Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На філфаку БДУ перастала існаваць катэдра беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя


Ігар Карней, Менск На філялягічным факультэце Белдзяржунівэрсытэту катэдра беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя аб’яднаная з катэдрай гісторыі культуры. Кіраўніцтва факультэту сьцьвярджае, што зроблена гэта ў рамках адмысловай праграмы рэструктурызацыі БДУ. Некаторыя супрацоўнікі лічаць, што такія захады можна паставіць у адзін шэраг зь ліквідацыяй Беларускага гуманітарнага ліцэю ды Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Па колішнім тэлефоне катэдры беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя, што на філфаку БДУ, пацьвердзілі, што як самастойная яна ўжо не існуе.

(Спадарыня: ) “Асобна такой катэдры ўжо няма; яна пераўтвораная ў катэдру беларускай літаратуры і культуры”.

Катэдра беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя рашэньнем кіраўніцтва БДУ аб’яднаная з катэдрай гісторыі культуры. І калі шэраг выкладчыкаў называе такі крок нелягічным, то дэкан факультэту Іван Роўда кажа, што аб’яднаньне выкліканае кампаніяй рэструктурызацыі:

(Роўда: ) “Яна пераўтвораная ў катэдру беларускай літаратуры і культуры. Усе супрацоўнікі засталіся на сваіх месцах — як былі, так і працуюць”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта нечым увогуле матывавана?”

(Роўда: ) “Канечне, гэта матывавана. Увогуле, ва ўнівэрсытэце праводзіцца рэструктурызацыя, ідзе скарачэньне структурных падразьдзяленьняў: дзесьці аб’яднаньні адбываюцца, дзесьці скарачэньні. Гэта праграма, гэта не са столі звалілася”.

Пісьменьнік і літаратуразнаўца Міхась Тычына, які шмат гадоў выкладаў на ўжо фактычна скасаванай катэдры, згадвае, што зусім нядаўна праходзілі яе ўнутраныя праверкі, і іх вынікі былі вельмі станоўчыя. Відавочных падставаў да кардынальнай рэвізіі не было, а таму спадар Тычына называе аб’яднаньне штучным.

(Тычына: ) “Катэдра беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя — гэта своеасаблівая мацёра, каранёвая катэдра, зь якой увогуле філфак узьнік. Прынамсі, вядома, што ўсе астатнія катэдры так ці інакш вырасьлі зь яе, ня кажучы ўжо пра імёны загадчыкаў, якія там працавалі. Так што, я лічу, гэта штучнае аб’яднаньне, бо ўсё ж розныя рэчы — міталёгія і літаратура”.

(Карэспандэнт: ) “Можна казаць, што ў нейкай ступені адбыўся адыход ад традыцыяў?”

(Тычына: ) “Вядома ж. Ёсьць традыцыі, якія ідуць яшчэ з 1920-х гадоў, калі ствараўся ўнівэрсытэт. Але адбыўся нейкі рэзкі паварот, і аб прычынах можна толькі гадаць. Бо зусім невідавочна: чаму і навошта? Натуральна, я перакананы, што гэта толькі на шкоду беларускай філялёгіі. Няхай бы міталёгія, беларусазнаўства існавалі як асобны навуковы напрамак. А беларуская літаратура ХХ стагодзьдзя — гэта, можа, лепшае, што было ў нас увогуле. Таму гэта варта асобнай катэдры, асобнага напрамку — і навуковага, і пэдагагічнага”.

Міхась Тычына выказаў меркаваньне, што такія захады кіраўніцтва БДУ, падтрыманыя кіраўніцтвам філялягічнага факультэту, можна паставіць у адзін шэраг зь ліквідацыяй Беларускага гуманітарнага ліцэю ды Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG