Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Асьцярожны беларус, як заўсёды, прагаласуе за сініцу ў руцэ, а не за жорава ў небе”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У гэтыя апошнія дні жніўня завяршаецца абвешчанае ўладай спаборніцтва паміж калгасьнікамі, якія заканчваюць жніво, і алімпійцамі, што вяртаюцца з Афінаў. Хто перамог? Адказ нібыта відавочны. Алімпійцы толькі крыху больш як напалову выканалі даведзены ім Аляксандрам Лукашэнкам план, і ў выніковай табліцы занялі месца ў трэцім дзясятку краінаў-уладальніцаў алімпійскіх мэдалёў. Аднак многія нашыя слухачы не пагаджаюцца, што ў Афінах беларускіх алімпійцаў напаткала няўдача. Вось што напісала з гэтай нагоды Ганна Мазуркевіч зь Менску:

“Пасьля афінскага канфузу з заплянаванымі 25 мэдалямі разумны кіраўнік беларускага спорту зрабіў бы для сябе несуцяшальную выснову, пасыпаў галаву попелам і больш ніколі не даводзіў бы алімпійцам разнарадкі. Гэта ж не жніво і не сталеліцейны цэх: як тут прымусіш чалавека зьдзейсьніць заплянаваны кімсьці подзьвіг? А спартоўцы нашы ўсё ж малайцы. І сустракаць іх трэба як герояў. Для такой невялікай і эканамічна адсталай краіны як Беларусь нават дзясятак мэдалёў — гэта посьпех. У сьпісе мэдалістаў Беларусь побач з такімі эканамічна пасьпяховымі й спартыўнымі дзяржавамі як Канада, Гішпанія, Польшча...”

Дадам, спадарыня Мазуркевіч, што ў сьпісе мэдалёў побач зь Беларусьсю ня толькі эўрапейскія дзяржавы, але і Куба, і Этыёпія, і Тайлянд... У спорце перамагаюць ня толькі тыя краіны, у якіх усё ў парадку з эканомікай і з правамі чалавека. Зразумела, тыя атлеты, якім удалося здабыць мэдалі (і асабліва мэдалі залатыя) вартыя самых узьнёслых ацэнак. Хоць у любым выпадку вынік усёй нацыянальнай каманды і адмыслоўцы, і заўзятары будуць ацэньваць, арыентуючыся на вынікі выступаў на папярэдніх Алімпіядах, у Сыднэі, Атланце, Барсэлёне. А там мэдалёвы ўраджай беларусаў быў больш шчодры. Так што пра агульны значны посьпех гаварыць, можа, і ня надта выпадае.

Ліст зь Берасьця, ад слухача, які, на жаль, не назваў свайго імя — падпісаўся толькі прозьвішчам Сьцяпанаў. Ён піша:

“Вось вы сьцьвярджаеце, што ў Беларусі заціскаюць свабоду слова. Скажыце, а ў якой краіне не караюць за зьнявагу прэзыдэнта? А ў нас Новікаву пакаралі за гэта, дык вы паднялі гвалт на ўсю Эўропу, абараняеце яе. Ці вось яшчэ вакол нядаўніх выбараў у Літве. Шушкевіч у вашай перадачы захапляўся імі — маўляў, як сумленна ўсё прайшло, вось бы ў Беларусі так. А ў той жа дзень у сваіх навінах паведамляеце: Казімера Прунскене падае пратэст, бо былі фальшаваньні. Гэта ж проста цырк, а не перадача. Ці вось агучваеце патрабаваньні да прэзыдэнта: маўляў, хай дасьць справаздачу, што зрабіў за дзесяць год пры ўладзе. Нейкая мянчанка у вашай перадачы казала, што нічога ён не зрабіў, усё наўкол кепска. Напэўна, яна сядзіць у падвале і ня бачыць адзін з самых прыгожых гарадоў Эўропы, у якім жыве. Проста абурае, як вы ня любіце наш народ і нашу краіну. На месцы Лукашэнкі я б ужо даўно заглушыў вашы перадачы і зачыніў “Паштовую скрынку 111”.

На Захадзе, спадар Сьцяпанаў, крымінальны перасьлед журналіста ці праваабаронца за зьнявагу прэзыдэнта — зьява надзвычай рэдкая. Хоць якія толькі карыкатуры ды анэкдоты не друкуюць там мэдыі пра першых асобаў, якія вострыя рэпартажы пра іхнае публічнае і прыватнае жыцьцё не зьяўляюцца на тэлебачаньні. Магчыма, у глыбіні душы кіраўнікі дзяржаў і крыўдуюць, але выгляду не падаюць. Прэзыдэнт — асоба публічная, ён павінен быць у цэнтры грамадзкай увагі й павінен цярпліва ставіцца да крытыкі на свой адрас. Нават калі тая крытыка часам і не зусім справядлівая. Такая цярплівасьць і талерантнасьць — прыкмета якраз сілы, а ня слабасьці. Іншая рэч — таталітарныя рэжымы. За любое неасьцярожнае слова на адрас Фідэля Кастра альбо Кім Чхен Іра можна трапіць у турму. Хоць суцэльныя ўсхваленьні, якія гучаць на іхны адрас унутры краінаў, зусім ня сьведчаць пра сапраўднае стаўленьне да іх у грамадзтве.

Цяпер — наконт асьвятленьня прэзыдэнцкіх выбараў у Літве. Дзіўна, што вы ўбачылі супярэчнасьць у тым, што мы паведамілі пра розныя ацэнкі выбарчай кампаніі. Гэта ёсьць адным з галоўных прынцыпаў нашай працы: падаваць разнастайныя, у тым ліку і процілеглыя пункты гледжаньня па ўсіх праблемах. Увогуле, спадар Сьцяпанаў, калі на нейкім радыё- ці тэлеканале чуваць толькі станоўчыя ацэнкі якой-небудзь выбарчай кампаніі, ці там толькі захапляюцца навакольнай сьветлай рэчаіснасьцю і мудрым кіраўніцтвам улады, я бы на вашым месцы адразу насьцярожыўся. І ўспомніў, што ўсё гэта ўжо было ў нядаўняй беларускай гісторыі.

Ліст ад Міхаіла Жукава з Баранавічаў. Слухач піша:

“Дзесяць год таму, напярэдадні першых у гісторыі Беларусі прэзыдэнцкіх выбараў, афіцыйныя мэдыі як маглі расхвальвалі Вячаслава Францавіча Кебіча. А ён з задавальненьнем глытаў гэтую хвальбу і ўжо, напэўна, бачыў сябе прэзыдэнтам. Але з трэскам праваліў тыя выбары. Штосьці падобнае адбываецца і сёньня, калі Аляксандар Рыгоравіч нацэльваецца на яшчэ адзін, ужо неканстытуцыйны, тэрмін свайго прэзыдэнцтва. З усіх бакоў расхвальваюць ягоныя так званыя “дасягненьні”. А праўдзівым галасам, якія аб’ектыўна распавядаюць пра сапраўднае становішча справаў у краіне, не даюць магчымасьці гаварыць. Аляксандар Рыгоравіч упарта не заўважае, што сёньня — гэта ўжо ня ўчора. Падобна, што Лукашэнку ўласьціва тое, што ў свой час загубіла Кебіча. Ну, што ж, да разьвязкі застаюцца толькі два гады”.

У Вячаслава Кебіча, спадар Жукаў, не было такой усеабдымнай улады, якую мае сёньня Аляксандар Лукашэнка. Кіраўнік ураду ў 1994 годзе меў шмат паўнамоцтваў, але фармальна ня ён узначальваў краіну. Магутным полюсам улады ў дзяржаве быў Вярхоўны Савет, які меў уласныя сродкі масавай інфармацыі. Ды і незалежныя мэдыі пачувалі сябе тады ў Беларусі зусім ня так, як цепер. І Вячаславу Кебічу тады даводзілася слухаць і чытаць пра сябе рознае, ня толькі прыемнае.

Віктар Добыш з Ваўкавыску піша:

“Апазыцыі не пашанцавала: апошнія гады прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі прыпалі на час эканамічнай стабілізацыі й пад’ёму. Прадпрыемствы працуюць і падвышаюць аб’ём прадукцыі, калгасы атрымалі рэкордны ўраджай збожжа, і Беларусь, напэўна, у хуткім часе стане буйным экспартэрам хлеба. У людзей істотна падвысіліся даходы: асабліва калі лічыць у цьвёрдай валюце. Расейскі рынак стаў паглынаць значна больш беларускіх тавараў. На гэтай хвалі большасьць людзей наўрад ці захоча рэзкіх зьменаў. Прагаласуй за апазыцыянэра — дзе гарантыя, што ня стане горш? Раптам гэтая апазыцыя, сапраўды, пачне зачыняць заводы ды раздаваць алігархам. А пры Лукашэнку справы наладжваюцца. Навошта шукаць прыгодаў на ўласную галаву?

Так што асьцярожны беларус, як заўсёды, прагаласуе за сініцу ў руцэ, а не за жорава ў небе. Гэта датычыць і выбараў у Палату прадстаўнікоў, і рэфэрэндуму аб новым прэзыдэнцкім тэрміне для Лукашэнкі”.

Большасьць людзей у Беларусі, спадар Добыш, не заўважылі таго, што вы называеце “істотным падвышэньнем даходаў”. Так, у пераліку на цьвёрдую валюту заробкі вырасьлі, але адначасова значна падвысіліся кошты на ўсе тавары, і асабліва — камунальныя тарыфы. Апроч таго, таго адносна высокага сярэдняга заробку, які абвешчаны афіцыйна, а гэта каля 170 даляраў — на многіх прамысловых прадпрыемствах і ў большасьці калгасаў ніколі ня бачылі й наўрад ці ўбачаць у блізкай пэрспэктыве.

На грамадзкія настроі, у тым ліку на стаўленьне да ўлады і жаданьне гэтую ўладу зьмяніць, уплываюць многія чыньнікі. Найбольш аб’ектыўна пра гэта могуць сьведчыць вынікі сацыялягічных апытаньняў. А яны зусім не пацьвярджаюць вашыя, спадар Добыш, высновы.

На заканчэньне назаву аўтараў самых цікавых лістоў, якія прагучалі ў аглядзе пошты “Свабоды” цягам мінулага месяца. У жніўні пераможцамі прызнаныя Тацяна Барэль з Асіповічаў (ліст пра тое, чаму моладзь ня хоча заставацца ў невялікіх гарадах і мястэчках, прагучаў 1 жніўня); Іван Баранкоў з Горадні — за расповед аб тым, як вясковая моладзь у пасьляваенныя гады ратавалася ад калгаснай рэчаіснасьці (агляд пошты 4 жніўня); Вольга Дземідовіч з Валожына — 22 жніўня прагучалі яе развагі пра абвешчанае ўладай спаборніцтва паміж алімпійцамі ды калгасьнікамі. Усе пераможцы будуць адзначаныя сувэнірамі з сымболікай Радыё Свабода.

Віншуем і запрашаем усіх слухачоў да ўдзелу ў нашым конкурсе на самы цікавы ліст на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG