Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Прадпрымальнікі патрабуюць ад праваахоўных органаў спыніць перасьлед актывістаў прадпрымальніцкага руху

Прадпрымальнікі патрабуюць ад праваахоўных органаў спыніць перасьлед актывістаў прадпрымальніцкага руху


Міхал Стэльмак, Менск Беларускія прадпрымальнікі, якія бяруць удзел у агульнанацыянальным страйку, лічаць крымінальную справу лідэра грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанкі сфальшаванай і патрабуюць ягонага неадкладнага вызваленьня. Нагадаем, удзельнікі акцыі пратэсту, распачатай 1 сакавіка, дамагаюцца адмены падатку на дабаўленую вартасьць.

Абвінавачаньне старшыні “Пэрспэктывы” ў крымінальным злачынстве было сёньня разгледжана актывістамі гэтага грамадзкага аб’яднаньня. Як паведаміў намесьнік старшыні “Пэрспэктывы” Аляксандар Лапотка, паплечнікі лідэра прадпрымальнікаў лічаць здарэньне з Шумчанкам правакацыяй:

(Лапотка: ) “Рэакцыя адназначная – поўнае абурэньне. Гэта ўсё “падстава”. Мы ведаем, што Анатоль і пальцам ніводнага чалавека не пакрыўдзіў фізычна. Усе ўжо даведаліся пра гэта. Прадпрымальнікі краіны абураюцца. Людзі будуць рыхтаваць супраць гэтага акцыі пратэсту”.

Сплянаванай акцыяй з палітычным падтэкстам лічыць абвінавачаньне старшыні “Пэрспэктывы” лідэр лепельскіх прадпрымальнікаў Алег Тычына:

(Тычына: ) “Маё меркаваньне, што Шумчанку трымаюць не таму, што ён зьбіў сукамерніка. Гэта сыгнал тым лідэрам, якія паспрабуюць вывесьці сваіх людзей 25 сакавіка а 15-й гадзіне на Кастрычніцкую плошчу. І ў першую чаргу гэта тычыцца Андрэя Клімава”.

12 сакавіка ў Барысаве адбыўся шматсоценны агульнагарадзкі сход прадпрымальнікаў, якія былі паінфармаваныя пра сытуацыю з Анатолем Шумчанкам. Вось што паведаміў на гэты конт лідэр мясцовай суполкі “Пэрспэктывы” Віктар Гарбачоў:

(Гарбачоў: ) “Людзі ў шоку, і пасьля таго, што адбылося, сказалі, што нам нельга пакідаць у бядзе сваіх лідэраў. Трэба працягваць змагацца. Людзі яшчэ раз пераканаліся, што дзяржава і ўлады хлусяць. Вядуць падпольнае, тайнае змаганьне па развале ўсіх арганізацыяў і па зьнішчэньні лідэраў”.

Паводле Гарбачова, сёньня ж барысаўскія прадпрымальнікі зьвярнуліся да прадстаўнікоў праваахоўных органаў з патрабаваньнем спыніць перасьлед актывістаў прадпрымальніцкага руху, прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў. Сход бізнэсоўцаў гэтага горада таксама прыняў рашэньне пра працяг страйку, які доўжыцца ўжо 12 дзён.

Сёньня ж працягвалі агульнанацыянальную акцыю пратэсту і прадпрымальнікі шмат якіх іншых рэгіёнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG