Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 гадоў таму адкрылася першая інтэрнэт-кавярня на плянэце


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Гэтымі днямі споўнілася 10 гадоў ад адкрыцьця першай ў сьвеце інтэрнэт-кавярні. Гэтага часу хапіла, каб людзі па ўсім сьвеце выпрацавалі залежнасьць да інтэрнэту і пачалі зьяўляцца нават першыя клінікі, дзе лечаць ад залежнасьці ад інтэрнэту.

У верасьні 1994 году польская студэнтка факультэту псыхалёгіі брытанскага ўнівэрсытэту Эва Паскоэ адкрыла ў Лёндане першую інтэрнэт-кавярню, якая атрымала назоў “Сайбірыя” (Cyberia).

На пачатку плянавалася, што ў кавярні будуць вучыць жанчынаў карыстацца кампутарамі, але з часам ідэя інтэрнэт-кавярняў ператварылася ў сусьветны фэномэн, без якога не ўяўляюць сабе жыцьця мільёны людзей.

Дарэчы, цяпер у сьвеце налічваецца больш за 20 тысячаў інтэрнэт-кавярняў, якія цягам дзесяцігодзьдзя сталіся такой жа натуральнай часткай жыцьця, як пошта, крама ці бібліятэка.

Тым часам у Фінляндыі залежнасьць ад інтэрнэту сталася прычынай таго, што некалькі прызыўнікоў былі вызваленыя ад службы ў войску. Паводле вайсковых лекараў, маладзёны, якія праводзяць большую частку свайго часу перад кампутарам, будуць занадта сумаваць без кампутарных гульняў і інтэрнэту і таму ня змогуць нармалёва служыць у войску.

Але для тых, хто адчувае, што сапраўды трапіў у залежнасьць ад сеціва, ёсьць паратунак.

У польскім Горадзе Елк будуецца клініка, дзе можна будзе ад гэтай залежнасьці вылечыцца. Там 30 псыхолягаў, псыхіятраў і тэрапэўтаў будуць намагацца пераканаць пацыентаў, што жыць без інтэрнэту ўсё ж можна.

Прынамсі 10 гадоў таму мала хто ў сьвеце мог сказаць, што да поўнага шчасьця ў жыцьці, яму не хапае толькі інтэрнэту.
XS
SM
MD
LG