Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз палякаў Беларусі мае новага кіраўніка


Сяргей Астраўцоў, Горадня Новым старшынём Саюзу палякаў Беларусі стала Анжаліка Борыс, якая ўзначальвае ў Саюзе аддзел адукацыі. Паседжаньне першага дня двухдзённага 6-га зьезду грамадзкага аб’яднаньня “Саюз палякаў на Беларусі” закончылася ўначы з суботу на нядзелю. Шляхам патаемнага галасаваньня Анжаліка Борыс набрала 165 галасоў. За Тадэвуша Кручкоўскага, які кіраваў Саюзам дагэтуль, прагаласавалі 116 дэлегатаў зьезду.

У суботу 12 сакавіка паседжаньне зьезду адбывалася ў скандальнай атмасфэры, зьвязанай з асобай Тадэвуша Кручкоўскага. Ягоныя апанэнты гаварылі, што ён ня мае маральнага права надалей узначальваць СПБ. Дарэчы, Кручкоўскі карыстаўся падтрымкай ўладаў.

Кандыдатуру Анжалікі Борыс прапанаваў намесьнік старшыні Саюзу палякаў Юзаф Пажэцкі, якога пасадзілі на 10 сутак нібыта за тое, што ён даў поўху Тадэвушу Кручкоўскаму. За кратамі Пажэцкі апынуўся напярэдадні зьезду. Некаторыя сябры СПБ лічаць, што гэта было зроблена адмыслова, каб ён ня мог удзельнічаць у пасяджэньні. Аднак ён напісаў ліст да дэлегатаў зьезду, які зачытала ягоная жонка Ганна Пажэцкая.

Некаторыя з прысутных на зьезьдзе Саюзу палякаў зазначаюць, што вынікі змаганьня за кіраўніцтва ў арганізацыі нагадалі ім сваім духам і атмасфэрай “аранжавую рэвалюцыю”. Паседжаньні зьезду адбываліся ў польскамоўнай школе ў Горадні. На зьезьдзе прысутнічалі 286 дэлегатаў з розных мясьцінаў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG