БУХАРЭСТ. У часе сустрэчы міністраў абароны НАТА ў Румыніі Нямеччына і Францыя адхілілі прапанову ЗША перадаць НАТО камандаваньне усімі ваеннымі апэрацыямі у Афганістане. Гэнэральны сакратар НАТО Яап дэ Хооп Схэфэр сказаў, што не адкідае магчымасьці аб’яднанага камандаваньня.
Міністар абароны Францыі Мішэль Альё-Мары заявіла, што у спалучэньні двух місіяў няма лёгікі.
Нямецкі міністар абароны Пэтэр Штрук заявіў, што войскі альянсу, якія знаходзяцца ў Аўганістане, павінны займацца забесьпячэньнем стабілізацыі ў гэтай краіне, а не змагацца з міжнародным тэрарызмам.
Цяпер ў Афганістане 18 тысячаў амэрыканскіх вайскоўцаў шукаюць талібаў і ваяўнікоў аль-Каеды і напалову меншы (9 000 вайскоўцаў) НАТАўскі кантынгент падтрымлівае бясьпеку на поўначы Афганістану.