Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйныя дадзеныя: у Беслане загінулі 330 чалавек, 450 ў шпіталях


МАСКВА. Паводле апошніх дадзеных, якія падаў прадстаўнік прэзыдэнта Паўночнай Асэтыі Леў Дзугаеў, колькасьць ахвяраў у Беслане складае цяпер 330 чалавек, 156 зь іх – дзеці. Міністэрства аховы здароўя Паўночнай Асэтыі паведаміла, што болей за 60 чалавек памерлі ад ранаў у шпіталях у Беслане і Уладыкаўказе. Цяпер у шпіталях знаходзяцца болей за 450 параненых, каля 70- ў цяжкім стане. Войскі спэцыяльнага прызначэньня учора штурмавалі школу, каб вызваліць болей за тысячу закладнікаў. Намесьнік генэральнага пракурора Расеі Сяргей Фрыдынскі паведаміў, што 26 захопнікаў забітыя і трое арыштаваныя. Між тым прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін сёньня наведаў Беслан. У часе свайго кароткага візыту ён сказаў, што ваяўнікі імкнуліся “пасеяць міжнацыянальную варожасьць і ўзарваць Каўказ”. Расейскі прэзыдэнт заявіў што гаворка ідзе пра наўпроставую інтэрвэнцыю міжнароднага тэрарызму супраць Расеі. Каб папярэдзіць папрокі на адрас ураду, што войскі справакавалі крывавае заканчэньне апэрацыі, Пуцін заявіў, што расейскія вайскоўцы не плянавалі штурму школы. Жыхары Беслану выказвалі абурэньне адсутнасьцю прэзыдэнта Расеі ў часе крызысу ў захопленай школе.
XS
SM
MD
LG