Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спыніла працу адзіная ў Беларусі лыжная фабрыка ў Целяханах


Алега Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Адзіная ў Беларусі фабрыка па вытворчасьці лыжаў, што знаходзіцца ў паселішчы Целяханы Івацэвіцкага раёну, спыніла сваю працу. Што сталася прычынай такога кроку кіраўніцтва фабрыкі?

Паводле дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, Беларусь перажывае зараз сапраўдны лыжны бум, у краіне адчыняюцца новыя гарналыжныя комплексы. Як здарылася, што ў гэты ж час зачынілася лыжная фабрыка ў Целяханах?

Галоўная прычына – цалкам эканамічная. У прадпрыемства шматмільённая запазычанасьць, прычым апошнім часам яна не скарачалася, а наадварот – павялічвалася. І паколькі пасьля новага году на фабрыку не паступае электрычнасьць (за якую прадпрыемства завінавацілася 30 мільёнаў рублёў), адключаныя тэлефоны, некалькі соцень рабочых адпраўленыя ў вымушаны адпачынак.

Адна з жыхарак Целяханаў распавяла, што праблемы ў лыжнай фабрыцы пачаліся ў першую чаргу з-за дрэннай якасьці вырабленай прадукцыі.

(Спадарыня: ) “Яна, у прынцыпе, даўно ўжо “загібалася”. У іх ужо не было збыту гэтых лыжаў. Я ўжо ня ведаю, калі яны яшчэ і ўвогуле спыніліся...”

Адначасова звольніўся і дырэктар рэспубліканскага лесагаспадарчага прадпрыемства “Целяханы” Генадзь Курцыітаў. Тут варта дадаць, што гэтае прадпрыемства падпарадкоўваецца кіраўніцтву справаў Аляксандра Лукашэнкі, і сам ён неаднойчы выказваў сваё незадавальненьне тым, як працуюць беларускія вытворцы лыжаў. Але, як бачым, замест выпраўленьня становішча прадпрыемства проста зачынілі.

Які лёс зараз у рабочых Целяханскай фабрыкі? Ці здолеюць яны адшукаць іншую працу ў родных мясьцінах? Як я ўжо казаў, рабочыя знаходзяцца зараз у вымушаным адпачынку, прычым ягоны тэрмін неабмежаваны. Зразумела, у саміх Целяханах адшукаць нейкую іншую працу вельмі складана: фактычна ў паселішчы зараз застаўся працаваць толькі невялічкі цэх сталярных вырабаў. Таму рабочым лыжнай фабрыкі, трэба меркаваць, прыйдзецца выпраўляцца на заробкі ў іншыя рэгіёны Беларусі, а можа – і за межы краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG