Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доктар філязофіі Вячаслаў Оргіш: “Амэрыка досыць арганічна спалучае як кансэрватыўныя, так і лібэральныя каштоўнасьці”


Уладзімер Глод, Менск Па гарачых сьлядох выбараў у Злучаных Штатаў Амэрыкі беларускія палітыкі адзначалі: незалежна ад таго, хто б на іх перамог – Джордж Буш ці Джон Кэры, палітыка Амэрыкі адносна Беларусі прынцыпова зьмяняцца ня будзе. А што азначае выбар грамадзянаў Амэрыкі ў больш шырокім маштабе: ці ёсьць гэта перамога кансэрватызму над лібэралізмам? Чаму эўрапейцы, згодна з апытаньнямі, абралі б сваім лідэрам дэмакрата Кэры, а не рэспубліканца Буша? Гэтыя пытаньні наш менскі карэспандэнт абмяркоўвае з доктарам філязофіі Вячаславам Оргішам.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна сказаць, што перамога Буша азначае перамогу кансэрватызму над лібэралізмам у Амэрыцы?”

(Оргіш: ) “Я ўвогуле ня ставіў бы так пытаньне. Чаму? Таму што амэрыканскі палітычны, культурны, этнаграфічны космас, на мой погляд, досыць арганічна спалучае як кансэрватыўныя, так і лібэральныя каштоўнасьці. Гэта зьвязана і з палітыкай, і з эканомікай, і з рэлігіяй... Таму вызначэньне, што Буш быццам бы дасьць нейкую перавагу кансэрватызму над лібэралізмам, на мой погляд, ня мае вялікага грунту”.

(Карэспандэнт: ) “Значыць, калі б прэзыдэнтам стаў ня Буш, а Кэры, гэтыя ўсясьветныя каштоўнасьці фактычна не зьмяніліся б?”

(Оргіш: ) “Абсалютна. Трэба зазначыць, што, перадусім, у Амэрыцы, як гэта заўжды тут адбываецца, захавалася б арыентацыя на прыхільнасьць і безумоўнае выкананьне дэмакратычных прынцыпаў ва ўсіх сфэрах. Ну і вядома, што захаваліся б пэўныя накірункі, зьвязаныя зь інтэрпрэтацыяй і тлумачэньнем зноў жа таго ж лібэралізму й кансэрватызму як каштоўнасьцяў. Таму што ў жыцьці амэрыканца лібэральнае, як мне падаецца, спалучаецца зь цікавасьцю й прыхільнасьцю да кансэрватыўных традыцыяў. На гэтым грунтуецца амэрыканскае грамадзтва”.

(Карэспандэнт: ) “А цяпер мы пяройдзем да Эўропы. Чаму ўсюды гучаць такія камэнтары, што, калі б прэзыдэнта ЗША абіралі эўрапейцы, яны б абралі менавіта Кэры, а ня Буша? З чым гэта зьвязана: мэнталітэт іншы, Эўропа не задаволеная дзеяньнямі Злучаных Штатаў? Які тут комплекс праблемаў?”

(Оргіш: ) “Я, прыкладам, ведаю, што ў Францыі, можа, тыдзень таму праводзілі нацыянальнае сацыялягічнае апытаньне, і яно паказала, што 70% французаў аддалі б свае галасы Кэры. Дык вось, чаму так адбываецца? Тут справа ў тым, што Эўропа ўсё-ткі ў пэўным сэнсе не задаволеная тымі палітычнымі захадамі, якія праводзіла Амэрыка чатыры апошнія гады. Перадусім, гэта зьвязана з падзеямі, якія адбываліся на Блізкім Усходзе, з вайной у Іраку, і ўвогуле з палітыкай амэрыканскай адміністрацыі ў сфэры эканамічных стасункаў з Эўропай. На мой погляд, пэўныя колы Эўропы спадзяюцца, што Кэры, калі б ён стаў прэзыдэнтам, праводзіў бы палітыку, якая была б больш прымальнай для эўрапейскіх краінаў”.

(Карэспандэнт: ) “І апошняе. Як Вы думаеце, як цяпер будуць паводзіць сябе Злучаныя Штаты ў сваёй зьнешняй палітыцы? Ці, на Ваш погляд, будуць тут унесеныя нейкія карэктывы?”

(Оргіш: ) “Карэктываў у выглядзе паслабленьня дэмакратычных прынцыпаў ня будзе. Буш, безумоўна, захавае тыя накірункі й падыходы, якія існавалі да гэтага. Калі б прэзыдэнтам стаў Кэры, то ён узмацніў бы ціск на тыя краіны й рэгіёны, дзе дэмакратычныя каштоўнасьці парушаюцца. Прыкладам, я мяркую, што, калі б Кэры прыйшоў да ўлады, то стаўленьне Амэрыкі да беларускага рэжыму, магчыма, зрабілася б яшчэ больш жорсткім”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG