Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 кастрычніка 1926 году ў Менску адкрыўся Габрэйскі драматычны тэатар


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 21 кастрычніка

21 кастрычніка 1919 году ў Менску, тады яшчэ не савецкім, пачала выходзіць штодзённая газэта “Беларусь”. Яна працягвала традыцыі “Нашай Нівы”, імкнулася згуртаваць беларускія партыі й рухі вакол ідэі незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. На яе старонках друкаваліся лепшыя беларускія літаратары: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Францішак Аляхновіч, Уладзіслаў Галубок ды шмат хто яшчэ. Газэта “Беларусь” пісала пра неабходнасьць стварэньня беларускага войска, беларускай школы, беларускай гаспадаркі. Пасьля таго, як бальшавікі захапілі Менск у 1920 годзе, газэта “Беларусь” спыніла сваё існаваньне.

21 кастрычніка 1926 году ў Менску адкрыўся Габрэйскі драматычны тэатар. Першым спэктаклем стала пастаноўка драматычнай паэмы Пераца “На пакаянным ланцугу”. У часе вайны Дзяржаўны габрэйскі тэатар БССР працаваў у Навасібірску, а ў 1949 годзе быў закрыты і больш сваёй працы не аднавіў.

21 кастрычніка 1878 году прыйшоў на сьвет адзін з найбольш значных беларускіх гісторыкаў Уладзімер Пічэта. Пічэта нарадзіўся у Палтаве. Пасьля сканчэньня Маскоўскага ўнівэрсытэту й працы ва Ўкраіне, ён перабраўся ў Беларусь. Тут у Менску ён стаў адным са стваральнікаў Беларускага ўнівэрсытэту й ягоным першым рэктарам, да 1929 году, быў абраны акадэмікам Акадэміі Навук Беларусі. Пасьля яго арыштавалі й выслалі ў Расею. Але заступніцтва вучоных Эўропы ўратавала яго ад сьмерці. Хоць у Беларусь Уладзімер Пічэта больш не вярнуўся. Працаваў ва Ўзбэкістане і Расеі, дзе й памёр у 1947 годзе.

Сярод іншых знакамітых людзей, што нарадзіліся 21 кастрычніка ў розныя гады, згадаем сёньня швэдзкага хіміка Альфрэда Нобэля, які вынайшаў дынаміт і заснаваў самую прэстыжную ў сьвеце Нобэлеўскую прэмію; амэрыканскага джазмэна-трубача Дызы Гілеспі і беларускага паэта Івана Муравейку, які напісаў шмат вершаў для дзяцей.

А яшчэ 21 кастрычніка 1968 году была зацьверджаная прафэсійная годнасьць “Заслужаны шафёр БССР”. Пасьля здабыцьця краінай незалежнасьці, ад 1991 году гэтая годнасьць завецца “Заслужаны работнік транспарту Рэспублікі Беларусь”.
XS
SM
MD
LG