Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці перайменуюць вуліцу Кірава ў вуліцу імя Васіля Быкава?


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак На гэтым тыдні ў Наваполацку распачаўся збор подпісаў грамадзянаў пад патрабаваньнем перайменаваць тамтэйшую вуліцу Кірава ў вуліцу імя Васіля Быкава. Наваполацак стаіць непадалёку ад вушацкіх Бычкоў, радзімы пісьменьніка, а таму навапалачане лічаць яго сваім земляком і годнае ўшанаваньне памяці вялікага беларуса ўважаюць справаю гонару.

Прапановы надаць адной з вуліц гораду вялікай хіміі імя нашага славутага земляка гучалі і раней. Прынамсі, гэтая тэма неаднаразова ўздымалася на старонках мясцовай лібэральнай газэты “Химик”. Аднак гарадзкія ўлады на такія звароты не рэагавалі, а таму і ўзьнікла неабходнасьць збору подпісаў грамадзянаў пад патрабаваньнем надаць вуліцы Кірава імя славутага пісьменьніка. Ну а ініцыятарамі гэтай акцыі сталіся сябры міжрэгіянальнага праваабарончага цэнтру “Вясна Паазер’я” і актывісты суполкі Задзіночаньня беларускіх студэнтаў.

Гаворыць праваабаронца Зьміцер Салаўёў:

(Салаўёў: ) “Мы лічым, што неабходнасьць наданьня адной з вуліц горада імя Васіля Быкава даўно насьпела. Васіль Быкаў – наш самы вядомы культурніцкі дзеяч, і ён праславіў Беларусь. А імя Кірава, у гонар якога названа адна з вуліц, ніякім чынам не стасуецца ні зь Беларусьсю, ні з нашым горадам Наваполацкам”.

Трэба дадаць, што арганізатараў акцыі ўразілі апошнія дасьледаваньні расейскіх гісторыкаў, якія сьведчаць пра тое, што Кіраў быў забіты на глебе рэўнасьці непасрэдна пад час інтымнай сувязі з работніцай Ленінградзкага абкаму. Так што нават адкінуўшы палітычны аспэкт, наяўнасьць імя гэтага сталінскага паплечніка ў гарадзкой тапаніміцы супярэчыць здароваму сэнсу.

Вуліца Кірава месьціцца ў цэнтры горада, яна непрацяглая, і на ёй знаходзіцца ўсяго некалькі жылых будынкаў. Гэта зьнізіць выдаткі пры перайменаваньні, бо менавіта на фінансавы бок звычайна спасылаюцца ўлады, не жадаючы нічога мяняць у тапаніміцы. Таварыства беларускай мовы таксама падключылася да акцыі. Гаворыць старшыня гарадзкой суполкі ТБМ Алесь Рымша:

(Рымша: ) “Сябры нашага таварыства яшчэ летась зьвярталіся праз газэту “Химик” да дэпутатаў гарадзкога савета і грамадзкасьці горада з прапановаю надаць адной з вуліцаў імя Васіля Быкава. Мы думалі, што гэтага будзе дастаткова… Аднак мы памыляліся: праблема назваць імем усясьветна вядомага пісьменьніка, нашага земляка ня толькі вуліцу, але й бібліятэку! У Наваполацку ёсьць бібліятэкі імя Сіманава, імя Маякоўскага, імя Пушкіна, імя Маршака, але няма бібліятэкі імя Быкава. Будзем дамагацца, каб памяць народнага пісьменьніка была годна ўшанавана”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG