Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве беларускія кампаніі будуць займацца рэгулярнымі марскімі перавозкамі


Уладзімер Глод, Менск У міністэрстве транспарту й камунікацыяў Беларусі ствараецца аддзел марскіх перавозак. Паводле інфармацыі прэсавай службы міністэрства, гэта робіцца дзеля таго, каб каардынаваць рэгулярныя марскія перавозкі, якія ўжо ў студзені пачынаюць кампаніі-рэзыдэнты Беларусі – гэта значыць, кампаніі, якія зарэгістраваныя менавіта ў Беларусі.

Падрыхтоўка да заваёвы мораў ды акіянаў пачалася яшчэ летась. Тады былі зробленыя пробныя перавозкі беларускіх калійных угнаеньняў аж у Бразылію ды Інданэзію. З Салігорску іх транспартавалі чыгункай у Кляйпэду і Вэнсьпілс, а ўжо адтуль праз мары ды акіяны ў далёкія краіны. Так вывучалі тэхналёгію перавозак.

Сёлета ад экспэрымэнтаў хочуць перайсьці на сталыя рэйсы. Колькі іх будзе, пакуль сказаць цяжка, паколькі міністар транспарту й камунікацый Міхаіл Баравы і ягоныя падначаленыя на ўсе пытаньні адказваюць аднолькава: аб’ёмы марскіх перавозак плянуюцца “даволі значныя”. Вядома толькі, што асноўным гандлёвым грузам будуць калійныя ўгнаеньні. Займаюцца марскімі рэйсамі дзьве кампаніі-рэзыдэнты: Беларуская судаходная кампанія й Беларуская фрахтовая транспартная кампанія, якія арандуюць неабходны для гэтага транспарт.

Ідэя стварэньня ўласнага беларускага флёту не новая. Яшчэ на пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя гэтую магчымасьць актыўна абмяркоўвалі. Чым тлумачыцца неабходнасьць для Беларусі займацца марскімі перавозкамі?

За адказам на гэтае пытаньне я зьвярнуўся да адмірала: не зусім сапраўднага, але тым ня менш. У Вярхоўным Савеце Беларусі 12-га скліканьня дэпутату ад 33-й Мірашнічэнкаўскай акругі Алегу Трусаву ягоныя ж калегі далі мянушку “адмірала”. Зразумела, невыпадкова, а таму, што менавіта ён неаднаразова ўздымаў гэтую праблему. І я прапаную цяпер паслухаць тлумачэньні Алега Трусава:

(Трусаў: ) “Наша краіна цяпер ня мае выхаду да мора. Але многія сухапутныя краіны, напрыклад, Чэхія ці Швайцарыя, маюць свой флёт. Што гэта дае, якія перавагі? Перш-наперш, флёт гандлёвы, і ў некаторых выпадках – рыбалоўны. Можна атрымаць квоту на лоўлю рыбы, а затым яе перапрадаць марской краіне, а можна самому (пабудаваць альбо арэндаваць сэйнэры) і лавіць рыбу і пастаўляць яе ў нашыя крамы. Але самыя вялікія прыбыткі дае флёт гандлёвы. Мы, напрыклад, можам весьці пасьпяховыя гандлёвыя апэрацыі, асабліва ў Балтыйскім і Чорным марах, тым больш, што нашыя рэкі часткова туды ўпадаюць”.

Чаму за справу марскіх перавозак узяліся толькі цяпер?

(Трусаў: ) “Тое, што робіцца зараз, трэба было рабіць яшчэ у 1992-1993 гадах. Іншая справа, што кіраўніцтва Беларусі не зусім дасьведчанае ў гэтай справе. А па-другое, ня трэба забываць, што ёсьць вельмі моцнае марское лобі, якое не зацікаўленае, каб сухапутныя краіны мелі свой флёт. Таму што яны згубяць велізарныя прыбыткі. Беларускія кіраўнікі ўвесь час распавядалі казкі: напрыклад, мы будзем карыстацца флётам брацкай Расеі і г.д. і г.д. Ну а паколькі абдымкі з Расеяй ужо канчаюцца, дык нарэшце ўзьнікла пытаньне аб стварэньні ўласнага беларускага флёту. І гэтыя працэсы, хоць і марудна, але ідуць, паколькі законы незалежнасьці дыктуюць свае правілы гульні – хочам мы гэтага ці не”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG