Абмяркоўваючы апошнія падзеі, калегі спыталіся днямі пра беларускі адпаведнік расійскага спалучэньня смирительная рубашка. На гэтае пытаньне цяжка даць адназначны адказ: няма ў нас на сёньня аднаго рэгулярна ўжыванага беларускага адпаведніка. З ходу я сказаў калегам пра ўціхамірвальную кашулю. У сучасных слоўніках ёсьць рэдкі прыметнік уціхамірвальны, а вось спалучэньне ўціхамірвальная кашуля ўдалося знайсьці ўсяго ў двух слоўніках – абодва польска-беларускія (даўнейшы, 1962 году выданьня, і найнавейшы сёлетні, падрыхтаваны ў акадэмічным Інстытуце мовазнаўства). Вядома, уціхамірвальная кашуля – калька, мы застаемся ў каардынатах расійскага спалучэньня: адзежыну з завязванымі на сьпіне доўгімі рукавамі называем кашуляю, а не капотаю, скажам, ці каптаном, да таго ж скарыстоўваем яшчэ й “грувасткі” кніжны прыметнік уціхамірвальны. Здаецца, у яго ролі пэрспэктыўней выглядаюць прыметнікі, утвораныя ад сынанімічнага слову ўціхамірваць дзеяслова ўтаймоўваць: утаймоўны і ўтаймавальны (утаймоўная кашуля або ўтаймавальная кашуля). Зь цягам часу ўбачым, які з варыянтаў – кашуля ўціхамірвальная, утаймоўная, утаймавальная ці, можа, яшчэ проста заспакаяльная – задамінуе ў беларускім літаратурным маўленьні.
Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".
Самае папулярнае
1