Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі году ў беларускай культуры


Валянціна Аксак, Менск (эфір 16 сьнежня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Якімі творамі, ініцыятывамі, праектамі беларускіх дзеячаў культуры запомніцца 2004 год? Якія зьявы і падзеі духоўнага жыцьця краіны сёлета засмуцілі грамадзтва ці ўстрывожылі яго? Якія новыя станоўчыя ці нэгатыўныя тэндэнцыі ў жыцьці беларускіх творцаў і культурнай палітыцы дзяржавы акрэсьліліся?

Удзельнічаюць культуроляг і філёзаф Валянцін Акудовіч і старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі.

(Валянціна Аксак: ) “Спадар Баршчэўскі, што вам асабіста запала ў душу з культурнага жыцьця краіны 2004 году і што, на вашую думку, з гэтых падзеяў застанецца ў гісторыі беларускае культуры?”

(Лявон Баршчэўскі: ) “Бадай, з таго, што я запомніў, і што было мне блізка, — гэта мастацкі пленэр у вёсцы Бычкі на Вушаччыне, радзіме Васіля Быкава. Да яго родная быкаўская мясьціна мала асацыявалася зь ягоным характарам, а калі мастакі пакупаліся ў тым возеры, у якім любіў купацца Быкаў, а потым пахадзілі па суседніх вёсках, паразмаўлялі зь людзьмі — гэта было не хаджэньне ў народ у старым сэнсе, а гэта было нейкае адкрыцьцё новага Быкава, набліжанага да зямлі. Бо Быкаў ператварыўся фактычна ў сымбаль нацыі, і тое, што рабілася апошнія гады, — гэта было духоўным фэномэнам. Быкаў быў зьяваю грамадзкага жыцьця, а мастакі здолелі зноў вярнуць Быкава ў культуру”.

(Аксак: ) “А вяртаньнем Быкава ў літаратурны кантэкст можна назваць выданьне сёлета чатырох новых кнігаў. І ўсе яны выйшлі ў незалежных выдавецтвах. Гэта “Быкаў на Свабодзе”, гэта кніга ўспамінаў “Наш Быкаў”, гэта беларуска-расейская кніга “Парадоксы жыцьця” і том выбраных твораў Васіля Быкава, выдадзены “Беларускім кнігазборам”. Спадар Акудовіч, а што для вас стала знакам беларускай культуры 2004 году?”

(Валянцін Акудовіч: ) “Найперш я адзначыў бы выхад першага нумару часопісу “Тэксты”, які выдае постбумбаўлітаўская суполка, таму што часопісаў у нас катастрафічна мала і кожны зь іх варты ўвагі. Ёсьць яшчэ адна сымпатычная падзея — зьявілася прэмія імя Янкі Юхнаўца. Прэміяў у нас, як і часопісаў, катастрафічна мала. У любой нармальнай эўрапейскай краіне сотні літаратурных прэміяў”.

(Аксак: ) “Да прыкладу, у Расеі — больш за 300, а ў Францыі — больш за 2000”.

(Акудовіч: ) “Так, у іншых краінах любы больш-менш таленавіты літаратар у тыя гады, калі ў нас яшчэ першую прэмію атрымлівае, там мае ўжо цэлую нізку прэміяў.

Што яшчэ сымпатычнага і нечаканага — гэта стварэньне “Галерэі Б.”. Прыдумаў гэты праект і рэалізуе паэт Ігар Бабкоў. У чым яго сутнасьць? Зьбіраюцца паэты і чытаюць свае творы. Але ёсьць пэўнае адрозьненьне ад звычайных сустрэчаў паэтаў ці ля помніка Янку Купалу, ці недзе на літаб’яднаньнях. Гэта — закрыты клюб, гэта, калі заўгодна, паэтычная масонская ложа, куды запрашаюцца абраныя, і ў гэтым ёсьць свая інтрыга”.

(Баршчэўскі: ) “Я б уставіў яшчэ адзін момант — фэнамэнальна тое, што сёлета ўпершыню за многа гадоў выйшла кніжка на ідыш. Гэта творы габрэйскага паэта, які нядаўна адышоў у лепшы сьвет, Рыгора Рэлеса. Кніга выйшла ў выдавецтве “Логвинов”.

(Аксак: ) “Кніжка на ідыш выйшла, але яе аўтар быў, на жаль, апошнім аўтарам у Беларусі, хто пісаў на гэтай мове, так што ці мае кніжка чытачоў? Але гэта ўжо іншае пытаньне”.

(Акудовіч: ) “Хачу трохі сказаць пра тыя тэксты і кніжкі, якія мне падаліся найбольш істотнымі сёлета. Я пачаў бы гэты невялікі пералік зь некалькіх пазыцыяў кніжкай Міраслава Шайбака, якой ён вярнуўся зь літаратурнага нябыту. Ён шмат гадоў маўчаў і вось выдаў кнігу, якая складаецца пераважна з тых тэкстаў, што былі напісаныя напачатку 1990-х, тады, калі зь ім шмат хто зьвязваў спадзяваньні на актуальную дынамічную беларускую прозу. Вельмі мяне ўсьцешыла кніжка Марыі Вайцяшонак “Кола”. Я страшэнна люблю гэтую літаратарку, абсалютна ўнікальную па сваім эмацыйным досьведзе, па сваім стылі, па сваім сьветабачаньні й яго выяўленьні. З празаікаў я яшчэ адзначыў бы кніжку Барыса Пятровіча “Шчасьце быць” і зьвярнуў бы ўвагу на ягоную аповесьць “Пуціна”, якая друкавалася ў часопісе “Дзеяслоў”. Вельмі зграбна яна пабудаваная на адным прыёме — аповесьць-сказ, што ў нашай літаратуры ня часта здараецца, удалая фармалізацыя прыёму ў мастацкім тэксьце. У паэзіі адзначыў бы кніжку Андрэя Хадановіча “Лісты з-пад коўдры”.

Але што я лічу сапраўды падзеяй гэтага году ў беларускай паэзіі — гэта выхад кніжкі Ўладзімера Някляева, якая называецца “Так”. Гэта сапраўды нешта новае і для аўтара, чаго я не чакаў ад яго, бо паэты ў такім досыць паважным узросьце рэдка мяняюцца, але і ўвогуле для беларускай літаратуры”.

(Аксак: ) “Што засмуціла ў беларускай культуры ў 2004 годзе? Калі ласка, спадар Акудовіч”.

(Акудовіч: ) “Найперш гэты год засмуціў мяне зыходам шэрагу выдатных літаратараў, прычым раньні сыход. Бо калі блізкі сыход Івана Шамякіна быў чаканы — чалавек пражыў вялікае творчае жыцьцё, то сьмерць Алеся Асташонка, Алеся Пісьмянкова, Міколы Купрэева — гэта сьмерці заўчасныя. Кожны зь іх быў абсалютна неардынарны талент і незаслужна нізка ацэнененыя ці недаацэненыя. Чаму так рана і масава пачалі паміраць беларускія літаратары? Ім, якія рэчаіснасьць успрымаюць больш абвострана, больш балюча, чым звычайныя шараговыя, паспалітыя, ім у гэтыя часы жыць асабліва цяжка. Менавіта таму яны сыходзяць — і сыходзяць першымі”.

(Баршчэўскі: ) “Што мяне сёлета асабліва засмуціла, гэта фраза маэстра Фінбэрга пра тое, што галасуйце, маўляў, за дарагога і г.д. Відаць, што творцы, якія знаходзяцца ў гэтай сыстэме, даведзеныя да такога стану, што маўчаць і проста граць на афіцыёзных канцэртах мала. Мусіць, іх ужо змушаюць гаварыць словы ў падтрымку. Я разумею, што маэстра Фінбэрг у цяжэйшай сытуацыі, чым літаратары. За ім — цэлы аркестар, які патрабуе велізарнай фінансавай падтрымкі, і ніводная прыватная асоба ня можа ў нас утрымліваць такі аркестар, але ж тым ня менш адбываецца тое, што адбываецца. Яшчэ год таму мы крыху жартаўліва ставіліся да таго, што вось нейкая дзяржаўная ідэалёгія ствараецца і ўводзіцца, а цяпер бачым, што яна дае свой пустацьвет, і гэты пустацьвет ужо буяе пышным цьветам”.

(Аксак: ) “А як вы ставіцеся да такой зьявы, якая сёлета ўжо стала таксама яскравай, — пераход некаторых беларускіх творцаў на расейскую мову? Вось прыклад. Быў абвешчаны конкурс на найлепшы сцэнар тэлефільму. Перамог у гэтым конкурсе вядомы, таленавіты беларускі аўтар Андрэй Федарэнка са сваім сцэнаром фільму для падлеткаў “Тры талеры”. Сцэнар гэты спадар Федарэнка напісаў па-расейску. На маё пытаньне чаму, ён адказаў: ну, дзеля таго, каб хаця прачыталі, бо па-беларуску сябры журы проста не чыталі б”.

(Акудовіч: ) “Я ня схільны пэрсанальна кагосьці абвінавачваць, але пра тэндэнцыю, пра зьяву я, канечне ж, выкажуся цалкам адмоўна”.

(Баршчэўскі: ) “Я сказаў бы так: калі журы, якое працуе ў Беларусі, а не міжнароднае, ня здольнае прачытаць тэксту па-беларуску, ці варта да такога журы зьвяртацца і ўдзельнічаць у такіх конкурсах? Мне здаецца, што ўзровень гэтага журы ўжо сам па сабе зьніжае вартасьць гэтага конкурсу. Бо любая прэмія — гэта ня толькі грошы, гэта яшчэ і аўтарытэт тых, хто выдае гэтую прэмію”.

(Аксак: ) “Арэал беларускае мовы ў беларускай культуры выразна звузіўся?”

(Акудовіч: ) “Самая вялікая праблема — гэта тое, што зьнікае чытач мастацкай літаратуры”.

(Баршчэўскі: ) “Увогуле…”

(Акудовіч: ) “Увогуле… Гэта праблема глябальная. Сыходзіць чытач”.

(Аксак: ) “Адкуль ён, гэты чытач, можа ўзяцца ў Беларусі? Ідзе наступ на Саюз беларускіх пісьменьнікаў, дайшло да таго, што пагражаюць апячатаць два пакойчыкі ў Доме літаратара, дзе месьціцца сакратарыят Саюзу. Адмовіліся “Белпошта” і “Белкніга” распаўсюджваць недзяржаўны часопіс “АRCHE”, зь вялікімі цяжкасьцямі прабіваецца да чытача другі недзяржаўны часопіс “Дзеяслоў”. Чытач адлучаны ад твораў беларускіх аўтараў. А вы кажаце — глябалізацыя… Няўжо ва ўсім сьвеце так?”

(Акудовіч: ) “У нас у Беларусі гэтая агульнасусьветная сытуацыя шматкроць ускладняецца па-першае, звужэньнем арэалу функцыянаваньня беларускай мовы, як такой, па-другое, рэпрэсіўным стаўленьнем беларускай улады да беларускае мовы наагул і беларускае літаратуры канкрэтна. Больш за тое, абразьлівае, гідлівае стаўленьне да мовы і літаратуры. І гэта — хай вымаўляецца не заўсёды так ужо жорстка, хаця хапала выказваньняў проста непрыстойных — вось гэтае ўнутранае гідлівае стаўленьне да беларускай мовы і культуры, яно напоўніла ўсю прастору Беларусі. І таму больш ці менш адукаваны чалавек, але такі не адданы беларушчыне, ён недзе ўжо напітаны, ён пранікся ўжо гэтым скепсісам, які падтрымліваецца, а магчыма, і ініцыюецца самой уладай. І гэта адна з праблемаў, адна з найбольшых праблемаў прамінулага году”.

(Баршчэўскі: ) “Аб’ектыўных умоваў для таго, каб выходзіла беларуская літаратура, няма, але яна выходзіць. Іншая рэч, што цяпер ва ўмовах панаваньня відэатэхналёгіяў, няма ніякіх шанцаў, што іхныя творы экранізуюць і данясуць празь “відэашэраг” да масаў хаця б асноўныя ідэі. Вось у гэтым мы трагічна прайграем. Адсутнасьць нацыянальнага кінэматографу, які цалкам заменены вядома якімі фільмамі, якія падтрымліваюцца ўладай, — вось гэта трагедыя. Няма папулярызацыі мастацкіх тэкстаў, выхаду іх на публіку праз даступныя сродкі інфармацыі.

І яшчэ. Крытычныя дадаткі да СМІ. Дакладней, іх поўная адсутнасьць. Ды любая штодзённая нямецкая газэта штотыдня публікуе літаратурны дадатак, дзе ідуць рэцэнзіі на кніжныя навінкі. У суботу выходзіць дадатак, а ў панядзелак-аўторак на 30–40% узрастае продаж кнігаў, якія рэцэнзаваліся. Сёньня ў нас з гэтым бяда. “Наша Ніва” мае занадта малы аб’ём і занадта шырокі профіль, у “ЛіМ” ня кожны ўжо і напіша, часам ня хочацца і пісаць туды, і многім ня хочацца, і мне туды ня хочацца пісаць…”

(Аксак: ) “А многім і чытаць гэтую газэту ня хочацца”.

(Акудовіч: ) “А многіх і не друкуюць, хоць яны і пішуць туды”.

(Баршчэўскі: ) “…то вось гэта — таксама трагедыя нашай літаратуры: у нас няма нашай літаратурнай газэты. Тэксты ствараюцца, тэксты прадукуюцца, але яны існуюць у замкнёнай прасторы. Я ўжо не кажу пра тое, што ўрад не парупіцца пра тое, каб творы нашых аўтараў папулярызаваліся за мяжой, і не заплаціць ганарараў замежным перакладчыкам, каб яны выдавалі беларускія кнігі па-ангельску ці на іншых мовах. Пра гэта і марыць не даводзіцца. Вось якія праблемы паўсталі яскрава сёлета”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG