Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
“Заява расейскага МЗС шакуе, бо нагадвае тое, што казала Кацярына ІІ, пазбаўляючы Польшчу незалежнасьці”

“Заява расейскага МЗС шакуе, бо нагадвае тое, што казала Кацярына ІІ, пазбаўляючы Польшчу незалежнасьці”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Гэтымі днямі мінула 60-я гадавіна падпісаньня пагадненьняў у Ялце. МЗС Расеі зрабіў афіцыйную заяву, у якой ганіць палякаў і іншыя народы за “спробы перапісаць гісторыю ІІ сусьветнай вайны” і паказаць, што вынікі ялцінскай канфэрэнцыі былі для Польшчы некарысныя. У Польшчы кажуць, што гэтая заява зробленая ў стылі “Сталіна і Кацярыны ІІ, якая таксама казала, што нясе свабоду”, ды заклікаюць прэзыдэнта Квасьнеўскага ня ехаць у Маскву на сьвяткаваньне 60-х угодкаў перамогі.

Паводле расейскіх дыпляматаў, менавіта ў Ялце саюзьнікі пацьвердзілі жаданьне зрабіць Польшчу свабоднай, незалежнай і дэмакратычнай дзяржавай, а таксама перадаць Польшчы дадатковыя тэрыторыі на захадзе і поўначы, замест страчаных на ўсходзе, гарантам чаго быў Савецкі Саюз, які падпісаў адпаведныя пагадненьні зь Нямеччынай.

Між тым у Польшчы, канфэрэнцыя ў Ялце сталася сымбалем здрады саюзьнікаў, якія бяз згоды саміх палякаў на 45 гадоў аддалі Польшчу і іншыя краіны ўсходняй і цэнтральнай Эўропы пад кантроль камуністаў – гэтыя гады асацыююцца ў большасьці палякаў з фальсыфікаванымі выбарамі, тэрорам і перасьледам, а не са свабодай і дэмакратыяй.

(Вечаркевіч: ) “Заява расейскага МЗС шакуе, бо нагадвае тое, што казала Кацярына ІІ, пазбаўляючы Польшчу незалежнасьці – гэта былі дакладна такія ж словы – яна таксама несла свабоду палякам”.

Заява расейскіх дыпляматаў выклікала пратэсты як ў польскіх посткамуністаў, так і ў лібэралаў.

(Налэнч: ) “Калі б я ня бачыў даты пад гэтым тэкстам, дык падумаў бы, што гэтая заява напісаная пад дыктоўку Сталіна – там жа хлусьня на хлусьні!”

– заявіў віцэ-сьпікер польскага Сэйму Томаш Налэнч, адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратычнай партыі Польшчы.

У сваю чаргу, кіраўнік вядучай апазыцыйнай партыі “Грамадзянская плятформа”, таксама віцэ-сьпікер Дональд Туск сказаў, што ў такой сытуацыі паездка прэзыдэнта Квасьнеўскага ў Маскву на сьвяткаваньне 60-й гадавіны перамогі была б “прыніжэньнем нацыянальнай годнасьці палякаў”.

Між тым МЗС Польшчы заявіў, што ня бачыць неабходнасьці адказваць на такія заявы, а кіраўнік польскай дыпляматыі Адам Ротфэльд выказаў “зьдзіўленьне тым, што камусьці прыйшло ў галаву хваліць тую сыстэму няволі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG