Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 лютага 1768 году была створаная Барская канфэдэрацыя


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 27 і 28 лютага

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

27 лютага 1612 году пачала працу друкарня ў Любчы пад Наваградкам. Усяго яна выпусьціла больш за 80 кніжак па-лацінску і па-польску. Галоўным чынам гэта былі выданьні сьвецкага зьместу: антычныя і гістарычныя творы, практычныя дапаможнікі ў мэдыцыне, вэтэрынарыі і школьнай справе, літаратурныя творы.

27 лютага 1903 году нарадзіўся беларускі паэт Міхась Явар. Сапраўднае ягонае прозьвішча было Карась, а прыйшоў ён на сьвет у Мінявічах на Мастоўшчыне. Явар – з тых творцаў, якіх называюць заходнебеларускімі паэтамі, гэта значыць, што жыў і працаваў ён у міжваенны час на тэрыторыі Беларусі пад польскай акупацыяй. Друкаваўся ў віленскіх выданьнях – “Беларускай газэце” і часопісе “Шлях моладзі”. У даведніках ягоная біяграфія сканчаецца словамі: даведзены да адчаю, Явар скончыў жыцьцё самагубствам. І адбылося гэта ў 1933 годзе.

27 лютага 1906 нарадзілася Рыта Млодак, беларуская опэрная сьпявачка, народная артыстка Беларусі.

Таксама 27 лютага ў розныя гады прыйшлі на сьвет амэрыканскія пісьменьнікі Генры Лангфэла і Джон Стэйнбэк, які стаў ляўрэатам Нобэлеўскае прэміі, ангельскі празаік Лоўрэнс Дарэл і слынная амэрыканская артыстка Элізабэт Тэйлар.

Цяпер – пра гістарычныя даты сёньняшняга дня.

28 лютага ў 1468 году ў сярэднявечнай беларускай дзяржаве – Вялікім Княстве Літоўскім прымаецца першы крымінальны кодэкс, так званы Судзебнік, які яшчэ называюць Статутам Казіміра. Напісаны ён быў на старабеларускай мове і спарадкаваў усе віды злачынстваў і пакараньняў.

28 лютага 1768 году была створаная Барская канфэдэрацыя – гэта акурат у тыя часы, калі аслаблае Вялікае Княства Літоўскае часткамі пачынала захопліваць Расейская імпэрыя. Барская канфэдэрацыя ўяўляла сабою аб’яднаньне шляхты, дзеячоў царквы і кіраўніцтва дзяржавы для барацьбы супраць уплыву Расеі на каралеўскі ўрад, а таксама дзеля захаваньня шляхецкіх вольнасьцяў. Заснаваны гэты зьвяз быў у горадзе Бар на Падоліі. Выступы канфэдэратаў, якім дапамагалі Турцыя, Францыя і Аўстрыя, прывялі да міжусобных войнаў. Войскам канфэдэратаў камандаваў Міхал Агінскі. Праз чатыры гады гэтае войска будзе разьбітае расейскай арміяй на чале з Аляксандрам Суворавым у бітве пад Сталавічамі каля Баранавічаў.

28 лютага 1886 году нарадзіўся Макс Фасмэр, нямецкі мовазнаўца, стваральнік найлепшага этымалягічнага слоўніка расейскае мовы.

А яшчэ 28 лютага ў 1942 годзе пакінуў гэты сьвет беларускі гісторык Канстанцін Кернажыцкі, які вывучаў эканамічную гісторыю краіны. Кернажыцкі памёр у сталінскім ГУЛАГу.
XS
SM
MD
LG