Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі дайвэр: “Калі пайшло цячэньне, інструктар паказваў: маўляў, усё добра, гэта прыліў, але адчувалася, што наверсе нешта адбываецца”


Ігар Карней, Менск Беларускія турфірмы атрымліваюць ад расейскіх калегаў прапановы адпачынку ля Індыйскага акіяну коштам, ніжэйшым за авіяквіток. Бальшыня беларусаў, якія працягваюць свой адпачынак у краінах Індыйскага акіяну, знаходзяцца у Тайляндзе і на высьпе Шры-Лянка. Гэтымі днямі практычна ўсе павінны вярнуцца дадому. А вось калі ў той рэгіён можа выправіцца наступная група турыстаў зь Беларусі, застаецца пытаньнем.

Міністэрства спорту і турызму ўжо рэкамэндавала ўстрымацца ад падарожжаў адразу ў шэсьць азіяцкіх краінаў. Па-другое, расейскія авіяперавозчыкі спыняюць чартэрныя палёты туды найменей да 1 лютага. Нарэшце, мэдыкі ўсё больш настойліва папярэджваюць пра небясьпеку эпідэміялягічных захворваньняў.

Сястра аднаго зь менскіх турыстаў расказала, што брат са сваёй сяброўкай жывуць за 10 кілямэтраў ад сталіцы — Калёмба, што на Заходнім узьбярэжжы Шры-Лянкі. Яны пацярпелі мінімальна і вернуцца ў Менск 6 студзеня.

(Дзяўчына: ) “Ня ведаю, наколькі насамрэч у іх усё ў парадку, я доўга зь імі не размаўляла, але, прынамсі, яны сказалі: мы адпачываем. І яшчэ сказалі, што горы памерлых бачылі толькі па тэлевізіі: пераважна пазносіла ў акіян хаціны і мясцовых рыбакоў. Тэрыторыя іх гатэлю таксама крыху пацярпела, і яны ходзяць ў іншы, што на ўзвышшы. Настрой у іх, вядома, не найлепшы, але нават на самай пацярпелай высьпе ёсьць месцы, дзе ўсё адносна ў парадку”.

А вось прадпрымальнік Алег Хакаеў, які вярнуўся дадому пасьля тыднёвага знаходжаньня ў Тайляндзе, расказвае, што яго выратаваў танны гатэль на трэцяй лініі ад акіяну і… уласна вада. З раніцы 26 сьнежня ён з камандай дайвэраў трэніраваўся ля каралявых рыфаў.

(Хакаеў: ) “Калі пайшло цячэньне, спачатку інструктар паказваў: маўляў, усё добра, гэта натуральны прыліў. Але адчувалася, што наверсе нешта адбываецца — заносіла сьмецьце, трэскі. А калі вынырнулі — абалдзелі. Гатэлі на першай лініі з разьбітымі шыбамі, навесы змытыя, вырваныя пальмы, паўсюль лодкі валяюцца. Загінулых, праўда, не было відаць, толькі празь нейкі час іх пачалі знаходзіць. Наш гатэль досыць мала пацярпеў, прынамсі, развалінаў не было… Разуменьне прыйшло потым. Першыя хвілінаў трыццаць, а мо нават і дзень, думаеш: во крута! І толькі потым даходзіць, што насамрэч адбылося, калі пачалі з вады ўсё выграбаць, калі навокал крыкі стаялі. Пазьней толькі ўсе зразумеюць, што адбылося насамрэч”.

Міністэрства спорту і турызму рэкамэндавала грамадзянам Беларусі ўстрымацца ад паездак у шэсьць краінаў акваторыіі Індыйскага акіяну — у Тайлянд, Індыю, Інданэзію, Маляйзію, на Шры-Лянку і Мальдывы. Аднак супрацоўнікі турыстычных фірмаў лічаць: агулам рабіць такія рэкамэндацыі нельга, паколькі шэраг курортаў ад цунамі не пацярпеў. Гаворыць супрацоўнік турыстычнай кампаніі “Мэрлін-Тур”:

(Супрацоўнік турфірмы: ) “Усе кажуць пра Тайлянд, маючы на ўвазе выключна выспу Пхукет. Але таго Тайлянду, які знаходзіцца ў Сіямскай затоцы, трагедыя ніяк не закранула. Узяць Інданэзію: зноў жа, гэта ніяк ня тычыцца папулярнага месца адпачынку на высьпе Балі, але гэта наўпрост рэзануе на продажах усяго кірунку. Ці, да прыкладу, Маляйзія — там хваля ніяк не зачапіла выспы Лянкаві, але з-за ажыятажу ў прэсе людзі проста баяцца туды ехаць”.

У бальшыні фірмаў кажуць пра вялікую колькасьць “адмоўнікаў”, якія ня хочуць ехаць у рэгіён — цяпер, збольшага, з прычыны эпідэміялягічнай пагрозы. Як паведамілі ў фірме “Мэрлін-Тур”, той, хто яшчэ нядаўна зьбіраўся адпачываць у Тайляндзе, адкарэктаваў кірункі. Прынамсі, цяпер можна казаць пра выбух цікавасьці да Кубы: для беларусаў гэта бязьвізавая краіна, якая ў коштах не нашмат даражэйшая за Тайлянд.

Аднак іншыя турапэратары расказваюць, што з боку маскоўскіх фірмаў літаральна сыплюцца прапановы адпачынку ў пацярпелым рэгіёне. Адзін з прадстаўнікоў галіны паведаміў, што ад Новага году атрымаў тры прапановы на дастаўку турыстаў у раён Патайя ў Таілянд, Інданэзію (на Балі) і ў Маляйзію. Пры гэтым суразмоўца зьвярнуў увагу на кошт такіх прапановаў: 500 даляраў на 11 дзён з вылетам з Масквы. Яшчэ тыдзень таму падобныя туры каштавалі ў 2–2,5 разу даражэй.
XS
SM
MD
LG