Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 жніўня – Дзень незалежнасьці Малдовы


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 27 і 28 жніўня

27 жніўня ў 1820 годзе расейскі цар Аляксандар І падпісаў указ пра забарону дзейнасьці езуітаў у Расейскай імпэрыі. Для Беларусі гэта быў удар па ўсёй сыстэме асьветы, бо менавіта сябры “Таварыства Ісуса” засяродзілі ў сваіх руках усю сярэднюю і вышэйшую адукацыю на тэрыторыі краіны. Езуіцкія акадэміі і калегіюмы дзейнічалі ў нас больш за 200 гадоў, давалі якасную эўрапейскую адукацыю і выпусьцілі мноства вучоных, грамадзкіх дзеячоў і пісьменьнікаў.

27 жніўня ў 1937 годзе ў Курапатах органы НКВД расстралялі беларускіх археолягаў Сяргея Дубінскага, Аляксандра Каваленю і Аляксандра Ляўданскага. У памяць пра рэпрэсаваных навукоўцаў іхныя калегі-археолягі два гады таму ўсталявалі ў Курапатах адмысловы крыж.

У сьвеце сёньняшні дзень знакаміты тым, што 27 жніўня сьвяткуе сваю дзяржаўную незалежнасьць Рэспубліка Малдова і што ў гэты дзень у розныя гады нарадзіліся нямецкі філёзаф Георг Гегель, украінскі пісьменьнік Іван Франко і ягоны амэрыканскі калега Тэадор Драйзэр, а таксама славутая сваёй дабрачыннасьцю Маці Тэрэза, якая заснавала каталіцкі Ордэн міласэрнасьці і кіравала ім да апошніх дзён жыцьця.

Цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

28 жніўня ў Беларусі сьвяткуецца Прачыстая або Спажа – самае значнае сьвята ў канцы лета, цалкам прысьвечанае ўраджаю. “Сьвята Прачыста – поле ўрачыста”, казалі нашыя продкі.

28 жніўня 1929 году ў БССР быў праведзены “Дзень калектывізацыі”. Толькі за адзін гэты дзень у краіне было створана 143 калгасы. Эмісары кампартыі сьпяшаліся абвесьціць Беларусь зонай суцэльнай калектывізацыі, таму меркаваньне сялян пра абагульненьне іхняе прыватнае маёмасьці ня ўлічвалася. Сотні тысяч нязгодных гаспадароў паплаціліся за свае пратэсты свабодаю і жыцьцём, а сама калектывізацыя стала ўрэшце галоўнай партыйнай кампаніяй у часе масавых сталінскіх рэпрэсіяў.

Заўтра адзначыць свой дзень народзінаў вядомы беларускі паэт Генадзь Бураўкін. Ён прыйшоў на сьвет у 1936 годзе на Расоншчыне. Вучыўся ў БДУ, быў галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”, кіраўніком Беларускага тэлебачаньня і радыё, прадстаўніком Беларусі ў ААН.

Сярод іншых славутасьцяў, што нарадзіліся 28 жніўня ў розныя гады, згадаем сёньня Чарлза Ролса, стваральніка аўтамабільнай кампаніі “Ролс-Ройс”, і заснавальніка нямецкай літаратуры новага часу паэта Ёгана Вольфганга Гётэ.
XS
SM
MD
LG