Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік: “На аспрэчваньне вынікаў выбараў ужо тэрмін сышоў”


Алесь Дашчынскі, Менск Паводле незалежнага падліку галасоў выбарцаў на выхадзе з выбарчых участкаў, некаторыя кандыдаты перамаглі, а некаторыя павінны ўдзельнічаць у другім туры. Што будуць рабіць кандыдаты ў дэпутаты з гэтымі дадзенымі, калі афіцыйныя структуры ўсё роўна прызнаюць толькі свае лічбы?

Вядома, што кандыдат у дэпутаты, сябра БНФ Уладзімер Колас заявіў, што ён зьбіраецца давесьці да лягічнага завяршэньня сваю перамогу на выбарах і дзеля гэтага сабраць подпісы выбарцаў, якія за яго галасавалі. Паводле экзыт-полу, Уладзімер Колас перамог у першым туры, за яго прагаласавалі прыкладна 62 працэнты выбарнікаў.

Але цяпер, пасьля разгону дэманстрантаў і жорсткага зьбіцьця старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, усялякія скаргі ўладам на няправільныя лічбы выглядаюць марнымі. Так мяркуюць асобныя палітыкі. Намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “У гэтай сытуацыі яшчэ больш радыкалізуюцца настроі апазыцыйных людзей, якія галасавалі супраць Лукашэнкі. У гэтым сэнсе пісаньне ўсялякіх паперак у лукашэнкаўскія інстанцыі ўсё больш губляе сэнс, як тое самае, што зьбіты ў гестапа падпольшчык будзе пісаць скаргу гаўляйтэру Кубэ”.

Паводле дадзеных экзыт-пола, у некаторых акругах павінен прайсьці другі тур выбараў. Да прыкладу, такая сытуацыя ў адной з гарадзенскіх акругаў, дзе вылучаўся сябра БНФ Алесь Астроўскі; у Барысаўскай, дзе вылучаўся сябра АГП Леў Марголін, і ў адной з менскіх, дзе быў кандыдатам таксама сябра АГП Яўген Лабановіч.

Леў Марголін цьвердзіць, што ў ягонай акрузе павінен быць другі тур.

(Марголін: ) “І гэта ня толькі па выніках экзыт-пола. Мы маем дадзеныя па ўсіх участках. У нас ёсьць такія ўчасткі, дзе ніякага фальшаваньня не было, і там таксама мы набіраем ад 30 да 40 адсоткаў”.

У гэтай акрузе ў Барысаве былі тры дэмакратычныя кандыдаты супраць аднаго ад улады. Паводле спадара Марголіна, на ўчастках, дзе не было фальшаваньняў, яны ўтрох набралі больш за 50 працэнтаў. Што ж рабіць цяпер з гэтымі падлікамі? Леў Марголін:

(Марголін: ) “У нас было дастаткова шмат парушэньняў, мы склалі акты, накіравалі іх у пракуратуру, накіравалі іх у акруговую камісію. З акруговай камісіі мы ўжо атрымалі адказ, што так, невялікія хібы былі, але яны не паўплывалі на канчатковы вынік. Пракуратура яшчэ адказу не дала, але я думаю, што яны таксама адкажуць у гэтым жа сэнсе. Што мы будзем рабіць далей? Працаваць, рыхтавацца да прэзыдэнцкай кампаніі”.

Паводле экзыт-полу, праведзенага Балтыйскай службай інстытута Гэлапа, за Яўгена Лабановіча прагаласавала прыкладна 29 працэнтаў – ён займаў другое месца пасьля кандыдата ад улады, і ў ягонай акрузе павінен быць другі тур. Давераная асоба кандыдата Сяргей Альфер адзначыў, што пададзеныя скаргі ў выбарчую камісію, і што будзе скарга ў пракуратуру. Але, улічваючы досьвед папярэдніх гадоў і выбарчых кампаній, Сяргей Альфер мяркуе:

(Альфер: ) “Мне здаецца, што ў гэтым годзе ўлады будуць яшчэ больш жорстка адносіцца да гэтага пытаньня; то бок, яны адкінуць сумленьне, усе патрабаваньні закону, будуць проста не разглядаць нашы скаргі. Але тым ня менш скардзіцца мы будзем і данясем усё гэта да выбарцаў, каб ведалі выбарцы, наколькі іхным голасам махлююць улады”.

Тым часам у Цэнтрвыбаркаме рапартуюць пра апэратыўны разгляд усіх скаргаў, усе яны, паводле яе сакратара Мікалая Лазавіка, “прынятыя да ведама”. Толькі па двух участках Аршанскай выбарчай акругі праведзены паўторны падлік галасоў: па адным участку поўнае супадзеньне з афіцыйнымі лічбамі, а па другім, паводле спадара Лазавіка – “невялікае адхіленьне, у межах сямі бюлетэняў”.

(Лазавік: ) “На аспрэчваньне вынікаў выбараў ужо тэрмін сышоў, ну а нейкія іншыя парушэньні – хоць да новага патопу”.

Толькі ў адной акрузе, Наваполацкай, будзе другі тур галасаваньня 31 кастрычніка, і яшчэ ў адной з гарадзенскіх акругаў адбудуцца паўторныя выбары, дату якіх ЦВК яшчэ не прызначыў.

Такім ёсьць фінал кампаніі паводле афіцыйнай вэрсіі. Дадзеныя экзыт-полу інстытут Гэлапа абяцае паведаміць 22 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG