Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вацлаў Гавэл слухачам у Беларусі: “Больш аптымізму, больш свабоды!”


Аляксандар Лукашук, Прага Сёньня Вацлаў Гавэл, першы прэзыдэнт Чэхіі, даў эксклюзіўнае інтэрвію з нагоды падзеяў у Беларусі дырэктару Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандру Лукашуку.

(Лукашук: ) “Спадар Гавэл, толькі што завяршыўся Форум-2000, на якім Вы старшынствавалі. Гэтая сустрэча лідэраў грамадзкай думкі розных краінаў прыняла рэзалюцыю з заклікам не прызнаваць вынікі выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі. Што менавіта азначае гэты заклік – абмежаваньне візаў, эканамічныя санкцыі, ізаляцыю?”

(Гавэл: ) “Мяркую, што пазыцыя, якую заняў Форум-2000, гэта перадусім маральны заклік да ўрадаў, каб над гэтым задумаліся, каб не давалі лукашэнкаваму рэжыму тую легітымнасьць, якую ён сам сабе надае, каб падвяргалі сумневу легітымнасьць рэфэрэндуму і тых выбараў, якая сапраўды вельмі-вельмі спрэчная. А гэта пазыцыя палітычная, да якой мы заклікаем праз такі маральны зварот. Палітычныя адносіны будуць справай канкрэтных урадаў, якія яны рэалізуюць праз сваю штодзённую палітыку. Думаю, што самае важнае – зноў і зноў рабіць відавочнай крытычную пазыцыю адносна такога роду кіраваньня, зноў і зноў салідарна падтрымліваць самым розным спосабам усіх вальнадумных людзей і дэмакратычную апазыцыю. З нашага досьведу мы ведаем, як гэта важна”.

(Лукашук: ) “Спадар Гавэл, вы сустракаліся зь беларускім пісьменьнікам Васілём Быкавым у Праскім Градзе”.

(Гавэл: ) “Так, так...”

(Лукашук: ) “Васіль Быкаў казаў, што дэмакратыя ня мае адэкватных сродкаў супраць таталітарызму. Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч пасьля рэфэрэндуму заявіў, што выбарамі сытуацыю ў Беларусі не зьмяніць. На Вашу думку, што можа дэмакратыя супрацьпаставіць гвалту?”

(Гавэл: ) “Вядома ж, дэмакратыя ня мае гэткіх эфэктыўных і імгненна гатовых для ўжытку інструмэнтаў, каб змагацца зь нечым, што ёй не падабаецца, якія маюць аўтарытарныя і таталітарныя рэжымы, гэта натуральна. Тым ня менш, мне здаецца, што ўсё ж калі ўжо моцна прыцісьне, дык дэмакратыя звычайна ўмее бараніцца. Дзеля гэтага існуюць розныя сродкі. Але мне здаецца, што тут якраз вельмі важная міжнародная салідарнасьць, і я веру, што калі дэмакратычная апазыцыя або вальнадумныя людзі ў Беларусі будуць ведаць, што яны хочуць, і будуць аб''яднаныя, а перадусім калі заручацца міжнароднай салідарнасьцю, дык раней ці пазьней дасягнуць посьпеху”.

(Лукашук: ) “Спадар Гавэл, значная частка насельніцтва ў аўтарытарных, таталітарных дзяржавах падтрымлівае такія рэжымы – з розных прычынаў: пад уплывам прапаганды, з-за страху, з асабістай ці карпаратыўнай выгады. Што могуць у такой сытуацыі зрабіць тыя, кажучы Вашымі словамі, бясьсільныя, нязгодныя, каб дастукацца да астатніх?”

(Гавэл: ) “Гэта ня проста. Я магу гаварыць пра наш досьвед. У нас таксама большасьць народу хадзіла на выбары, выбіралі Нацыянальны фронт, а дысыдэнтаў лічыла нейкімі самотнымі блазнамі. Але ў таталітарных умовах, калі няма сапраўднага дасьледаваньня грамадзкай думкі, гэта не паказальнае ўяўленьне пра тое, што ў гэтым грамадзтве хаваецца. Ніколі нельга дакладна сказаць, і нехта потым будзе зьдзіўляцца, колькі ўсяго хавалася пад покрывам канфармізму такога грамадзтва”.

(Лукашук: ) “Спадар Гавэл, сёньня Ваш голас пачуюць слухачы Радыё Свабода ў Беларусі. Што Вы хацелі б сказаць ім у гэты дзень?”

(Гавэл: ) “Я іх сардэчна вітаю! Жадаю ім, каб жылі ў большай свабодзе, чым жывуць, але адначасна глядзелі на сьвет аптымістычна і зь вясёлай думкай – гэта найбольшая зарука таго, што яны дасягнуць нечага як вольнадумныя грамадзяне”.

Vaclav Havel and Alexander Lukashuk

Vaclav Havel and Alexander Lukashuk
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG