Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагнозы і рэальнасьць Алімпійскіх гульняў: Правал ці посьпех?


Уладзімер Глод, Менск На 28-х летніх Алімпійскіх гульнях у Афінах спартоўцы Беларусі заваявалі 15 мэдалёў: 2 залатыя, 6 срэбных і 7 бронзавых. Калі ставіць на першае месца чэмпіёнскія тытулы, то тут Беларусь займае 26-е месца, калі ж улічваць усе заліковыя ачкі — 18-е.

Міністар спорту і турызму Юры Сівакоў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася 30 жніўня, заявіў, што прэзыдэнцкія разьлікі на 25 алімпийскіх мэдалёў былі дакладнымі:

(Сівакоў: ) “Мы пераканаліся ў тым, што гэта была лічба, якую бяруць не са столі. Гэта быў пэрсаніфікаваны, аргумэнтаваны разьлік”.

Аднак пасьля спадар Сівакоў прызнаў, што заваяваць 25 мэдалёў было магчыма толькі тады, калі бы абсалютна ўсе абставіны склаліся на карысьць беларусаў. Але такое бывае толькі на паперы. Таму, сказаў міністар, ён напісаў ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім прагназаваў рэальных 17–18 мэдалёў. Чатырохразовы алімпійскі чэмпіён Віктар Сідзяк упэўнены, што посьпех нацыянальнай каманды Беларусі быў бы больш значным, калі б да падрыхтоўкі спартоўцаў прыцягвалі славутых чэмпіёнаў:

(Сідзяк: ) “Справа ў тым, як мне падаецца, што ў нас шмат гаварыльні. Паглядзіце, як зрабілі ў Расеі: там падрыхтавалі групу падтрымкі з былых алімпійцаў, знайшлі на гэта грошы спонсараў. У нас жа гэтага не зрабілі, практычна ўсе былыя чэмпіёны, якія маглі бы дапамагчы там і павялічыць колькасьць мэдалёў, засталіся дома. Паехалі адны функцыянэры. Чаму бы таго ж Рамуальда Кліма ня ўзяць?! Вы зьвярнулі ўвагу, як алімпійцы глядзелі на трэнэраў і на трыбуны? Шукалі вачыма кагосьці, каб іх падтрымалі”.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі я спытаў міністра Сівакова аб ягоным стаўленьні да спаборніцтва паміж алімпійцамі й хлебаробамі, якое ініцыяваў прэзыдэнт Лукашэнка. Спадар Сівакоў падвёў пад яго ідэалягічную аснову:

(Сівакоў: ) “Так, гэта абсалютна розныя рэчы. Але ў гэтым спаборніцтве ёсьць ідэалягічная сутнасьць. Мы з гледзішча псыхалёгіі казалі спартоўцам: селянін таксама вельмі многа працуе. Часам ня менш, чым мы з вамі. І яму за гэтую перамогу на ўборцы хлеба дадуць “Жыгулі” ці нешта такое, і ён вельмі задаволены”.

Аляксандар Ярашук, які шмат гадоў аддаў працы ў сельскай гаспадарцы, зьвяртае ўвагу на тое, што такога спаборніцтва не існуе ні ў воднай краіне:

(Ярашук: ) “Усё гэта бязглузьдзіца. Але, калі мець на ўвазе канчатковыя вынікі ў адной і другой галіне, то і гэта выглядае неяк не па-людзку. Бо ў цывілізаваным сьвеце такія падзеі як Алімпійскія гульні, а тым больш уборку хлеба ў ранг дзяржаўнай палітыкі й ідэалёгіі ўжо ня ставяць”.
XS
SM
MD
LG