Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Давераныя асобы кандыдата ад КПБ зьбілі старшыню міжнароднай дабрачыннай арганізацыі Вячаслава Давыдовіча

Давераныя асобы кандыдата ад КПБ зьбілі старшыню міжнароднай дабрачыннай арганізацыі Вячаслава Давыдовіча


Альгерд Невяроўскі, Менск Давераныя асобы кандыдата ў дэпутаты па Старавіленскай акрузе № 105 Менска – “афганца” й сябры КПБ Уладзімера Шокава – зьбілі старшыню міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “Ў дапамогу дзецям сіротам” Вячаслава Давыдовіча. Прычынай нападу стала заўвага Давыдовіча, што актывісты каманды Шокава парушаюць Выбарчы кодэкс. Цяпер міліцыянты праводзяць разьбіральніцтва ў гэтай справе.

Вячаслаў Давыдовіч, выходзячы з будынку, дзе месьціцца офіс яго арганізацыі, убачыў, як невядомыя заклейваюць выбарчым плякатам кандыдата ад улады Ўладзімера Шокава плякат іншага кандыдата – Аляксандра Цынкевіча. Гэта ёсьць парушэньнем Выбарчага кодэксу, і Вячаслаў зрабіў ім заўвагу.

Калі Давыдовіч выказаў свае патрабаваньні больш настойліва, яго ўдарылі ў твар. Паводле Вячаслава Давыдовіча, да нападніка далучыўся яшчэ адзін – як пасьля высьветлілася, давераная асоба Ўладзімера Шокава, Аляксандар Яцук. Удваёх яны спрабавалі зацягнуць Вячаслава ў пад’езд дома. Давыдовіч гаворыць, што пры гэтым хуліганы яго зьбівалі, нецэнзурна лаяліся й запэцкалі клеем ягонае паліто.

Сьведкамі нападу было каля 10 чалавек, якія й выклікалі міліцыю. Патруль адвёз усіх затрыманых у пастарунак Цэнтральнага раёну Менску. Вячаслаў Давыдовіч напісаў заяву з просьбай узбудзіць па факце хуліганскага нападу крымінальную справу. Ён таксама прайшоў мэдычную экспэртызу, якая зафіксавала пабоі.

Актывісты ж каманды Ўладзімера Шокава сьцьвярджаюць, што гэта Давыдовіч напаў на іх. Вось, што сказаў з нагоды гэтага інцыдэнту кандыдат у дэпутаты Ўладзімер Шокаў, які таксама ёсьць кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі вэтэранаў вайны ў Афганістане “Памяць”:

(Шокаў: ) “Гэта міліцыя будзе разьбірацца, хто каго зьбіў. Павінна быць шчырая, адкрытая барацьба. Нічога ня трэба зрываць, трэба адкрыта адстойваць сваю думку. Хлапчына, якому 18 гадоў, малады “пацан” на дарослага чалавека, я думаю, ня кінецца”.

А вось меркаваньне Вячаслава Давыдовіча:

(Давыдовіч: ) “ Я не разумею гэтага! Я звычайны грамадзянін. Выходжу са свайго пад’езду й на мяне нападаюць. У гэтым выпадку – гэта проста беспакаранасьць. Гэта супрацьпраўныя, хуліганскія дзеяньні ў адносінах да звычайнага грамадзяніна”.

Вячаслаў Давыдовіч падаў заяву ў акруговую выбарчую камісію з просьбай пазбавіць рэгістрацыі кандыдата Ўладзімера Шокава. Міліцыя праводзіць расьсьледаваньне ў гэтай справе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG