Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 кастрычніка 1588 году пачаў дзейнічаць Статут Вялікага Княства Літоўскага


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 17 і 18 кастрычніка

Сьпярша – пра гістарычныя даты ўчорашняга календара.

17 кастрычніка 1588 году пачаў дзейнічаць Статут Вялікага Княства Літоўскага. Часам гісторыкі называюць яго першай эўрапейскай канстытуцыяй. Гэты кодэкс права на працягу 250 гадоў быў дзейным законам на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Ўкраіны і складаў аснову ўсёй прававой сыстэмы Вялікага Княства. Складаецца Статут з 14 разьдзелаў, 488 артыкулаў. Ён усталёўваў адказнасьць шляхты за забойства паспалітага чалавека, абвяшчаў ідэю верацярпімасьці, забараняў перадачу вольнага чалавека за даўгі або злачынствы ў няволю. Надрукаваны Статут быў на старабеларускай мове ў віленскай друкарні Мамонічаў, а прадмову да яго напісаў канцлер Вялікага Княства Леў Сапега.

17 кастрычніка ў розныя гады пакінулі гэты сьвет польскі кампазытар Фрэдэрык Шапэн, беларускі падарожнік і знаўца Японіі Язэп Гашкевіч і беларускі палітычны дзеяч і навуковец Радаслаў Астроўскі.

17 кастрычніка 1964 году ў Беларусі было адкрытае першае прамысловае радовішча нафты. Вучоныя кажуць, што калі б Беларусь цалкам жыла толькі за кошт свае нафты, дык выбрала б увесь запас за 30 гадоў.

17 кастрычніка 1696 году нарадзіўся Аўгуст ІІІ – вялікі князь літоўскі і кароль польскі, адзін з колішніх кіраўнікоў нашага краю. Праўда, Аўгуст ІІІ ня меў сваіх палітычных канцэпцыяў, і таму за яго кіравалі фаварыты. Цэнтральная ўлада амаль ня дзейнічала, а мясцовыя ўлады ў паветах праводзілі сваю самастойную палітыку. У выніку краіна ўсё больш трапляла ў залежнасьць ад Расеі. Калі ж Аўгуст ІІІ памёр у 1763 годзе, частка Беларусі ўжо была далучаная да Расейскай імпэрыі.

І цяпер – некалькі сёньняшніх памятных датаў.

18 кастрычніка у 1809 годзе быў закладзены Сабор Сьвятых Пятра й Паўла ў Гомелі. Пабудаваны ён ангельскім архітэктарам Джонам Кларкам на сродкі графа Румянцава. У гэтым саборы знаходзіцца й магіла графа. За савецкім часам тут быў плянэтарый, а цяпер, як і калісьці – праваслаўная бажніца.

18 кастрычніка 1893 году нарадзіўся Ўладзімер Уладамірскі, зорка першае велічыні Купалаўскага тэатру, народны артыст Беларусі.

А яшчэ 18 кастрычніка 1932 году нарадзіўся Вітаўтас Ландсбэргіс, кампазытар, музыкавед, адзін з самых прыкметных савецкіх палітыкаў часоў “перастройкі”, першы кіраўнік незалежнай Літвы.
XS
SM
MD
LG