Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 кастрычніка 1586 году ў Вільні выйшла ў сьвет першая друкаваная граматыка беларускае мовы


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 8 і 9 кастрычніка

8 кастрычніка 1500 году беларускі горад Браслаў атрымаў прывілей на магдэбурскае права.

А 8 кастрычніка 1586 году ў Вільні выходзіць у сьвет першая друкаваная граматыка беларускае мовы. Зьявілася яна ў славутай друкарні Кузьмы і Лукаша Мамонічаў, як пазначана ў пасьляслоўі, на просьбу жыхароў сталіцы Вялікага Княства Літоўскага.

8 кастрычніка 1917 году выйшаў у сьвет першы нумар газэты “Беларуская Крыніца“. Гэтаму выданьню хрысьціянскіх дэмакратаў было наканаванае адносна доўгае жыцьцё, а таксама ўнікальная роля ў разьвіцьці нацыянальнае ідэі і культуры. Пачала “Беларуская Крыніца“ выходзіць у Петраградзе, пасьля адзін нумар яе выйшаў у Менску – у 1918 годзе, а ўся наступная гісторыя выданьня зьвязаная зь Вільняй. Спыніла газэта свой выхад улетку 1940 году, калі амаль усе віленскія беларускія дзеячы былі адпраўленыя на расстрэл або ў ГУЛАГ.

8 кастрычніка 1967 году балівійскія вайскоўцы забілі палымянага рэвалюцыянэра й культавую постаць моладзі 1960-х Эрнэста Чэ Гевару. Дзень ягонае гібелі і сёньня афіцыйна адзначаецца на Кубе.

8 кастрычніка 1831 году ў маёнтку Дудзічы цяперашняга Пухавіцкага раёну нарадзіўся Міхал Ельскі, скрыпач і кампазытар. Ельскі пасьпяхова канцэртаваў у Менску й Вільні, у Польшчы й Нямеччыне. Напісаў каля 100 музычных твораў, у якіх выкарыстаў народныя мэлёдыі, занатаваныя ім у ваколіцах Дудзічаў.

Цяпер – пра гістарычныя даты заўтрашняе суботы.

9 кастрычніка ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Іван Багаслоў. Як заўважае этнограф Уладзімер Васілевіч, “гэты дзень – мяжа ўсім шчыраваньням дбайнага земляроба, бо зямля атрымлівае за свае дары нябеснае блаславеньне да самае вясны”. Нядбайных гаспадароў у гэты дзень прынята было дакараць наступным чынам: “Хто не дасее да Багаслова, той ня варты добрага слова”.

9 кастрычніка 1708 году адбылася бітва пад вёскай Лясной, гэта цяперашні Слаўгарадзкі раён. У 5-гадзінавым змаганьні сыйшліся 11 тысячаў расейцаў і 16 тысячаў швэдаў. У гонар той расейскай перамогі на месцы бітвы пастаўлены помнік і капліца.

9 кастрычніка 1920 году так званыя беларускія дывізіі на чале з генэралам Люцыянам Жалігоўскім захапілі Вільню й Віленскі край. Рэч у тым, што паводле літоўска-савецкае дамовы Вільня й край павінны былі ўвайсьці ў склад Літвы. Правы Літвы на гэтую тэрыторыю былі замацаваныя й літоўска-польскай дамовай. Але 9 кастрычніка войскі Жалігоўскага ўвайшлі ў рэгіён. Праз два гады тут адбудуцца выбары ў часовы сойм Сярэдняй Літвы – такую назву атрымала тады Віленшчына – а ўжо гэты сойм прыняў рашэньне пра далучэньне Сярэдняй Літвы да Польшчы. У складзе Польшчы гэты край прабудзе да 1939 году.

9 кастрычніка 1977 году паляцеў у космас Уладзімер Кавалёнак, савецкі касманаўт, родам зь вёскі Белае Крупскага раёну.

Сярод вялікіх людзей сьвету, што нарадзіліся 9 кастрычніка ў розныя гады, згадаем сёньня Рабэра дэ Сарбона, францускага тэоляга і заснавальніка знакамітага Сарбонскага ўнівэрсытэту, гішпанскага пісьменьніка Мігеля дэ Сэрвантэса, які прыдумаў “Дон Кіхота”, францускага кампазытара Каміля Сэн-Санса і ангельскага музыку Джона Ленана, які быў стваральнікам найлепшага гурта ўсіх часоў і народаў – The Beatles.
XS
SM
MD
LG