Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 верасьня нарадзілася Паўліна Мядзёлка, 13-га – Юзаф Каліноўскі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 12 і 13 верасьня

Напачатку – памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

12 верасьня 1772 году шацунак адвярнуўся ад нашых продкаў. Менавіта ў гэты дзень адбылася бітва пад Сталавічамі. Войска гетмана Міхала Казіміра Агінскага, якое змагалася супраць далучэньня беларускіх земляў да Расейскае імпэрыі, панесла паразу ад расейскіх палкоў на чале з Аляксандрам Суворавым. У жорсткім баі загінула больш за 3 тысячы абаронцаў незалежнасьці.

Задоўга да тае бітвы, калі Беларусь яшчэ не дзялілі паміж магутнымі імпэрыямі, 12 верасьня 1712 году на Наваградчыне прыйшоў на сьвет Сьцяпан Аскерка, якому выпала стаць эканамістам з сусьветным імем. Скончыўшы Слуцкую гімназію, а пасьля Кёнігсбэрскі і Бэрлінскі ўнівэрсытэты, Аскерка быў запрошаны на пасаду дарадцы юстыцыі да прускага караля Фрыдрыха ІІ. У сваіх эканамічных працах Сьцяпан Аскерка апісаў прускі шлях капіталізму ў сельскай гаспадарцы і ўпершыню ўвёў у навуковы ўжытак слова “плян”.

А яшчэ 12 верасьня ў 1893 годзе нарадзілася Паўліна Мядзёлка, беларуская тэатральная дзяячка. Кажуць, менавіта ёй Янка Купала прысьвяціў сваю знакамітую п’есу “Паўлінка”. Сама Мядзёлка і была адной зь першых выканаўцаў галоўнае ролі ў гэтым спэктаклі. А яшчэ яна стварала харавыя і драматычныя суполкі ў Горадні, Дзьвінску, Горках і сваім родным Будславе.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

13 верасьня 1930 году савецкія карныя органы арыштавалі і кінулі ў турму выдатнага беларускага гісторыка, рэктара Белдзяржунівэрсытэту Ўладзімера Пічэту. Неўзабаве пасьля гэтага Пічэта быў пазбаўлены званьня акадэміка.

13 верасьня 1935 году на Менскім аэрадроме адбыўся вялікі вайсковы парад з нагоды заканчэньня манэўраў Беларускай вайсковай акругі. На парадзе прысутнічалі наркам абароны СССР Варашылаў, маршалы Будзёны, Ягораў, Тухачэўскі, а таксама дэлегацыі арміяў Вялікабрытаніі, Францыі і Чэхаславакіі. У той самы дзень у горадзе адбылася прэм’ера фільма Чарлі Чапліна “Агні вялікага гораду”.

Са знакамітых людзей, што прыйшлі на сьвет 13 верасьня ў розныя гады, згадаем Юзафа Каліноўскага, які быў найбліжэйшым паплечнікам Кастуся Каліноўскага ў паўстаньні 1863 году, а пасьля расейскае катаргі стаў манахам-кармэлітам і ўрэшце быў кананізаваны каталіцкай царквою. Таксама сёньня адзначае свой дзень нараджэньня вядомы пісьменьнік і краязнаўца Ўладзімер Содаль. Доўгі час спадар Уладзімер быў аўтарам тэлепраграмы “Роднае слова” на Беларускім тэлебачаньні, напісаў шмат кніг і сцэнароў для дакумэнтальнага кіно. Улюбёны герой творчасьці Содаля – славуты паэт-пачынальнік Францішак Багушэвіч.
XS
SM
MD
LG