Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 кастрычніка скончылася вылучэньне кандыдатаў у верхнюю палату Нацыянальнага сходу Беларусі – Савет Рэспублікі


Уладзімер Глод, Менск На тле адбытых рэфэрэндуму й выбараў фактычна незаўважанай застаецца яшчэ адна выбарчая падзея. 19 кастрычніка скончылася вылучэньне кандыдатаў у верхнюю палату Нацыянальнага сходу Беларусі – Савет Рэспублікі. Гэтая арганізацыя мае 64 сябра, якіх немагчыма назваць сапраўднымі дэпутатамі, бо згодна з рэглямэнтам толькі 56 зь іх абіраюцца, дый тое ўскосна, на сэсіях усіх абласных і менскага гарадзкога Савета дэпутатаў. Яшчэ 8 сябраў Савета Рэспублікі прызначаюцца непасрэдна кіраўніком дзяржавы. Сярод такіх прызначэнцаў, дарэчы, і цяперашні кіраўнік верхняй палаты Генадзь Навіцкі. І тым ня менш, Савет Рэспублікі ўваходзіць у піраміду беларускай улады і мае пэўныя паўнамоцтвы. Як прайшло вылучэньне кандыдатаў у верхнюю палату?

Дазнацца нешта канкрэтнае наконт сьпісу вылучэнцаў амаль немагчыма. Падобна, што неабходнасьць выдаць патрэбныя вынікі рэфэрэндуму й выбараў у Палату прадстаўнікоў адсунулі справы Савета Рэспублікі даволі далёка. Напрыклад, прэсавая служба верхняй палаты ўчора сама ўвесь дзень займалася пошукамі прозьвішчаў вылучэнцаў праз мясцовы друк, але справа стала фактычна марнай. Неабходнай інфармацыі няма.

Што тычыцца Цэнтральнай выбарчай камісіі, то і яна пакуль ніякіх зьвестак не мае. Учора, ва аўторак, прадстаўнікі ЦВК паехалі ў рэгіёны. Там яны забіраюць пратаколы акруговых выбарчых камісіяў з вынікамі рэфэрэндуму й выбараў у Палату. Заадно яны атрымаюць і пратаколы вылучэньняў у верхнюю палату. А папярэдне Цэнтарвыбаркам інфармацыю адносна Савета Рэспублікі не зьбіраў.

Як паставілася да гэтай кампаніі апазыцыя? Падобна, што цалкам яе праігнаравала. І на думку першага намесьніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Уладзімера Нісьцюка, зрабіла вялікую памылку.

(Нісьцюк: ) “Думаю, што адной з самых вялікіх памылак палітычных партый было тое, што за рэфэрэндумам і выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў вылучэньне ў верхнюю палату было проста незаўважанае. І ніхто гэтай кампаніяй не займаўся. Але ж мы маем цяпер каля 150 дэпутатаў мясцовых саветаў, якія зьяўляюцца дэмакратамі не толькі па назьве, але і па сваіх дзеяньнях, па сваіх перакананьнях. І таму гэтай кампаніяй трэба было займацца. Зараз, зразумела, ужо позна нешта казаць.

Канешне, гэтая кампанія – вельмі важная. Таму што калі разглядаць выбарчую кампанію у Беларусі, то разглядаць яе трэба комплексна: рэфэрэндум, палата і вышэйшая палата. Канешне, мы змарнавалі час на тое, каб усімі намаганьнямі прасунуць кагосьці ў Палату прадстаўнікоў, хаця разумелі, што гэта наўрад ці адбудзецца. А пра вышэйшую палату забыліся”.

Пасьля правядзеньня рэфэрэндуму й палатных выбараў няма ніякіх спадзяваньняў на тое, што ў Савет Рэспублікі можа патрапіць хаця б адзін дэмакрат – хіба што Лукашэнка прызначыць яго сваім указам. Ёсьць жа цяпер у складзе верхняй палаты людзі, якія пэўна лічаць сябе дэмакратамі – тыя ж Міхаіл Фінберг, Расьціслаў Янкоўскі, Валянцін Елізар’еў, Ядвіга Грыгаровіч... Вось што мяркуе спадар Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Стварацца верхняя палата будзе яшчэ больш нахабна, чым Палата прадстаўнікоў. Тут ужо ніякага выбарчага мэханізму не існуе, гэта мясцовыя саветы будуць рабіць. Можна было, каб падчас вылучэньня сваё слова ў мясцовых саветах сказалі дэпутаты-дэмакраты. Але паколькі гэта не было арганізавана, то, шкада, што такога ня будзе. Гэта будзе гульня ў адны вароты, прыкладна як Партугалія з Расеяй у футболе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG