Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адзначалі Каляды і Новы год вязьні ў сталінскіх лягерах?


Ганна Соусь, Менск Сваімі ўспамінамі з нашай карэспандэнткай Ганнай Соусь дзеляцца ахвяры палітычных рэпрэсій – Надзея Дземідовіч, Мая Кляшторная і Мікола Канаш.

Надзея Дземідовіч, якая трапіла ў ГУЛАГ пасьля Другой Усясьветнай вайны за сяброўства ў Беларускім Саюзе моладзі, згадвае, што нават у тыя цяжкія часіны многія вязьні адзначалі Каляды.

(Дземідовіч: ) “Людзі адзначалі гэта сьвята. Я ў адным годзе хварэла, дык прыходзяць украіначкі, беларусы й віншуюць мяне з Калядамі, з Новым годам, жадаюць добрага здароўя. Сяброўкі мае беларускія Жэня Шостак і Вера Касмовіч рабілі куцьцю ўвечары з кашы ці з чаго-небудзь яшчэ. Частаваліся, варажылі адзін аднаму, зычылі ўсяго добрага, успаміналі радзіму. Жэня Шостак пісала вершы й малявала паштоўкі. Умелі мы сьпяваць усе нашыя “калядкі”.

А вязень ГУЛАГУ Мікола Канаш, які адбываў свой тэрмін у Інце, успамінае, што Каляды ў яго лягеры пачалі адзначаць толькі пасьля сьмерці Сталіна.

(Канаш: ) “Я вярнуўся з шахты, здаў адбойны малаток, і мне Мікола Яцкевіч, ён быў інструмэнтальшчыкам, беларус, кажа: “Вось мы адзначалі Каляды”. Нешта засталося ад гэтых Калядаў і мне. Далі мне крыху булкі й нават выпіць маленькі кілішак віна. Але гэта ўсё было ў лягчэйшыя часы, падчас гэтак званай адлігі. А раней нічога падобнага зрабіць нельга было, таму што кожны другі быў стукач”.

Дачка расстралянага беларускага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная, якая правяла ў ГУЛАГу фактычна ад самага нараджэньня каля 18 гадоў, згадвае, што ўпершыню адзначыла Каляды толькі пасьля вызваленьня.

(Кляшторная: ) “І блізка ня ведалі. Ніколі не было там ніякай яліны. А калі ўжо мы былі ў дзіцячым пасёлку НКВД (нас вывезьлі з тэрыторыі турмы), то на ўсе баракі паставілі адну елку. Але гэта была ня елка, а нейкае дрэва са скамячаным лісьцем. І толькі калі я трапіла ў Беларусь, у Баруны, напярэдадні Калядаў, нас пасялілі ў адной жанчыны. Яна павяла мяне ў малельню драўляную. Я прабыла там ноч. Слухала, як сьпяваюць малітвы. Да гэтага я іх ніколі ня чула. І я была проста зачараваная ўсім, што адбывалася. Гэтак упершыню я адчула, што такое Каляды”.
XS
SM
MD
LG