Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Віяленцій, захавальніца кораня жыцьця


Віталь Сямашка, Менскі раён Новая перадача сэрыі “Партрэт на Свабодзе”.

Яна яшчэ загадвала плянтацыяй на фабрыцы гародніны, што ў Менскім раёне, калі ейны Георгі зноўку прыйшоў да яе ў сьне. Так здаралася ўжо неаднойчы пасьля заўчаснай сьмерці мужа, калі нібыта ня вытрымаўшы зямнога існаваньня, раптам загінулі два гектары ўзрошчанага імі жэньшэню. У тых снах Віяленцій як быццам працягваў празь яе апекавацца гэтым таямнічым, падобным на чалавечую постаць коранем, які, як жанчына, дзевяць месяцаў выношвае свае плады. Гэтым разам, аднак, ягоны выгляд быў змрочны, словы не дапушчалі пярэчаньняў: расьліну, маўляў, тэрмінова трэба развозіць па кляштарах. Дзеля захаваньня нашчадкам. Яна й паехала, як прачнулася, у Жыровіцы ды Ляды. Бо цягам сумеснага жыцьця Ірына Віяленцій неаднаразова зьведвала, якой інтуіцыяй валодаў гэты чалавек, як прыслухоўваліся да яго, як людзі ва ўладзе, так і наймацнейшыя духам.

(Віяленцій: ) “Да нас прыехаў Кебіч на плянтацыю — былы кіраўнік дзяржавы. Яму ўсё вельмі спадабалася, пры канцы ён спытаў: а навошта вам гэта патрэбна? А муж сказаў: а вось Расея адасобіцца ад Савецкага Саюзу, а ў Беларусі застанецца кавалак Усурыйскай тайгі. Праз пару месяцаў гэта здарылася… А калі Зянон Пазьняк прыехаў да нас, ужо былі плады чырвоныя, і такая энэргетыка высокая, ён і кажа: ведаеце, як пабачыў усё гэта, у мяне і на душы пасьвятлела”.

“Коранем жыцьця”, “царом расьлінаў”, “духам зямлі” жэньшэнь называлі аж тры тысячагодзьдзі таму, калі ўсходнія народы сталі скарыстоўваць ягоны корань дзеля збаўленьня ад невылечных, здавалася, хваробаў, падаўжэньня маладосьці, падвышэньня працаздольнасьці дый нават мужчынскае патэнцыі. Напачатку мінулага стагодзьдзя ён цаніўся ўтрая даражэй за золата. Іосіф Сталін даў загад вывучаць ды ўкараняць культываваны жэньшэнь. Але й сёньня ў той жа Ўсурыйскай тайзе адна расьліна сустракаецца на тысячу гектараў лесу. І толькі гарадзенскаму аграному Георгію Віяленцію ўдалося ў 1985-м прышчапіць на беларускай глебе знойдзеныя на аблогах Сыхатэ-Аліню карані жэньшэню — акурат на працоўных плошчах Менскай фабрыкі гародніны. Гэта быў прарыў плянэтарнага значэньня, згадвае спадарыня Ірына:

(Віяленцій: ) “Калі мы куплялі насеньне на далёкаўсходняй досьледнай станцыі, там дырэктарам быў нехта Зражва. Ну, гаварыў: “Побалуйтесь, ребята”. Ён ведаў, што хто ні браў, нічога не атрымлівалася. Калі ён прыехаў да нас першы раз, скептычна ўсьміхаўся, другі раз маўчаў, а калі трэці раз прайшліся, былі расьліны рознага ўзросту, сказаў: “Ребята, вы даже не представляете, что вы сделали”.

Праз шэсьць гадоў плянтацыя асягнула шасьці гектараў і была прызнаная Эўрапейскім саюзам ахоўных тэрыторыяў найбуйнейшай у сьвеце жэньшэневай гаспадаркай. Сабраны рэкордны ўраджай — да сямі тонаў кораня з гектару. У друку жэньшэнь ды дзялянку яшчэ з 220 унікальных расьлінаў, што ўвайшлі ў лекавы сад імя Віяленція, называлі нацыянальным здабыткам Беларусі. У 1998-м спадарыня Ірына стала ляўрэатам “Ford Union” — прэстыжнай прэміі Генры Форда за “ўратаваньне ўнікальных плянтацыяў”. Але й самыя слынныя навукоўцы не ўяўлялі здольнасьцяў жэньшэню як “найвыдатнейшага лекавага сродку, які спыняе рэпрадукаваньне клетак з парушаным генэтычным кодам, што ўзрошчваюць анкалягічныя захворваньні” — гэта цытата з дакумэнта-сэртыфіката Мэдычнага навуковага радыёлягічнага цэнтру Расейскай Акадэміі Навук.

(Лосева: ) “Нашыя прэпараты, што мы стварылі з садам Віяленція, дазваляюць беларусам выжыць. Комплекс вітамінаў А, Е, С ды мікраэлемэнты ствараюць сыстэму абароны арганізму. А жэньшэнь, радыёла ружовая, элеўтэракок — гэта натуральныя антыаксыданты, у якіх усё прырода збалянсавала. Іх магчыма доўга ўжываць. Антыаксыданты, зробленыя штучна, можна ўжываць разава і толькі ў лекавых мэтах. Двухтыднёвы курс каштуе 2500-3000 рублёў — кожны беларус у стане заплаціць такія невялікія грошы”.

Гэта словы фармацэўта, кандыдата навук Людмілы Лосевай: яна аўтарка 15 зарэгістраваных лекавых прэпаратаў з жэньшэнем. У часе супольнай працы Людміла Паўлаўна стала ці не найбліжэйшай сяброўкай ды паплечніцай Ірыны Канстанцінаўны.

(Лосева: ) “Гэта ад прыроды надзвычай таленавіты чалавек. Яна кожнай расьліне піша вершы, ня сьпіць начамі, думае пра сад, і грошы для яе — ня самае галоўнае, хоць нават ня мае за што рабіць рамонт у хаце. Душа ейная баліць за тое, што там усё гіне!”

Як вы здагадаліся, спадарыня Лосева забегла наперад нашага аповеду. Але я сустрэўся зь ёй ужо тады, калі плошча лекавага саду скарацілася да 1 гектару, у назьве зьнікла імя Георгія Віяленція — справа аднаго з трынаццаці дырэктараў, што памяняліся на фабрыцы цягам трох апошніх гадоў. З-за несвоечасовай пасадкі загублены сёлетні ўраджай жэньшэню. Аднак дачка Натальля разумее сёньня, што магло быць яшчэ горш.

(Натальля: ) “Пасьля бацькавай сьмерці, каб яна не ўзяла ў свае рукі, каб не ваявала, нічога б не было, затапталі б!”

Дарэчы, Натальля вымушаная была пайсьці з плянтацыі нядаўна, апошняй зь Віяленціяў. Я ня змог не запытацца ў яе пра перададзенае ад маці ўспрыняцьцё жэньшэню.

(Карэспандэнт: ) “Ты адчуваеш яго як жывую істоту?”

(Натальля: ) “Так, прыйшла, як да дзетак — нібы чакалі, адчула. Бо людзі, што прыйшлі цяпер, хочуць грошы займець з участку, выссаць зь яго ўсё. А там трэба болей укладаць, чым забіраць, каб штосьці было”.

* * *

Усе вышэйпералічаныя падзеі адбыліся пасьля перадачы фабрыкі гародніны “Белзьнешгандальінвэсту” — структуры Кіраваньня справамі прэзыдэнта. Ад жэньшэню там вырашылі пазбаўляцца, бо працоўныя плошчы на загад экс-дырэктара Леўчанкі, які, кажуць, цяпер у вышуку, сталі бясплатнай базай для захоўваньня трактароў, што рэалізоўваліся ў Расеі праз падстаўныя фірмы ці, да прыкладу, вырабу вульляў ды дошак для парканаў. Плянтацыя ж хоць і давала на гэты час 50% прыбытку фабрыцы, прыносіла яго ня так хутка і не туды, куды было пажаданым памагатым Галіны Жураўковай. Спадарыня Ірына біла ва ўсе званы.

(Віяленцій: ) “Гэты прыбытак іх не цікавіў, бо не асядаў у іхных кішэнях. Не падабалася, што я не хачу даваць раскрадаць усё створанае намі. Плянтацыя павінна быць аддзеленая ад гаспадаркі, быць самастойнай дзяржадзінкай. Дзяржчыноўнікі таксама павязаныя. Інакш я не магу зразумець, чаму ні яны, ні сам Лукашэнка — ён пра гэтую плянтацыю ведае — ня могуць зрабіць высноваў з гэтай сытуацыі. Я падавала ў суд. Было спалена высушаных траваў больш за тону — цэлая гадавая нарыхтоўка. Жэньшэню сухога сьпісана 27 кіляграмаў. А 200 кіляграмаў — увесь быў паточаны мольлю”.

На працы вакол Віяленцій стварылі нясьцерпную атмасфэру. Тым больш, за праўду, як яна яе разумее, гэта жанчына ідзе “на бой крывавы”. Не зважаючы на асобы. Былы дырэктар Мікалай Кугач публічна стаў называць Ірыну Канстанцінаўну “чорнай разбуральнай сілай” ды “апазыцыянэркай”, што “перашкаджае праводзіць рэформы”. На плянёрках, як толькі ёй прамаўлялася хоць слова, Кугач выклікаў міліцыю: казаў, не дае працаваць. Таму ўсе вытворчыя размовы ёй даводзілася запісваць на магнітафон. Многія былыя знаёмыя ня проста маўчалі — сталі абыходзіць яе. Загадчык здраўпункту Віктар Юршэвіч, які ў самыя цяжкія часіны дэманстратыўна, як кажуць, працягваў ёй руку, сёньня называе адносіны навакольных да Віяленцій “праверкай на трываласьць”.

(Юршэвіч: ) “Безумоўна, Ірына Канстанцінаўна выстаяла, справу працягнула. А людзі, якім была справа абыякавая, тое, што называецца “нэўтрум” — ёсьць такое лацінскае слова, сярэдняга роду — яны недзе растварыліся”.

Бяз дай прычыны спадарыню Ірыну звальняюць з фармулёўкай за “сыстэматычнае невыкананьне службовых абавязкаў”. Вырашаюць ня проста выгнаць — пасадзіць за краты. На яе падаецца пазоў за нібыта незаконнае вырошчваньне так званых “нефармакапійных”, ці незарэгістраваных у Дзяржрэестры зёлак, чым нанесла стратаў на 9 мільёнаў рублёў. Першы, другі, трэці суды розных інстанцыяў цягнуліся два гады. Віяленцій была цалкам ды неаднаразова апраўданая. Зрэшты, акрамя яе, наўрад ці хто можа перадаць, праз што давялося прайсьці.

(Віяленцій: ) “А вусна Кугач мне сказаў: я цябе выкіну з кватэры. Я ішла ў бугальтэрыю — мне трэба было ўзяць паперы на суд. І калі падышла да вяртушкі, перада мной яе закрылі. Празь некалькі хвілінаў бачу: бягуць начальнік аховы і ўчастковы — такі мардаварот. І ён мяне схапіў за рукі, цягаў. Калі пайшла ў бальніцу, у мяне ціск быў 220 на 120. Такое дзікунства — на вачах у людзей, зь якімі я працавала! І ў гэты ж вечар участковы з групай людзей у цывільным ламіліся да мяне ў дзьверы. Я так думаю, каб я адкрыла, яны б мяне сілай прымусілі падпісаць фальшывыя паперы. А ў мяне сякера стаяла. Дык ня ведаю… Я ў пракуратуру напісала. Напісалі ў адказ, што міліцыянт папярэджаны аб больш паважным стаўленьні да грамадзянаў…”

Судовыя разьбіральніцтвы завяршыліся адначасова з надыходам пэнсійнага ўзросту, пасьля чаго кантракт на фабрыцы зь ёй, натуральна, ня быў падоўжаны. Успаміны, відавочна, кранаюць за жывое маю суразмоўніцу, і яна, асоба эмацыйная, прапануе падысьці да плянтацыі, куды ёй уваход дагэтуль забаронены. Ахоўнік, убачыўшы яе, хапаецца за слухаўку — відаць, па дапамогу. Тым ня менш, апынаемся ўнутры дзякуючы ўмяшаньню цяперашняй загадчыцы ўчастку ды Ірынінай былой навучэнкі. Спадарыня Ірына выходзіць у шоку.

(Віяленцій: ) “Я пабачыла зарасьнікі лебяды, і стала страшна…”

(Аліева: ) “Яшчэ будзе горш — вы мусіце сабе да гэтага рыхтаваць!”

Гэта мы ўжо ў мястэчку Трасьцянец, дзе пражывае былы камэрцыйны дырэктар фабрыкі гародніны Антаніна Аліева. Даведваемся, што прадпрыемства перададзенае ў падпарадкаваньне Менгарвыканкаму. Спадарыня Антаніна камэнтуе:

(Аліева: ) “Фабрыка, безумоўна, будзе акцыянаваная. Жэньшэнь дае аддачу ня ў першы год, а на трэці-шосты. Верагодна, што людзі, укладаючы грошы, пажадаюць атрымаць прыбытак, як найхутчэй — пабудуюць станцыі запраўкі, рынак альбо катэджы. І плянтацыі жэньшэню месца адназначна ня будзе. Вы зразумейце, Ірына Канстанцінаўна, людзі нашыя лічаць: выпіў сёньня таблетку, у яго не павінна балець галава. Ён будзе піць жэньшэнь месяц і не зразумее, што ён яму дапаможа. Не памрэ жэньшэнь, таму што гэта здароўе нацыі — і калі ня стане на прылаўках, а будзе прывозіцца кітайскі, што не па кішэні, усе згадаюць пра Віяленцій!”

Усё ж і для сёньняшняга кіраўніцтва яна застаецца няўгоднай. Каб даведацца, што думаюць на фабрыцы пра лёс плянтацыі, тэлефаную галоўнаму эканамісту Тамары Юрчанцы.

(Юрчанка: ) “Плянтацыя сама па сабе будзе працаваць. Цяпер там вырошчваюць валерыяну, маліны тры гектары пасадзілі. Прыяжджайце — купляйце па тры тысячы кіляграм. Жэньшэнь пяць гадоў як загубілі — сёньня нікому ня трэба!”

Аказваецца, начутыя тут і пра нашае зьяўленьне ў лекавым садзе.

(Юрчанка: ) “Вось нядаўна ёй павялі, паказалі штосьці. Вартаўнікі сталі крычаць — сыходзьце, бо канец працоўнага дня, не прахадны двор. Людзі ня шастаюць, усе вельмі задаволеныя. А яна ў нас ня можа жыць спакойна, лезе куды трэба і куды ня трэба. І штосьці ёй не падабаецца”.

Я слухаю яе ды каторы раз паўтараю пытаньне — памятаеце, шмат гадоў таму зададзенае Вячаславам Кебічам: “А навошта вам гэта трэба?!” Паўтараю яго і маёй каляжанцы Ганьне Арцюшкевіч. Два дзесяцігодзьдзі яна, бадай, зь пісьменьніцкай увагай адсочвае лёс спадарыні Ірыны. Чаму?

(Арцюшкевіч: ) “Нягледзячы на тое, што сёньня час спрыяльны для хлусаў ды спрытнюг, Ірына Віяленцій стаіць над часам і над уладай. І ня ведаю, хто сёньня змог бы вытрымаць усе гэтыя выпрабаваньні й працягваць рабіць гэта, нягледзячы ні на што. Віяленцій хоча, каб нацыя ня толькі была здаровая, але каб людзі не баяліся ніякага ціску”.

(Карэспандэнт: ) “Яе можна назваць праваабаронцам?”

(Арцюшкевіч: ) “Безумоўна! Няпэўны лёс плянтацыі, але яна пасадзіла жэньшэнь у іншых месцах, у вучэльні, дзе цяпер вядзе гурток. І я лічу, што яна перамагла!”

Напярэдадні эфіру тэлефануем са спадарыняй Ірынай у кляштар Дабравесьця ў Лядах, што на Смалявіччыне. Паведамляюць, што жэньшэневыя плады ўжо завязаліся. Віяленцій літаральна маладзее на вачах.

(Віяленцій: ) “У вучэльні ўжо больш за сто відаў зёлак. Хочацца сажалку там выкапаць, каб птушкі сьпявалі. Мне вельмі хочацца напісаць кнігу. Астроляг мне сказаў, што ў мяне вельмі спрыяльныя ўмовы гэтым усім займацца — і лекавым садам, працягам справы, якую не завяршыў муж. Колькі мне жыць засталося?! Хочацца памерці ў руху”.
XS
SM
MD
LG