Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макс Мірны перамог у Парыжы пасеянага пад першым нумарам Эндзі Родыка, дайшоў да паўфіналу


RFE/RL У трэцім коле прэстыжнага парыскага турніру “Paris Masters Series” беларускі тэнісіст Макс Мірны перамог пасеянага пад першым нумарам Эндзі Родыка, які цяпер зьяўляецца другой ракеткай сьвету. А позна ўвечары ў пятніцу Макс Мірны ва ўпартай барацьбе перамог швэда Робіна Содэрлінга і выйшаў у паўфінал.

Моцныя падачы і нізкі працэнт памылак зрабілі магчымай гэтую перамогу. Макс Мірны перамог другую ракетку сьвету Эндзі Родыка ў двух сэтах – 7:6 (7:2), 6:2 – затраціўшы на гэта адну гадзіну пяць хвілінаў.

Родык, які некалькі разоў падчас матчу пачынаў спрэчкі з судзьдзём, сказаў пра Мірнага на пасьляматчавай прэсавай канфэрэнцыі: “Ён гуляў добра, добра падаваў, не прапускаў шмат мячоў”.

Самога Родыка ў хуткім часе чакае ці не найбольш прэстыжны турнір году – спаборніцтва “Masters Cup” васьмі лепшых тэнісістаў плянэты ў Х’юстане 15-21 лістапада. Нягледзячы на паразу ад Макса Мірнага, Родык запэўніў журналістаў, што знаходзіцца ў добрай фізычнай форме.

Макс Мірны ўпершыню выйшаў у чвэрць фінал на парыскім турніры, які мае прызавы фонд 2.4 мільёны эўра.

У парным разрадзе Макс Мірны і індус Махеш Бхупаці ўжо дасягнулі паўфіналу.

***

Позна ўвечары Макс Мірны ва ўпартай барацьбе перамог швэда Робіна Содэрлінга ў чвэрцьфінальным матчы зь лікам 6:7(5:7), 6:4, 7:6(7:5). Матч доўжыўся дзьве з паловай гадзіны. Макс Мірны выйшаў у паўфінал, дзе ягоным супернікам будзе Радэк Штэпанэк з Чэхіі.
XS
SM
MD
LG