Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы лідэр прафсаюзу авіядыспэтчараў – загад на ліквідацыю прафсаюзу аддаў арыштаваны напярэдадні старшыня Дзяржкамавія


Ігар Карней, Менск Мы ўжо паведамлялі, што 22 cьнежня арыштаваны старшыня Дзяржаўнага камітэту авіяцыі Фёдар Іваноў, які падазраецца ў нанясеньні дзяржаве стратаў праз службовыя злоўжываньні. Беларуская транспартная пракуратура распачала крымінальную справу. Афіцыйна абвінавачаньні Іванову пакуль не прад’яўленыя.

Да 2001 году Фёдар Іваноў узначальваў добра вядомы за межамі Беларусі Менскі авіярамонтны завод. На новай пасадзе ён таксама меў магчымасьць кантраляваць завод.

У атачэньні Іванова не выключаюць, што менавіта заводзкія справы маглі зацікавіць адмысловыя службы. Апроч рамонту грамадзянскіх самалётаў расейскай вытворчасьці, завод актыўна прапаноўваў паслугі ў аздабленьні салёнаў самалётаў.

І калі раней у актыве супрацоўнікаў заводу фігуравалі перадусім пераабсталяваныя самалёты для кіраўнікоў сацыялістычнага лягеру (ад ГДР да Кубы), то цяпер тут робяць замовы пераважна багатыя расейцы. Апошнім часам пры заводзе нават зьявілася камэрцыйнае прадпрыемства, якое спэцыялізуецца на пераабсталяваньні салёнаў.

Расказвае былая супрацоўніца фірмы:

(Супрацоўніца: ) “Гэтым займаецца ўжо ня сам завод, а ёсьць камэрцыйнае прадпрыемства пры заводзе. Спэцыялізацыя на інтэр’ерах прыватных самалётаў, аздабленьне салёнаў скурай, дрэвам, плястыкам. Усё робяць, апроч электронікі. Менавіта аздоба — дарагое дрэва, якасная скура. А яшчэ дарагую музыку ўсталёўваюць”.

Блізкія да Фёдара Іванова асобы ў пэўнай ступені зьдзіўленыя ягоным арыштам. Іваноў быў вельмі адданы Лукашэнку, што пацьвердзілася ў шэрагу ваяжоў за акіян, дзе ў амэрыканскім Сыэтле на замову адміністрацыі Лукашэнкі й пад пэрсанальным наглядам Іванова будаваўся прэзыдэнцкі “Боінг”.

Другі факт: ліквідацыя незалежнага прафсаюзу авіядыспэтчараў, актывісты якога лічаць, што Іваноў прыклаў да гэтага руку. Вось што апавёў былы кіраўнік прафсаюзу авіядыспэтчараў Алег Мігуцкі:

(Мігуцкі: ) “Я нікому нічога дрэннага не жадаю, гэта было б нядобра, але так, сапраўды, быў у свой час зварот у Міністэрства юстыцыі, што стала падставай да пачатку працэсу над прафсаюзам. Іваноў быў ініцыятарам усяго гэтага, але мы да ягонага арышту ніякага дачыненьня ня маем”.

Пасьля таго, як летась Вярхоўны суд спыніў дзейнасьць прафсаюзу, актывісты стварылі першасную арганізацыю дэмакратычнага прафсаюзу транспартнікаў. Але, як апавёў спадар Мігуцкі, зноў жа, намаганьнямі Іванова, адміністрацыя Кастрычніцкага раёну рэгістрацыю першаснай арганізацыі скасавала.

У нейкую структуру былыя сябры прафсаюзу так і не аформіліся, але, як удакладняе лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, яны дагэтуль актыўна ўдзельнічаюць у прафсаюзных справах. Што да арышту Іванова, то спадар Ярашук трымаецца такога погляду:

(Ярашук: ) “Тое, што чалавек гэты з “плямамі” — было вядома даўным-даўно, і асабліва, калі зьнішчаўся прафсаюз... Гэта ўсё з той жа самай опэры, якая цягам дзесяці гадоў ідзе на падмостках нашай краіны. Такіх людзей бяруць на працу з кампраматам, а потым трымаюць на кароткім ланцугу да таго часу, пакуль у палітычных мэтах ня робяць ахвярнымі казламі. А яшчэ — каб падтрымаць імідж адзінага змагара з карупцыяй, якога ўсе ведаюць. Насамрэч, гэта мафіёзныя разборкі, вось і ўсё”.

Гл. таксама • 21 сьнежня затрыманы старшыня Дзяржаўнага камітэту авіяцыі Фёдар Іваноў • Хто такі Фёдар Іваноў і за што яго арыштавалі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG