ДЖАКАРТА. ІНДАНЭЗІЯ. Адказнасьць за ўчорашні выбух каля амбасады Аўстраліі ў Джакарце ўзяла на сябе экстрэмісцкая групоўка “Джэмаа Ісламія”, зьвязаная з “Аль-Кайдай”.
У заяве, што з’явілася на адной з ісламісцкіх інтэрнэт-старонак, экстрэмісты пагражаюць Аўстраліі новымі замахамі, калі гэтая краіна не адкліча сваё войска з Іраку.
Урад Аўстраліі адмовіўся выканаць патрабаваньні тэрарыстаў.
У выніку выбуху ў Джакарце загінулі 9 чалавек, а каля 180 былі араненыя.
Прэзыдэнт Інданэзіі Мегаваці Сукарнапутры заявіла.
(Сукарнапутры) “Мы асуджаем гэтую акцыю, якая прынесла столькі ахвяраў. Я заклікаю інданэзійскі народ аб’яднацца ў барацьбе з тэрарызмам”.
Лічыцца, што групоўка “Джэмаа Ісламія” мае дачыненьне да выбуху на выспе Балі ў 2002-м годзе, калі загінулі 202 чалавекі.