Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Процька: “На сумленьні Дзяржынскага шмат расcтраляных людзей”


Ганна Соусь, Менск У Берасьці аднавілі помнік Фэліксу Дзяржынскаму. Помнік зьявіўся на тэрыторыі Берасьцейскай памежнай групы, якая носіць імя першага кіраўніка ВЧК. Пра ролю Фэлікса Дзяржынскага ў гісторыі Беларусі гаворыць гісторык Тацяна Процька, аўтарка кнігі “Станаўленьне савецкай таталітарнай сыстэмы ў Беларусі (1917–1944 гады)”.

Гісторык Тацяна Процка кажа, што ёй зразумелыя прычыны, паводле якіх у Беларусі ўсталёўваюцца і аднаўляюцца помнікі Фэліксу Дзяржынскаму.

(Процька: ) “Дзяржынскі нарадзіўся ў Беларусі, зьяўляецца вядомым дзяржаўным дзеячам савецкага часу, адным з заснавальнікаў савецкай дзяржавы. Памёр ён недзе ў 1926 годзе і ня мае дачыненьня да сталінскіх рэпрэсіяў, якія ў нас публічна асуджаныя. Пэрыяд 1920-х гадоў і пэрыяд станаўленьня савецкай дзяржавы, пачынаючы з 1917 году, у нашай афіцыйнай гістарычнай навуцы не асуджаны”.

Тацяна Процька кажа пра тое, што “чырвоны тэрор”, удзельнікам і арганізатарам якога быў Фэлікс Дзяржынскі, у афіцыйнай беларускай навуцы разглядаецца як крайнія меры маладой савецкай дзяржавы супраць агрэсіўных дзяржаваў-суседзяў.

Тацяна Процька зьвяртае ўвагу на тое, што нават у Расеі дзейнасьць Дзяржынскага палічылі злачыннай і ягоныя помнікі прыбралі з Масквы ды іншых гарадоў.

(Процька: ) “У нас не палічыліся з тым, што зрабілі расейцы, бо Дзяржынскі дзейнічаў у асноўным на расейскай тэрыторыі. Ён быў вельмі жорсткі сам па сабе, чалавек з каменным сэрцам. Менавіта на ягоным сумленьні шмат расcтраляных людзей”.

На фотаздымку: Новы бюст Фелікса Дзяржынскага ў маёнтку Дзяржынава, Менская вобласьць. Кастрычнік, 2004 году.
XS
SM
MD
LG