МАСКВА. У Паўночнай Асэтыі у горадзе Бэслан узброенная група сёньня раніцай захапіла будынак школы. Паводле апошніх зьвесткаў, у закладніках утрымліваецца як найменей 300 чалавек, у іх ліку дзеці. Двое чалавек загінулі, 11 параненыя. Ранейшыя паведамленьні пра тое, што загінулі сямёра чалавек, абвергла Міністэрства унутраных справаў Паўночнай Асэтыі. У групе захопнікаў – прыкладна 20 чалавек, на некаторых – пасы сьмяротнікаў.
Прэсавы прадстаўнік міністэрства унутраных справаў Паўночнай Асэтыі абверг паведамленьні сродкаў масавай інфармацыі пра тое, што некаторых вучняў выпусьцілі з будынку школы. Міністар унутраных справаў Паўночнай Асэтыі Казьбек Дзанціеў сказаў, што выратавальнікі ня могуць усталяваць кантакт з захопнікамі, каб дамовіцца пра бясьпеку закладнікаў.
Захопнікі патрабуюць вызваліць затрыманых у Інгушэціі у чэрвені сёлета ваяўнікоў.
Учора у Маскве у выніку бомбавага нападу самагубцы загінулі 11 чалавек і параненыя болей за 50. Каля тыдню таму, у выніку амаль адначасовых выбухаў у двух расейскіх самалётах загінулі 90 чалавек.