Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадкалядны “падарунак” жыхарам Драгічына


Галіна Абакунчык, Драгічын 21 сьнежня скончыўся тэрмін, адведзены жыхарам прыватнага сэктару Драгічына на заключэньне дамоваў аб вывазе пабытовага сьмецьця. Усім, хто адмовіўся гэта зрабіць, мясцовыя ўлады пагражаюць штрафам у 120 тысячаў рублёў.

Адпаведнае паведамленьне атрымалі больш за тысячу жыхароў Драгічына, а падпісаў яго галоўны санітарны ўрач Міхаіл Стасевіч. Спадар Стасевіч спасылаецца на дзяржаўную праграму “навядзеньня парадку на зямлі”, а таксама на неабходнасьць выкананьня пастановы Савета міністраў. Яна выйшла напрыканцы мінулага году й абавязала мясцовыя ўлады, так бы мовіць, ахапіць паслугамі прыборкі ўсё насельніцтва. Як заявіў Міхаіл Стасевіч у інтэрвію нашаму радыё, толькі на Берасьцейшчыне самастойна ўтылізацыяй сьмецьця займаюцца яшчэ 20 тысячаў чалавек, і робяць яны гэта не заўжды добрасумленна, а таму й было вырашана даручыць гэта камунальным службам.

(Стасевіч: ) “За чыста сымбалічную суму раз на месяц ці раз на тыдзень прыяжджаюць камунальныя службы й забіраюць гэтае сьмецьце. Паводле навукова абгрунтаваных нормаў – гэта 500-600 кіляграмаў на год. Але іншыя людзі сустракаюць гэта ў штыкі. Яны прывыклі ціха, уначы выкінуць у канаву ці вывезьці за горад”.

А што кажуць жыхары месца? У іх, як кажуць, свая праўда. Адзін з жыхароў Драгічына, Кастусь Мысьлявец, да прыкладу, кажа, што па-першае, усе жыхары прыватнага сэктару маюць прысядзібныя ўчасткі на некалькі соткаў зямлі, а таму спаліць ці закапаць сьмецьце няма праблемаў. А па-другое – на тых вуліцах, дзе такія дамовы складаліся, ня стала чысьцей. Вось што Кастусь Мысьлявец сказаў у інтэрвію Свабодзе:

(Мысьлявец: ) “Рэч такая, што былі абласныя дажынкі ў Драгічыне, і яны вельмі моцна растраціліся, і ў іх няма сродкаў. Гэткім чынам, яны хацелі вытрасьці зь людзей грошы, бо за дамову трэба 10 тысячаў, плаціць і за кожнага чалавека штомесяц яшчэ па тры тысячы. А там, дзе дамовы такія заключаныя, сьмецьце па тры тыдні ў вёдрах пад платамі ляжыць”.

Паводле спадара Стасевіча, ён і яшчэ некалькі чалавек зьвярнуліся па тлумачэньні ў пракуратуру Драгічына. Афіцыйнага адказу яны яшчэ не атрымалі. Але, як паведаміў галоўны санітарны ўрач, ніякага правапарушэньня ў ягоных дзеяньнях пракуратура ня ўгледзела.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG