Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Садам Хусэйн стаў садоўнікам


Натальля Судлянкова, Прага Праз 9 месяцаў пасьля таго, як амэрыканцы выцягнулі яго, няголенага і дызарыентаванага, з падземнага бункеру непадалёк ад яго роднага гораду Тыкрыту. Садам Хусэйн жыве за кратамі, у памяшканьні з кандыцыянэрам памерам 3 на 4 мэтры ў адным са сваіх бывалых палацаў па-за межамі Багдаду.

Ён вырошчвае кветкі, называе сябе законным кіраўніком Іраку, і чытае Каран і кнігі пра былыя перамогі арабаў.

Амэрыканскія ды ірацкія афіцыйныя асобы, якія наведалі Садама, гавораць, што ён носіць плястыкавыя сандалі і арабскае нацыянальнае адзеньне, на сьняданак атрымлівае такое ж гатовае харчаваньне, як і амэрыканскія салдаты, і яму дазволена тры гадзіны ў дзень праводзіць у двары, па-за сьценамі кратаў. Гелікоптэрам “Блэк Гок” яго перавозілі ў шпіталь у Багдадзе, дзе лекары рабілі яму аналізы ў зьвязку з павялічанай прастатай, што, на думку лекараў, магло б быць адным з першых сымптомаў раку прастаты.

Ён правёў шмат гадзінаў на допытах са сьледчымі, што рыхтавалі доказы да працэсу ў ягонай справе, на якім Хусэйн будзе абвінавачаны ў генацыдзе й злачынствах супраць чалавечнасьці.

Але, як паведамілі афіцыйныя асобы, ён адмовіўся прызнаць сябе вінаватым або пакаяцца з нагоды сьмерці сотняў тысячаў людзей цягам ягонага 24-гадовага кіраваньня краінай.

Ён настойвае на тым, што пасада прэзыдэнта Іраку давала яму законныя падставы дзейнічаць так, як ён дзейнічаў, і што ўсе ахвяры на самой справе былі здраднікамі. На кожнай сустрэчы з афіцыйнымі асобамі ён настойвае на тым, што ўсё яшчэ застаецца законна абраным прэзыдэнтам Іраку.

Садам Хусэйн папрасіў, каб яму забясьпечылі сёе-тое з тае раскошы, што раней была неад’емнай часткай яго жыцьця ў дзесятках палацаў у Іраку. “Гэта быў чалавек, рэжым якога выкарыстоўваў спэцыяльныя машыны, каб рабіць зь целаў людзей мясны фарш”, – гаворыць 46-гадовы Амін, міністар справядлівасьці, які цягам жыцьця ў выгнаньні фіксаваў злачынствы ўраду Хусэйна й заклікаў улады іншых краінаў і праваабарончыя арганізацыі пазьбягаць кантактаў з ірацкім кіраўніцтвам. “І цяпер ён сядзіць за кратамі й просіць забясьпечыць яго печывам і цыгарамі”, – працягвае Амін.

Хусэйн і ягоныя найбліжэйшыя паплечнікі ўтрымліваюцца ў Кэмп Кропэр, моцна абароненым комплексе, за высокім мурам з калючым дротам, пад доглядам жаўнераў з аўтаматамі, што нясуць варту на ўмацаваных мяшкамі зь пяском вежах. Комплекс разьмешчаны ў вялікім квартале, што атрымаў назву “Лягер перамогі”, тут знаходзіцца штаб-кватэра амэрыканскіх войскаў. Над турмой пралятаюць самалёты, якія накіроўваюцца ў аэрапорт у 15 кілямэтрах ад цэнтру Багдаду.

Урад Іяда Аляўі перакананы, што жыхары Іраку, якія дзесяцігодзьдзямі былі пад ціскам тэрору, пачнуць прыходзіць у сябе толькі тады, калі ўбачаць, што чалавек, які ўсё гэта арганізаваў, цяпер нясе за гэты тэрор адказнасьць. “Без судовага працэсу я ня бачу ніякай магчымасьці зажывіць раны гэтага грамадзтва”, – гаворыць міністар юстыцыі Амін.

У сваім інтэрвію Іяд Аляўі сказаў, што ў яго рашэньні паскорыць судовы працэс над былым дыктатарам няма ніякіх палітычных падлікаў або жаданьня адпомсьціць. Хутчэй, адзначыў Аляўі, ён шукае ачышчэньня. Аляўі ледзьве не загінуў у Лёндане ад рук забойцаў, якіх паслаў Садам Хусэйн. Пасьля гэтага замаху Іяд Аляўі амаль год правёў у шпіталі. “Нам трэба пахаваць мінуласьць”, – кажа Аляўі.

Калі Іяд Аляўі ў 60-я гады ўпершыню сустрэўся з Садамам Хусэйнам, ён быў лідэрам студэнцкага руху ў кіруючай партыі “Баас”. Іяд Аляўі гаворыць, што Садам Хусэйн быў забойцам, якому падабалася катаваць іншых, чалавекам, прэзыдэнцтва якога было, як фільм жахаў. “Думаю, што цяпер ён памірае кожны дзень” – гаворыць Аляўі – “Ён у турме, ён адзін, ён страціў усё, у яго няма сілы, няма нічога. І для яго гэта горш, чым сьмерць”.

Заходнія юрысты, знаёмыя з мэханізмам работы трыбуналу, сумняюцца ў тым, што суд можа выканаць патрабаваньне Аляўі пачаць працэс у справе Садама Хусэйна ў лістападзе.

У ліпені некалькі абвінавачаных у злачынствах заявілі, што патрабуюць абаронцаў зь якой заўгодна арабскай краіны. Але ніхто зь юрыстаў не захацеў іх абараняць. Сярод гэтых абвінавачаных быў Маджыд, якога лічаць адказным за ваенныя апэрацыі з выкарыстаньнем хімічнай зброі супраць курдаў у 1988 годзе. Ахвярамі гэтых нападаў сталі 5 тысячаў чалавек. “Гэтыя абвінавачаныя ведаюць, што ніхто зь ірацкіх юрыстаў ня хоча іх абараняць, а тыя замежныя адвакаты, якія спачатку пагадзіліся, таксама нарэшце адмовіліся” – гаворыць Амін.

За кратамі, дзе знаходзіцца Хусэйн, у яго ёсьць ложак, стол і плястыкавае крэсла, ён забясьпечаны пітной вадой і лёдам, у яго ёсьць болей за 170 кніг зь бібліятэкі, якую яму перадаў Чырвоны Крыж. Ён шмат сьпіць, чытае кнігі на арабскай мове, сярод якіх – казкі й вершы тысячагадовай даўніны, з тых часоў, калі Багдад быў цэнтрам навукі й сталіцай арабскага сьвету.

Цягам візытаў у вайсковы шпіталь у Зялёнай зоне, Садам усяляк дэманструе сваю незалежнасьць. У шпіталі імя Ібн Сіны, славутага арабскага навукоўцы, яго даглядалі амэрыканскія ваенныя лекары і ірацкія мэдыкі, якія раней уваходзілі ў склад прэзыдэнцкай групы лекараў.

Паводле словаў адной з афіцыйных асобаў, Садам дапамог амэрыканскаму хірургу адабраць кроў на аналіз, заўважыўшы па-ангельску: “Напэўна, мне трэба было стаць лекарам, а не палітыкам”.

Вакол расьлінаў, якія ён вырошчвае ў двары, Хусэйн паклаў размаляваныя белай фарбай камяні. Аміну гэта падаецца вельмі дзіўным.

(Амін: ) “Гэта чалавек, які зьдзейсьніў адныя з найбольш жахлівых актаў генацыду ў гісторыі, чалавек, які асушыў балоты ў паўднёвым Іраку, выкарыстоўваў хімічную зброю супраць 250 вёсак, дзе жылі курды, пастаўляў цэлыя плянтацыі пальмавых дрэваў шарлатанам зь ліку лідэраў арабскага сьвету. І цяпер гэты чалавек – садоўнік”.

Амін адзначае, што Садаму Хусэйну было адмоўлена ў навінах, яму забаронена слухаць радыё й глядзець тэлебачаньне, і таму ён вельмі мала ведае пра тое, што адбываецца ў Іраку пасьля яго затрыманьня.
XS
SM
MD
LG