БАГДАД. У ірацкай сталіцы сёньня забіты Алі аль-Хайдары – губэрнатар правінцыі, у склад якой уваходзіць Багдад. Напад на аўтамабіль аль-Хайдары быў праведзены з засады. Адказнасьць за забойства ўзяла на сябе тэрарыстычная групоўка Абу Мусаба аль-Заркаўі.
Таксама сёньня паблізу ўезду ў так званую “зялёную зону” ў Багдадзе выбухнуў замінаваны аўтамабіль – ня менш як 10 чалавек загінулі, 56 параненыя. У розных інцыдэнтах у аўторак загінулі 5 амэрыканскіх вайскоўцаў. Усяго за апошнія два дні ахвярамі тэрактаў і нападаў у Іраку сталі звыш 30 чалавек. Камэнтуючы сытуацыю, міністар замежных справаў Іраку Хашыяр Зэбары тым ня менш заявіў, што прызначаныя на 30 студзеня парлямэнцкія выбары ня будуць перанесеныя.