Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя разьлічвае на падтрымку новых украінскіх уладаў


Валер Каліноўскі, Менск Якімі будуць дачыненьні новага кіраўніцтва Ўкраіны і Беларусі? На гэтую тэму разважаюць лідэры беларускай апазыцыі, якія сёньня вярнуліся з Кіева, дзе вялі перамовы з прадстаўнікамі новай эліты Ўкраіны.

Новы кіраўнік украінскага ўраду Юлія Цімашэнка не хавала сваіх адносінаў да існага ў Беларусі рэжыму і нават заяўляла, што хацела б перадаць эстафэту дэмакратычнай рэвалюцыі з Украіны ў Беларусь. У прыватнасьці, спадарыня Цімашэнка на прэсавай канфэрэнцыі 26 сьнежня, гаворачы пра будучыя адносіны новага ўкраінскага кіраўніцтва да Беларусі заявіла: “Хацелася б экспартаваць вам троху памаранчавай рэвалюцыі, каб у Беларусі крыху паспрабавалі памаранчавага жыцьця, каб беларускую апазыцыю натхнілі нашыя перамогі і наш досьвед”.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які сустракаўся са спадарыняй Цімашэнкай у дзень яе прызначэньня выканаўцай абавязкаў прэм’ера, так ацэньвае магчымасьці рэалізацыі гэтата закліку спадарыні Цімашэнка:

(Лябедзька: ) “Выказвацца ў найбліжэйшы час публічна яна ня будзе, але ў любым выпадку мы ведаем Юлію Цімашэнку як пасьлядоўнага палітыка, і калі яна ставіць пэўныя мэты, яна іх рэалізоўвае. Такім чынам, мы маем добрага саюзьніка на ўзроўні выканаўчай улады Ўкраіны”.

Спадар Лябедзька спадзяецца, што па часе ў Менску зьявіцца новы амбасадар дэмакратычнай Украіны. Тыя паплечнікі Віктара Юшчанкі, зь якімі вялі перамовы Анатоль Лябедзька і Вінцук Вячорка, выказваюць вялікую зацікаўленасьць у дэмакратызацыі Беларусі. Спадар Лябедзька чакае, што Ўкраіна можа паспрабаваць стаць пасярэднікам паміж Захадам і Беларусьсю.

(Лябедзька: ) “У Вярхоўнай Радзе тыя палітыкі, які хутка будуць ва ўрадзе, гавораць, што акрамя ўсяго іншага трэба будзе паспрабаваць усё ж такі ўцягнуць Беларусь як краіну ў эўрапейскія кантакты і камунікацыі. Калі беларуская ўлада ня пойдзе на гэта, то гэтыя кантакты будуць праводзіцца праз грамадзянскую супольнасьць і апазыцыю”.

А старшыня БНФ Вінцук Вячорка мяркуе, што развмову пра экспарт рэвалюцыі з Украіны нельга, затое ўплыў Украіны, асабліва пасьля рэалізацыі амбітных праектаў Віктара Юшчанкі, на беларускае грамадзтва будзе сапраўды значны. З Украіны на Беларусь будзе ісьці магутны інфармацыйны ўплыў, перакананы спадар Вячорка. Штодня Ўкраіну наведваюць сотні і тысячы беларусаў, якія бачаць, што там адбываецца.

Ужо цяпер украінскае кіраўніцтва пашырае кантакты з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, нават на цырымоніі інаўгурацыі прэзыдэнта Юшчанкі прысутнічалі тры апазыцыйныя лідэры — і толькі сьпікер ніжняй палаты Нацыянальнага сходу Ўладзімер Канаплёў быў ад беларускіх уладаў. Паводле Вінцука Вячоркі, калі ў Вярхоўнай Радзе прадстаўлялі спадара Канаплёва, то ўвесь Майдан, які сачыў за ўрачыстасьцямі па тэлеэкранах, асьвістаў прадстаўніка А.Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG