскай Катэдры будуць званіць паўгадзіны, а пазьней паўгадзінным звонам будзе адзначана падзея адпраўленьня новым папам першай імшы ў Ватыкане. Гэтак у сваім камунікаце вызначыў гарадзенскі біскуп Аляксандар Кашкевіч. У Катэдры будуць таксама адпраўляцца набажэнствы падзякі Богу за новаабранага папу і сьпявацца гімн “Цябе, Бога, усхваляем!”

Беларускі кардынал Казімір Сьвёнтак таксама быў у Ватыкане, маліўся за абраньне новага папы, але ня ўдзельнічаў у ім, бо яму больш за 80 гадоў. Таму ён не знаходзіўся ў Сыкстынскай капэле, дзе былі кардыналы, якія маюць права голасу, а таксама абслуга і лекары.

Вось меркаваньні яшчэ дзьвюх парафіянак гарадзенскага Катэдральнага касьцёлу:

(Спадарыня: ) “Адчуваю вельмі вялікае ўзрушэньне, таму што смутак і пачуцьцё таго, што ў нас няма папы, прыгняталі. Цяпер вельмі добрая навіна. Думаю, што будзе працягвацца палітыка такога кансэрватыўнага касьцёлу, гэта добра. Ну, чакаюцца, канешне, пэўныя рэформы ў касьцёле, якія мусяць адбыцца, таму што прыйшоў новы папа. І мы ўсе з узрушэньнем чакаем ягоных першых дзеяньняў, візытаў і спадзяемся, што ён не забудзецца на Беларусь”.

(Дзяўчына: ) “Я лічу: паколькі папа быў палякам, гэта ў вялікай ступені вызначыла сытуацыю з касьцёлам у Беларусі, і мяне не заўсёды яна задавальняла. Таму што, напрыклад, у Гродне большасьць касьцёлаў працуе на польскай мове. Нават такі выпадак: калі ў нас Вербная нядзеля, заўсёды правіцца імша ў Фарным касьцёле на польскай мове для моладзі, а для беларусаў заўсёды імша ў маленькім Брыгіцкім касьцёле, дзе вельмі мала месца. Калі Папа будзе немцам, то, я думаю, гэта ў вялікай ступені вызначыць шмат што адносна Беларусі, што будзе больш беларускай мовы ў касьцёле”.
XS
SM
MD
LG