Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cьпіраль гісторыі


Сяргей Дубавец, Вільня Новая перадача сэрыі “Вострая брама”.

Ня хочацца думаць пра Беларусь, заганяючы ўсе развагі пад рысу 2006 году. Пад чарговыя прэзыдэнцкія выбары. Бо нішто не пасяляе ў сэрцы надзеі на цудоўнае, прычым з кожным годам усё больш цудоўнае выратаваньне. Ні манатонны быт намэнклятуры, ні манатонны быт апазыцыі. Першая ўжо нават не варушыць той сваёй “здаровай часткай”, якую ў ёй усё яшчэ падазраюць. А другая даўно працуе на саму сябе, свае схемы ўласнага выжываньня. Зноў будуць вылучаць адзіных кандыдатаў, дакладней, адзіных дублёраў, хадзіць па кватэрах, малаліка мітынгаваць, загадзя ведаючы, што атрымаюць сваю чарговую сатысфакцыю і пасьля, стомленыя ды задаволеныя, зноў канстатуюць: яшчэ не прыйшоў час.

На выбары 2006-га няма натхненьня. Ані ў намэнклятуры, ані ў апазыцыі, ані ў народу, які жыве сёньняшнім днём, зьмірыўшыся, што ад яго нічога не залежыць, нібы па інэрцыі. Па інэрцыі колішняга бээсэсэраўскага нібыта посьпеху на ўсесаюзным фоне жывуць усе. У тым ліку і першая асоба ў краіне, якая толькі тым посьпехам і трымаецца. Нічога новага за гэтыя 10 гадоў не прыдумана і ня ўведзена – працягваецца рэалізацыя савецкіх напрацовак – пяці-, пятнаццаці-, дваццаціпяцігадовых плянаў. Крый Божа адступіць ад іх хоць на крок – зараз жа лясьне аднаасобная ўлада аўтарытарнага кіраўніка. Аднак жа магутны быў патэнцыял у той БССР, калі ўсе астатнія эсэсэры даўно адышлі ў гісторыю, а гэтая – працягвае выядаць свой рэсурс, сама сабою корміцца і мабыць яшчэ доўга карміцца зможа. Адно што існаваньне ў спыненым часе, безь якога-кольвек разьвіцьця і абнаўленьня – такое існаваньне не натхняе. Грамадзтва разьвіваецца па сьпіралі. І колькі ні расьцягвай адзін віток гэтае сьпіралі – уласную эпоху, адзінае, чаго даможасься – сапсуеш выгляд.

Прамінаючы беларускія калгасныя палі, на якіх кіпіць работа, думаеш пра тое, што сеюць і жнуць у нас ніяк не з эканамічных разьлікаў, а толькі каб захаваць гэты дарагі бээсэсэраўскі вобраз. Тое самае з большасьцю заводаў і фабрык, а нават у крамах, на поштах, ды дзе заўгодна ўвесь народ усімі сіламі тармозіць гістарычны час, абы ня зьнесла яго ў мора бясконцых магчымасьцяў і самастойнага выбару. Ці ёсьць гэтаму рэсурсу канец, ці ён бясконцы?..

Прыгожа іншы раз выглядаюць на жніве нашы камбайны – караблі палёў. Але скрушна робіцца ад думкі, што ўсё гэта па сутнасьці – чыстае мастацтва, у якім няма ані сэнсу, ані эканамічнай мэтазгоднасьці. Таму дагледжаныя беларускія палі таксама не натхняюць.

Вядома, і літоўскія зарослыя пустазельлем палеткі не натхняюць таксама. Як і разьятраныя польскія сяляне, якія перагароджваюць магістралі, патрабуючы падвысіць закупачныя цэны на малако. Але ў адрозьненьне ад беларускай карцінкі, у літоўскай і польскай ёсьць праўда, а не мастацтва дзеля мастацтва. Ёсьць праўда і эканамічныя матывацыі. Скажам так: у разьвітай эўрапейскай краіне ў сельскай гаспадарцы мусіць працаваць 3 адсоткі ўсіх работнікаў. У нас – 13. Гэта значыць, умоўна, што 3 працуюць на рынак, а 10 – на бээсэсэраўскі вобраз, які патрэбны толькі для таго, каб народ галасаваў за Лукашэнку, г.зн. за стабільнасьць.

У нас свой шлях? Але і літоўцы генэральна пайшлі ня польскім шляхам, а сваім. Пасьля таго аб’ектыўнага скарачэньня сельгасвытворчасьці яны ня сталі перагароджваць дарогі (пару выпадкаў было, але яны – выключэньне), а сталі пераарыентоўваць свае сядзібы на іншую галіну эканомікі – вясковы турызм. Колішні камбайнэр падрамантаваў сваю сядзібу, лазьню паставіў, закупіў прылады для рыбалкі і адкрыў прыватны турыстычны бізнэс. У выніку Літва сёньня – прызнаны лідэр вясковага турызму ў Эўропе. І выглядае, што гэта толькі пачатак. А між тым, нічога асаблівага ў літоўскай вёсцы ў параўнаньні з нашай няма. Ёсьць асаблівасьці ўлады, якая ў іх такому прадпрымальніку спрыяе, а ў нас... Бачыў я ў нас такіх энтузіястаў, якія толькі рукой махаюць: сёньня – нерэальна.

Не натхняюць думкі пра выбары 2006-га. Беларускі народ атрымае кучу прапагандысцкіх матэрыялаў і западзе ў яшчэ большую палітычную анэмію, бо чарговы раз НЕ атрымае адказу на сваё просьценькае пытаньне – хто, калі ня ён? Інакш кажучы – хто наш герой, які ведае, чаго ён хоча і гатовы ісьці да канца? Беларускі народ разумее, што альтэрнатыва можа быць толькі такая – роўная супастату асоба, якая возьме на сябе адказнасьць за краіну, і людзі гэта ня столькі зразумеюць, колькі адчуюць. Вось ён – чалавек, які САМ пайшоў, вось наш герой, вось наша надзея, вось дзеля каго мы рушым на свой беларускі майдан сотнямі тысяч. Супраць дыктатуры, супраць гэтых шэйманаў-ярмошыных зь іх сталінісцкім “шармам”. Але гэта мусіць быць чалавек, які пастанавіў да перамогі ісьці сам і за любы кошт. Іншаму, абранаму з дублёраў і пры любых праймерыз усё адно ВЫПАДКОВАМУ ў такім супрацьстаяньні, не павераць, за ім ня пойдуць. Бо ў нас цяпер – як на рок-канцэрце, важна, заводзіць ці не заводзіць, ці натхняе, ці ёсьць энэргетыка ці не.

“Прэзыдэнт маёй мары” – гэта адзінае крэда, якое пры ўсёй умоўнасьці сытуацыі можа перамагчы сёньняшняе – “прэзыдэнт, які надаеў”. Але ці можна сваю мару выбраць з калоды, вытусаваць, высьлізгаць?.. Мара таму й жаданая, што незацёртая.

Ведаю, на жаль, што нават калі хто ў нас і акажацца ісьці на выбары, нават калі і заявіць з усёй сур’ёзнасьцю пра свае амбіцыі і калі ўсе адчуюць у ім павевы гэтай самай энэргетыкі і патэнцыял усенароднае падтрымкі, дык зараз жа пачнуць яго заціраць. Шэйманы – сваімі мэтадамі, кшталту дыяксыну ў супе, апазыцыя – сваімі: ды хто ён такі, самазванец! І ва ўсім гэтым будзе ня столькі глупства або подласьці, колькі заканамернасьці. Прычым, вельмі глыбокай. Бо мы спрадвеку народ парлямэнцкі і фюрэраў у нас сваіх не было ніколі. Лукашэнка першы. У гэтым і ўвесь парадокс – каб нам усім цяпер расфюрэрыцца, патрэбны сапраўдны народны герой. А дастацца гэтаму герою да народу будзе ўсімі сіламі замінаць і ўлада, і апазыцыя, якая хоча ўжо зараз па-парлямэнцку выставіць свайго трэцяга дублёра ў пятым шэрагу, крый Бог, не героя.

Таму найбольш верагодны варыянт, што будзем мы ў 2006 годзе зноў з Ганчарыкам, гэта значыць, зноў з Лукашэнкам. І таму думаць пра Беларусь на такі кароткі час ня хочацца. Хочацца зазіраць далей і дбаць пра далейшае, на даўжэйшы час запрагаць.

Адно яшчэ заўважу ў зьвязку з гэтымі выбарамі і з тым, што адбылося ва Ўкраіне. Колькі б ні казалі пра няважнасьць моўнага фактару, а менавіта ўкраінская мова разам з аранжавым колерам стала найпершым знакам перамен, які выразна падзяліў два лягеры – дэмакратычны і постсавецкі. Інакш кажучы, другая хваля дэсаветызацыі адбылася пад тым самым знакам, што і першая, якая ў краінах Балтыі дакацілася да пераможнага берагу. Пад знакам роднае мовы, якой у суседніх Літве і Латвіі супрацьстаялі рускамоўныя інтэрфранты. У нас жа сёньня гэты самы першы знак зусім як знак і не разглядаецца. Большасьць апазыцыі і дэмакратычнай прэсы – рускамоўныя. Вы скажаце – у нас асаблівы шлях? Украіна паказала, што не асаблівы, і вось у чым тут справа.

Уявіце сабе дэмакратычную рэвалюцыю ў асобна ўзятай якой-небудзь Саратаўскай вобласьці. Малаверагодна, і вельмі падобна на сёньняшнія настроі ў нас. Таму што насельніцтва ня можа быць суб’ектам палітыкі, яно не аб’яднанае адзінай воляй, адной надзеяй і, калі хочаце, адным героем. А суб’ектам яно становіцца тады, калі пачынае ператварацца ў народ, адчувае сябе ня тысячамі чалавек на плошчы, а адзінай нацыяй. І Ўкраіна гэта пацьвердзіла. Беларускі Януковіч разам са сваёй намэнклятурай па-беларуску не гаворыць і ўсяляк уціскае беларускую мову менавіта для таго, каб мы з вамі заставаліся насельніцтвам, як у Саратаўскай вобласьці, і ні ў якім разе не дафармоўваліся ў паўнавартасны і зьяднаны адной воляй народ. Асаблівасьць нашага шляху ня ў тым, што мы рускамоўныя, мы якраз у бальшыні сваёй вельмі далёкія ад расейскага, мэнтальна падмацаванага маўленьня. Ды й 70% нас у перапісах называюць роднай мовай беларускую. Асаблівасьць у тым, што гаворым мы пры гэтым па-савецку, на мове насельніцтва, а ня нацыі. І калі давяршаць гэтую беларуска-ўкраінскую паралель, дык трэба заўважыць, што якраз наша апазыцыя ў гэтым пляне не гатовая ўзьняць сьцяг нацыі, зрабіць роднае слова найпершым знакам свабоды і перамен і выставіць свайго героя, які зь першых словаў будзе пазнавацца як дэмакрат і адрозьнівацца ад беларускага Януковіча. Бо пра лепшае жыцьцё сёньня ўсе гавораць аднолькава – і дэмакрат, і супастат.

Мова ў нас – гэта прынцып. І галасуюць за героя найперш дзеля ягоных прынцыпаў. Менавіта прынцыпы натхняюць людзей на тое, каб яны масава захацелі не аддаць сваю перамогу і выступілі супраць фальсыфікацыяў. А калі прападае гэты першы прынцып, абсыпаюцца і астатнія. Вось чаму ўся бурная дзейнасьць дэмакратычных сілаў Беларусі, па-вялікім рахунку, скіраваная на тое, каб нічога не зьмянялася. Знайшоў сваю нішу ў жыцьці – і дастаткова. Вось чаму даводзілася неаднойчы чуць ад іншаземных палітыкаў, якія кантактуюць зь беларусамі: на словах быццам паразумеліся, а робяць або ўсё наадварот, або – як мокрае гарыць.

Занатаваў гэтую думку і разгарнуў “Народную волю”. А там артыкул намесьніка старшыні БНФ прафэсара Хадыкі – па-расейску. Чаму па-расейску? Для каго па-расейску? Што тут скажаш... Няма знаку, няма героя, не відаць і перамен. Таму пра выбары думаць ня хочацца.

Па вялікім рахунку, нашы дэмакратычныя сілы настолькі ж няздатныя да таго, каб зьмяняцца, наколькі кіраўнік краіны моцна трымаецца за нязьменнасьць вобразу БССР. Ніхто нічога не ініцыюе. Усе прыладзіліся і сядзяць ціхенька – перабываюць больш-менш камфортна гэтае сваё жыцьцё. Апазыцыя прыладкавалася да прываднога рамяня ўлады, і цяпер, калі ёй трэба тысячу разоў аднавіцца, уваскрэснуць з руціны, каб і народ уваскрэс за ёю да актыўнага палітычнага жыцьця, яна ўсё часьцей вуснамі сваіх лідэраў заяўляе, ужо і зусім адкрыта, што зьмяняць нічога ня трэба. Пасьля такіх заяваў застаецца канстатаваць, што ў нас цяпер стабільная ня толькі ўлада, але й апазыцыя.

Стабільнасьць – такі прывабны нібыта лёзунг, насамрэч азначае сьмерць. Што не разьвіваецца, тое і не жыве. Беларусь не разьвіваецца ўжо 10 гадоў. І гэта падаецца за посьпех. Праўда, у нас ніколі не надрукуюць параўнальныя лічбы эканамічнага посьпеху з нашымі суседзямі па СССР, якія цяпер уступілі ў аб’яднаную Эўропу. А варта было б у “Советской Белоруссии” зьмясьціць такія параўнальныя табліцы. Напрыклад, пра сярэднія заробкі пры тых самых коштах у краме. У Літве 500, у Польшчы 800, у нас пастаўлена задача – 250 “у.е”. Пры гэтым хай бы камэнтатар “Советской Белоруссии” напісаў, што тыя 250 пры росьце коштаў і падзеньні даляра – гэта па сутнасьці тыя самыя 100 баксаў, якія нам ужо калісьці абяцалі. Ці, калі ўжо працягваць пра Літву, хай бы паведамілі, колькі там будуецца жыльля і, што вельмі важна, спартовых арэнаў сусьветнае клясы, да якіх так далёка нашым постсавецкім лядовым палацам. Ці – колькі там сучасных гіпэрмаркетаў, або колькі каштуюць патрыманыя машыны, якія нават з коштамі размытненьня, усё адно выгадней купляць там, чым у Менску. Я ўжо ня згадваю такія рэчы, як аб’ём замежных укладаньняў у эканоміку ці бязьвізавы рэжым па ўсёй Эўропе...

Гледзячы ў такія табліцы, чытач “Советской Белоруссии” міжволі задумаецца пра каштоўнасьць нашай дарагой стабільнасьці. Але справа нават ня ў коштах і гіпэрмаркетах. Бо і ў Літве з Польшчай камэнтатар “Советской Белоруссии” знойдзе што-небудзь накшталт тых недагледжаных палеткаў. Самае галоўнае, што там жыцьцё – рэальнае, праўдзівае. А ў нас усё спрэс – мастацтва дзеля мастацтва, дзеля таго бээсэсэраўскага вобразу – гэта значыць, пранізанае хлусьнёю. І ў гэтай “стабільнасьці” наша апазыцыя таксама, нібы ў люстэркавым адбітку, паўтарае паводзіны ўлады. Пачынаючы ад сур’ёзнасьці намераў на выбарах 2006 году пры даўно засвоеным жаданьні нічога не зьмяняць і сканчаючы тым самым моўным цынізмам, які зь невытлумачальнай упартасьцю прасоўваецца ў жыцьцё.

Беларусь нават не русыфікуецца, а менавіта дэнацыяналізуецца. Яна працягвае і гаварыць, і думаць па-савецку, штодня бачачы помнікі ўсё таму ж правадыру ў кожным паселішчы, ходзячы ў Макдоналдз на вуліцы Леніна, слухаючы Лукашэнку, які абяцае браць прыклад з Гітлера, гледзячы на апазыцыйныя расьцяжкі “Он должен уйти” – хто ён і куды, і паспрабуй яшчэ вымаві, беларуская галава, гэтае “уйти”... Што за час, што за знакі – поўная каша ў галаве. Я думаю, правільная каша, добра прадуманая, а калі й не прадуманая, дык надта ж удала зварылася. Захлушаная з усіх бакоў Беларусь на нашых вачох становіцца тэатрам абсурду. Хто што скажа або зробіць заўтра – невядома. Як у рэмарках Эжэна Ёнэска: “Гадзіньнік б’е, колькі захоча”.

Апошні раз п’есу Ёнэска “Лысая сьпявачка” давялося глядзець сёлета на Новы год. А ставіў яе Беларускі гуманітарны – цяпер варта дадаць яшчэ – падпольны, закрыты Лукашэнкам Ліцэй. Ставіў у Вільні, куды ліцэісты прыехалі на два тыдні зімовае сэсіі. Гледзячы пастаноўку, жыва ўяўляўся і адчуваўся грамадзкі клімат у цяперашняй Беларусі, а яшчэ тое, што клясычную п’есу францускага абсурдыста не паставіць сёньня ніводзін менскі тэатар – з ідэалягічных меркаваньняў. Бо цяжка ўявіць сабе штосьці іншае, што так трапна распавядае пра наша жыцьцё, як гэтая старая п’еса.

Беларускі ліцэй у Менску – чужароднае цела. Бо менавіта ў ім жыве натхненьне і шчырае жаданьне перамен, якога бракуе і намэнклятуры і апазыцыі і народу ў цэлым. Вось і выштурхоўвае шэрая рутына гэты пасіянарны асяродак то ў падпольле, то за мяжу.

Супастаўляю нядаўнія заявы кіраўнікоў Ліцэя пра тое, што яны, магчыма, настала перабяруцца ў Вільню, з выглядам Базылянскіх муроў – аграмаднага будынку колішняй легендарнай школы – Віленскай Беларускай Гімназіі, якая чвэрць стагодзьдзя перад вайной плённа працавала тут для патрэбаў Беларусі. Ужо пару гадоў гэты будынак з мэмарыяльнай шыльдай выпускніцы Гімназіі Натальлі Арсеньневай стаіць пусты. Я думаю, што, можа быць, гэта – зададзенасьць. І знакавы беларускі зьмест – Ліцэй – шукае сваю форму, а знакавая беларуская форма – Базылянскія муры – чакае свайго зьместу. Калі яны сустрэнуцца – адбудзецца культурны выбух.

Калі яны сустрэнуцца, гэта будзе падказка пра тое, што прыйшла пара адрадзіць разбуранае за апошнія 10 гадоў віленскае беларускае жыцьцё. І ня толькі віленскае.

За гэтыя 10 гадоў беларускія асяродкі па-за межамі Беларусі перажылі заняпад – тую самую адсутнасьць натхненьня. Яны былі па-першае моцна прывязаныя да настрояў у мэтраполіі, а па-другое, адчувалі поўную неадпаведнасьць таго, што робіцца ў мэтраполіі, з тым сьветам, у якім яны жывуць.

І вось цяпер, на працягу наступных гадоў сьпіраль гісторыі, якая не зьвіваецца на бацькаўшчыне, аб’ектыўна пачне закручвацца за яе межамі.

Бо нацыя мусіць такі выбрацца з паняволенага стану насельніцтва, каб беларусамі ўрэшце перасталі маніпуляваць. Сёньня ў самой Беларусі гэты працэс бясконца тармозіцца і перапыняецца. Таму беларускія асяродкі ў Вільні, у Беластоку, у Расеі, Украіне, Латвіі ня маюць такой раскошы, каб існаваць у становішчы нацыянальнае меншасьці. Бо меншасьць заклапочаная толькі самазахаваньнем, а не інсьпірацыяй пераменаў у мэтраполіі. Інакш кажучы, беларускія школы, выдавецтвы, мэдыі, якім сёньня перакрываецца кісларод на бацькаўшчыне, мусяць існаваць па-за ёю.

Урэшце, ня так важна, дзе захаваюць свой нацыянальны агмень беларусы.

Варта згадаць, што менавіта закардонныя асяродкі на мяжы 80-90 гадоў несьлі ў Беларусь і ідэю нацыянальнага станаўленьня, і газэты і новыя структуры нацыянальна сьвядомага грамадзтва. Гэта ўсё гаворыцца не для таго, каб прыменшыць вартасьць таго, што робіцца на бацькаўшчыне, а толькі для таго, каб запабегчы працэсу дзяржаўнай дэнацыяналізацыі ў бліжэйшыя пяць-дзесяць-дваццаць гадоў, каб ён ня стаў незваротным. Будучыня беларускай нацыі, культуры, цывілізацыі ніколі і нікім ня мусіць ставіцца пад пытаньне. Бо ад гэтага ўрэшце залежыць, ці стане Беларусь нармальнай дэмакратычнай краінай, ці прападзе ў гульбішчах крамлёўскіх марыянэтак.

Сьпіраль гісторыі, колькі яе не расьцягвай, усё адно за вітком паўторыць віток. Гэта значыць, што час можна спыніць толькі ў сваім уяўленьні цаною аднятага ва ўласнага народу адчуваньня паўнаты жыцьця. Але насамрэч час ідзе. І рана ці позна пасьля западзіны і заняпаду зьяўляецца ўзгорак і ўздым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG