БАГДАД. Узброеныя ваяўнікі, якія захапілі ў закладнікі двух францускіх журналістаў, працягнулі тэрмін ультыматуму Парыжу яшчэ на 24 гадзіны. Нагадаем, што яны запатрабавалі, каб Францыя скасавала забарону насіць у дзяржаўных навучальных установах рэлігійныя сымбалі, у першую чаргу, мусульманскія жаночыя хусткі хіджабы. Тэлеканал “Аль-Джазіра” перадаў новы сюжэт, у якім абодва журналісты зьвяртаюцца да Жака Шырака з заклікам скасаваць забарону. У сваю чаргу францускія ўлады заявілі, што закон, які пачынае дзейнічаць зь 1 верасьня, ня будзе адменены.