Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстанс Фліпот: “Мае бабуля й дзядуля паходзяць зь Беларусі”


Ганна Соусь, Менск Намесьніца амбасадара ЗША ў Беларусі Канстанс Фліпот дала інтэрвію Радыё Свабода.

(Карэспандэнтка: ) “Спадарыня Фліпот, найперш слухачам Радыё Свабода было бы цікава пазнаёміцца з вамі, даведацца пра ваш прафэсійны досвед. Ці зьвязваюць вас пэўныя дачыненьні зь Беларусьсю?”

(Канстанс Фліпот: ) “Перш за ўсё вялікі дзякуй за магчымасьць выступіць на Радыё Свабода. Што датычыцца майго прафэсійнага вопыту, маёй прафэсійнай дзейнасьці, то ў дыпляматычнай службе Злучаных Штатаў я ўжо дваццаць пяць гадоў. Большасьць гэтага часу я займалася эканамічнымі, камэрцыйнымі пытаньнямі ў асноўным ў эўрапейскіх краінах, за выключэньнем двух гадоў, якія я правяла на Бірме, у Рангуне. А да гэтага я працавала ў Хэльсынкі, у Маскве, у Латвіі, а цяпер у Беларусі, што мне асабліва падабаецца. Мае бабуля і дзядуля з боку маёй маці паходзяць зь Беларусі, з рэгіёну блізу мяжы з Расеяй (тады гэта была частка Расейскай імпэрыі), а цяпер Гомельская вобласьць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці наведвалі вы ўжо тыя мясьціны, адкуль паходзяць вашыя продкі?”

(Фліпот: ) “У мяне была магчымасьць наведаць тую вёску, у якой нарадзіўся мой дзядуля. Гэтая вёска збольшага ўжо пакінутая, таму што яна знаходзіцца на забруджанай тэрыторыі. Аднак нягледзячы на тое, там была бабуля, якая паказала мне дом, дзе нарадзіўся мой дзядуля”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадарыня Фліпот, вашыя першыя некалькі месяцаў знаходжаньня ў Беларусі супалі з правядзеньнем рэфэрэндуму і выбараў у Палату прадстаўнікоў у Беларусі, а таксама з прэзыдэнцкімі выбарамі ў ЗША. Як намесьніца кіраўніка дыпляматычнай місіі ЗША, вы адказваеце за палітычныя пытаньні. Не маглі бы сказаць, якія, на вашую думку, былі асноўныя адрозьненьні ў гэтых выбарчых кампаніях?”

(Фліпот: ) “Я думаю, што самае галоўнае адрозьненьне між гэтымі палітычнымі кампаніямі — гэта тая атмасфэра, у якой яны праводзіліся. Калі бы вы былі ў ЗША за месяц да выбараў, вы бы атрымалі вялізарную колькасьць інфармацыі з разнастайных сродкаў масавай інфармацыі пра ўсіх кандыдатаў, ня толькі пра двух асноўных галоўных кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай кампаніі, але і пра незалежных кандыдатаў. Бліжэй да выбараў былі тры сэрыі дэбатаў паміж асноўнымі кандыдатамі на прэзыдэнцкую пасаду.

У Беларусі, адрозна ад Злучаных Штатаў, інфармацыя зыходзіла толькі з аднаго боку, і гэта быў бок ураду. Большасьць дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, а ў Беларусі большасьць СМІ — дзяржаўныя, падтрымлівалі й рэфэрэндум, і тых кандыдатаў у парлямэнт, якія лічыліся ўрадавымі. А незалежныя ці апазыцыйныя кандыдаты мелі вельмі мала магчымасьцяў выказаць свой пункт гледжаньня. І самі выбары характарызаваліся парушэньнямі, пра што сьведчыла большасьць міжнародных назіральнікаў. У Злучаных Штатах, калі ўзьнікалі працэдурныя пытаньні, пытаньні па выбарчых працэдурах, ці пытаньні з падлікам галасоў, то яны разглядаліся ці незалежнымі назіральнікамі, ці незалежнымі інстытутамі, ці ў судах. У Беларусі такога не адбывалася”.

(Карэспандэнтка: ) “І пра яшчэ адну выбарчую кампанію, гэтым разам украінскую… Спадарыня Фліпот, як вы ацэньваеце апошнія падзеі ва Ўкраіне? На вашую думку, ці магчымая падобная “аранжавая рэвалюцыя” ў Беларусі ў 2006 годзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў?”

(Фліпот: ) “Я думаю, што найбольш значныя элемэнты сытуацыі ва Ўкраіне ў тым, што ва ўкраінскага народу стала мужнасьці, і ў іх была магчымасьць самастойна вырашыць сваю палітычную будучыню. І цяпер становіцца зразумела, што ўлады прыслухоўваюцца да тых людзей, што цяпер на вуліцах. Я не хацела бы прадказваць, наколькі такія падзеі магчымыя ў Беларусі, таму што тут іншы народ, зь іншай гісторыяй, зь іншай культурай. Аднак я ўпэненая, што калі-небудзь, я ня ведаю калі, беларусы змогуць вызначыць свай уласны палітычны лёс так, як будуць лічыць патрэбным. І мы падтрымліваем беларускі народ, мы падтрымліваем жаданьне беларускага народу атрымаць магчымасьць вызначыць сваю палітычную будучыню свабодна і справядліва”.

(Карэспандэнтка: ) “Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш нядаўна падпісаў “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, які прадугледжвае ўвядзеньне санкцыяў супраць найвышэйшай улады ў Беларусі і падтрымку дэмакратычных свабодаў у краіне. На вашую думку, як практычная рэалізацыя “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” можа адбіцца на беларуска-амэрыканскіх дачыненьнях?”

(Фліпот: ) “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” адлюстроўвае занепакоенасьць, якая ёсьць у Кангрэсу ў сувязі з пагаршэньнем сытуацыі ў Беларусі з дэмакратыяй і правамі чалавека. Акт заклікае беларускія ўлады зьмяніць гэтую сытуацыю, палепшыць сытуацыю з правамі чалавека і забясьпечыць выкананьне фундамэнтальных свабодаў, уключна са свабодай слова ў Беларусі. Не ад самога Акту будуць залежаць стасункі паміж ЗША і Беларусьсю. Гэта будзе залежаць ад дзеяньняў беларускіх уладаў.

Што датычыць санкцыяў, то “Акт аб дэмакратыі” ня ўводзіць ніякіх новых санкцыяў супраць Беларусі. Ён заклікае да таго, каб дапамога не аказвалася непасрэдна беларускаму ўраду, і каб не было эканамічнай падтрымкі гандлёвым стасункам. І тут няма нічога прынцыпова новага. Такая сытуацыя ўжо існуе некаторы час”.

(Карэспандэнтка: ) “Ня так даўно вы разам са спадаром амбасадарам Джорджам Кролам наведалі ўрочышча Курапаты, дзе, паводле розных падлікаў, у час кіраваньня Сталіна было расстраляна ад 40 да 200 тысяч людзей, і дзе ў 1994 годзе прэзыдэнт Біл Клінтан усталяваў памятны знак “Ад народу Злучаных Штатаў народу Беларусі дзеля памяці”. Якое ўражаньне зрабіла на вас гэтае месца?”

(Фліпот: ) “Гэтае месца робіць вельмі моцнае ўражаньне і вельмі моцна нагадвае людзям аб той трагедыі, якая там адбылася. Я заклікаю ўсіх, хто там ніколі ня быў, абавязкова наведаць гэта месца, таму што гэта вельмі добры напамін пра тое, як нам трэба працаваць, якія намаганьні нам трэба прыкладаць, каб такое ніколі больш не адбылося”.

(Карэспандэнтка: ) “Напярэдадні міжнароднага Дня правоў чалавека 10 сьнежня амбасада ЗША ў Беларусі выступіла з заявай, у якой заклікала ўрад Беларусі прытрымлівацца міжнародна прызнаных асноўных правоў чалавека і сваіх абавязацельстваў па выкананьні Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека”.

(Фліпот: ) “Я хацела бы скарыстацца магчымасьцю і сказаць, што на гэтым тыдні мы будзем адзначаць Міжнародны дзень правоў чалавека. Падпісваючы ўнівэрсальную Дэклярацыю правоў чалавека, Беларусь пагадзілася з тым, што фундамэнтальныя свабоды, такія як свабода прэсы, свабода сходаў і свабода выказваньняў зьяўляюцца асновай свабоды і справядлівасьці. І мы заклікаем беларускі ўрад выконваць тыя абяцаньні, якія яны далі, падпісваючы гэтую Дэклярацыю”.

(Карэспандэнтка: ) “І вы, і ваш муж зьяўляецеся прафэсійнымі дыпляматамі. Ці лёгка ў вашай сям’і, дзе два дыпляматы, і ці існуе паміж вамі своеасаблівая канкурэнцыя?”

(Фліпот: ) “Я вельмі ўзрадаваная тым, што са сваім мужам падзяляю прафэсійную дзейнасьць. Мы вельмі дапамагаем адзін аднаму, і я лічу, што разам мы мацнейшыя. Калі б мы былі адзін без аднаго, то былі бы слабейшыя, чым цяпер. Я шмат чаму навучылася за той час, пакуль жыву і працую разам зь ім. І спадзяюся, што ён мог бы тое самае сказаць. Самае складанае, што час ад часу нам даводзілася жыць паасобку. Напрыклад, цяпер ён працуе ў Бялградзе, а я працую ў Менску”.

(Карэспандэнтка: ) “Што бы вы хацелі пажадаць слухачам Радыё Свабода?”

(Фліпот: ) “Я хацела бы выказаць самыя цёплыя пажаданьні слухачам Радыё Свабода. Шчасьлівых сьвятаў, шчасьлівых Калядаў і Новага году!”
XS
SM
MD
LG